Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 студзеня 75-гадовы юбілей мог бы адзначыць артыст, бард, кінаактор Уладзімер Высоцкі.

Ён не дажыў да сёньняшняга дня, сышоўшы ў лепшы сьвет у творчым росквіце, у 42 гады. Высоцкі стаў знакавай постацьцю яшчэ пры жыцьці, — насуперак намаганьням савецкай прапаганды. Апроч багатай песеннай спадчыны, Уладзімер Высоцкі пакінуў прыкметны сьлед у кінэматографе. І значная частка ягонага кінадосьведу наўпрост зьвязаная зь Беларусьсю.

Прапагандыстам Высоцкага ў Беларусі быў Тураў

Цягам паўтара дзясятка гадоў Уладзімер Высоцкі супрацоўнічаў зь беларускімі кінэматаграфістамі. Найбольш вядомыя стужкі зь ягоным удзелам — «Я родам зь дзяцінства» і «Вайна пад стрэхамі» рэжысэра Віктара Турава, «Саша-Сашанька» Віталя Чацьверыкова. Ён аўтар музыкі і песень да шэрагу фільмаў («Сыны ідуць у бой» і г. д.), а песьня «На брацкіх магілах ня ставяць крыжоў» стала ледзьве ня гімнам вайны ў яе рэальных праявах.

У 1979-м, роўна за год да сьмерці Высоцкага, у менскім Доме афіцэраў з аншлягам прайшлі трохтыднёвыя гастролі Тэатру на Таганцы (Высоцкага менчукі пабачылі ў спэктаклях «Гамлет», «10 дзён, якія ўскалыхнулі сьвет», «Добры чалавек з Сэзуану»).

Рэжысэр Валеры Панамароў на той час ужо знаў Высоцкага, зь якім «шапачна» пазнаёміўся на пляцоўках «Масфільму». А ўпершыню пра «зорку», якая зазьзяла на паўпадпольных канцэртах у Маскве, Панамароў даведаўся ў сярэдзіне 1960-х студэнтам Тэатральна-мастацкага інстытуту:

«Рыхтаваўся яго выступ у Політэхнічным інстытуце. А ў нас якраз інтэрнат побач з галоўным корпусам БПІ. На жаль, на канцэрт ня трапілі, бо тэатральны інстытут проста туды не пусьцілі. Потым было яшчэ некалькі выступаў. У Беларусі яго лепшым сябрам быў Віктар Тураў. У яго здымаўся, адна зь першых роляў была якраз у „Я родам зь дзяцінства“. І калі тут ужо пабываў, у здымачных групах (пэўна, дзякуючы таму ж Тураву) зьявіліся бабіны. Як толькі паўза на пляцоўцы, гукаапэратар у перапынку „ўрубаў“ Высоцкага. Усе балдзелі! Згадваю 1973 год, Наваполацак. Дабралюбаў здымае „Вуліцы без канца“. Хтосьці бегае і крычыць: „Нельга! Загадайце выключыць! Ён забаронены!“. А ні храна. Гукаапэратар уключае тонваген, на дах дынамік паставіць — да Полацку чуваць, ня тое што ў Наваполацку».

Кінаапэратар Дзьмітрый Зайцаў быў побач зь Віктарам Туравым на здымках практычна ўсіх карцінаў. І пацьвярджае, што Высоцкі з задавальненьнем бываў у Беларусі, перадусім каб сустрэцца з Туравым. На экзатычным, як на тыя часы, «Сітраэне» жонкі Высоцкага, Марыны Ўладзі, яны часта праносіліся празь Беларусь транзытам у Францыю.

У Парыж — празь Менск і Наваградак

Пра сумесныя прыгоды і шумныя адзначэньні тых сустрэчаў узгадваюць дагэтуль — з-за гэтага Высоцкі мусіў нават на распараджэньне кіраўніцтва Тэатру на Таганцы дачасна пакінуць Менск падчас гастроляў у 1979-м. Высоцкі і Тураў былі амаль аднагодкамі. Вось што расказваў Зайцаў Свабодзе ў 2008 годзе.

«Кожны раз, калі ён ехаў у Парыж ці куды за мяжу, заўсёды заяжджаў у Менск. Гэта апроч здымкаў, калі тут фактычна жыў. З Туравым яны ўвогуле былі неразлучныя, вялікія сябры. Ён песьні пісаў для „Пункту адліку“. І Марына Ўладзі таксама песьню для „Пункту...“ напісала. А ўвогуле, калі чалавек яшчэ жывы, людзі, можа, і не здагадваюцца, якая гэта асоба, і да яго ставіліся, як да іншых, хто хадзіў па калідорах студыі. Я яго ўжо чуў, ён быў у нас на „Альпійскай балядзе“ на практыцы, песьню „На нэўтральнай паласе“ мы ставілі на ўсе карцінкі горных лугавінаў. Але ўспамін пра першае знаёмства — Адэса, 1967 год. Мы выбіралі натуру і трапілі з Марухіным на пікнік на беразе мора. І вось калі падыходзілі, ён сьпяваў — такі хрыплы голас, такое гадкае выкананьне! Я ня вытрымаў ды і кажу: „Што гэта за [***] тут разрываецца?“ Ён ужо быў „паддаты“, але тым ня меней...»

І хоць Высоцкі ў Беларусі бываў пераважна з вытворчых патрэбаў, ён не цураўся падкрэсьліваць: ягоныя продкі паходзяць зь Мяшчанскай слабады ў Маскве, ад XVII стагодзьдзя заселенай беларусамі (меркаваў, што карані — на Палесьсі). А вось беларуская прывязка ягонай жонкі Марыны Ўладзі больш рэальная: у часе транзыту празь Беларусь яны заяжджалі на Наваградчыну, на радзіму яе бацькі.



А па руінах наваградзкага замка іх вадзіў вядомы гісторык і археоляг Міхась Ткачоў. І менавіта на Гарадзеншчыне, як расказваў у 2008 годзе Дзьмітрый Зайцаў, Тураў арганізаваў для сяброў «мядовы месяц»:

«Яны трапілі на возера Сьвіцязь. Нейкі час там правялі, потым расказвалі шмат гісторыяў пра іх з Марынай Уладзі. Як звычайна бывае, да іх там „падкочваліся“ розныя элемэнты, з рознымі мэтамі. І калі потым ім казалі, што гэта Высоцкі — дык ніхто ня мог паверыць. Маўляў, адкуль тут Высоцкі? Бо вобразы, убачаныя з экрану, і чалавек у жыцьці — яны бываюць несумяшчальныя. Прынамсі, так здаецца людзям. Але там рознага хапала, тады Валодзя яшчэ і выпіваў моцна... А тое, што яны з Марынай там адпачывалі — дык гэта факт. Практычна Тураў зрабіў ім на Сьвіцязі такі своеасаблівы мядовы месяц».

Падчас працы над дылёгіяй «Сыны ідуць у бой» і «Вайна пад стрэхамі» Уладзімер Высоцкі шмат кантактаваў з Алесем Адамовічам, па творах якога і ставіліся гэтыя фільмы. І калі ў «Сынах...» Высоцкі гучыць, то ў «Вайне...» ягоны голас цэнзура «зарэзала».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG