Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Высоцкі быў нязручны — і для ўладаў, і для перакладу»


Уладзімер Высоцкі

Уладзімер Высоцкі

Тэксты Высоцкага застаюцца актуальнымі для сучаснай Беларусі, як былі актуальныя ў СССР часоў застою, мяркуе перакладчык твораў савецкага барда на беларускую мову.

У Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі вершаў Уладзімера Высоцкага «Пра жыцьцё, пра волю, пра сябе...» у перакладах Міхася Булавацкага.

У кнігу ўвайшлі і сур’ёзныя творы, такія як «Кони привередливые» ці «Я несла свою беду», і жартаўлівыя, напрыклад «Весёлая покойницкая».

Перакладчык Міхась Булавацкі распавёў Свабодзе, чым Уладзімер Высоцкі зьвязаны зь Беларусьсю і чаму варты быць перакладзеным на беларускую мову:

Міхась Булавацкі

Міхась Булавацкі

«Высоцкі праяжджаў празь Беларусь, калі езьдзіў з Марынай Уладзі ў Парыж. Але ён часта бываў у Беларусі і зь іншай прычыны — таму што здымаўся тут у фільмах Віктара Турава. Напрыклад, Высоцкі быў у Магілёве зь Віктарам Туравым. А фільмы зь яго ўдзелам здымаліся каля Наваградку. Да 70-годзьдзя барда, дарэчы, у Наваградку паставілі бюст Высоцкага — праўда, адкрыцьцё было вельмі сьціплае, без журналістаў. Улады не хацелі рабіць гучнае мерапрыемства, а варта было б, таму што асоба Высоцкага вельмі прыкметная. У Берасьці, дзе калісьці жыў дзед Уладзімера Высоцкага, у канцы 2015 году прайшоў Міжнародны бард-форум імя Высоцкага, а ў гатэлі „Буг“ адчынілі музэйны пакой сьпевака. Таму я лічу, што мясьцінаў, зьвязаных з Уладзімерам Высоцкім, у Беларусі шмат і ён цікавы для нас чалавек».

Міхась Булавацкі адзначае, што тэксты Высоцкага застаюцца актуальнымі для Беларусі, як былі актуальныя ў СССР часоў застою:

Цяпер Беларусь — самая закаранелая частка СССР. Таму ў сучаснай Беларусі песьні Высоцкага актуальныя як нідзе і ніколі.

«Песьні Высоцкага былі вельмі актуальныя ў Савецкім Саюзе. Менавіта з-за гэтых песень яго не любілі ўлады. Высоцкага не паказвалі па тэлебачаньні, ён не гучаў па радыё, дый у фільмы стараліся яго не пускаць, хоць гэта і ня вельмі атрымлівалася. Але Высоцкага добра ведалі праз магнітафонныя запісы. Няякасныя, самаробныя, але яны давалі магчымасьць пашыраць яго творчасьць. Цяпер Беларусь — самая закаранелая частка СССР. Таму ў сучаснай Беларусі песьні Высоцкага актуальныя як нідзе і ніколі».

Перакладчык узгадвае, як раскупляліся квіткі на канцэрт Высоцкага, які прайшоў у Менску ў 1979 годзе:

«У часы СССР у Беларусі Высоцкі быў надзвычай папулярны. Білеты на канцэрт, які прайшоў за год да яго сьмерці, у 1979 годзе, разыходзіліся імгненна. А старшыню таварыства кнігалюбаў праектнага інстытуту Льва Лісіцу судовымі органамі БССР асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі — за арганізацыю канцэрту. Цяпер, безумоўна, хваля папулярнасьці Высоцкага спала — таму што ён больш не забаронены, слухай колькі хочаш. Але ўсё адно — і постаць Высоцкага, і яго творчасьць карыстаюцца вялікай увагай».

У прэзэнтацыі кнігі возьме ўдзел бард Зьміцер Бартосік, які прасьпявае некалькі песень Высоцкага ў перакладзе Міхася Булавацкага.

Зьміцер Бартосік адзначыў, што пераклад вершаў Высоцкага ўзбагаціць беларускую мову — у сваёй творчасьці сьпявак выкарыстоўвае нечаканыя жарганізмы, прастамоўе і вулічную лексыку:

Зьміцер Бартосік

Зьміцер Бартосік

«Я ня ведаю, ці дадае пераклад на беларускую мову нешта паэзіі Высоцкага. Але гэта вельмі нямала дадае самой беларускай мове. Высоцкі — вельмі нязручны і паэт, і сьпявак. Для перакладчыка ён вельмі цяжкі аўтар. Таму што так, як працаваў з расейскай мовай Высоцкі, рэдка хто працаваў. У яго вельмі шмат жарганізмаў, вулічнай простанароднай лексыкі. Пры гэтым ён так па-майстэрску ёй жангліруе. Зразумела, што для перакладчыка гэта вельмі цяжка. Але і цікава. У той жа час цікава і назіраць за тым, як з гэтай задачай спраўляецца перакладчык. А рамантычныя песьні рыцарскага цыклю Высоцкага ніколі ня будуць лішнімі ў ніводнай культуры — ні ў латыскай, ні ў польскай, ні тым больш у беларускай. У гэтых песьнях вядзецца гаворка пра паўстаньне, пра рыцарскія баі».

Прэзэнтацыя кнігі «Пра жыцьцё, пра волю, пра сябе...» пройдзе 4 лютага а 19-й у Кнігарні «логвінаЎ» (пр. Незалежнасьці, 37а).

Адзін зь вершаў Уладзімера Высоцкага ў перакладзе Міхася Булавацкага:

Кони привередливые


Вдоль обрыва, по-над пропастью, по самому по краю
Я коней своих нагайкою стегаю, погоняю...
Что-то воздуху мне мало — ветер пью, туман глотаю!
Чую с гибельным восторгом: пропадаю, пропадаю!

Чуть помедленнее, кони! Чуть помедленнее!
Вы тугую не слушайте плеть!
Но что-то кони мне попались привередливые —
И дожить не успел, и допеть не успеть...
Я коней напою, я куплет допою —
Хоть мгновенье ещё постою на краю...

Сгину я — меня пушинкой ураган сметёт с ладони.
И в санях меня галопом повлекут по снегу утром.
Вы на шаг неторопливый перейдите, мои кони!
Хоть немного, но продлите путь к последнему приюту!

Чуть помедленнее, кони! Чуть помедленнее!
Не указчики вам кнут и плеть!
Но что-то кони мне попались привередливые —
И дожить не успел, мне допеть не успеть...
Я коней напою, я куплет допою —
Хоть мгновенье ещё постою на краю...

Мы успели. В гости к Богу не бывает опозданий.
Что ж там ангелы поют такими злыми голосами?
Или это колокольчик весь зашёлся от рыданий?
Или я кричу коням, чтоб не несли так быстро сани?!

Чуть помедленнее, кони! Чуть помедленнее!
Умоляю вас вскачь не лететь!
Но что-то кони мне
попались привередливые...
Коль дожить не успел, так хотя бы — допеть!
Я коней напою, я куплет допою —
Хоть мгновенье ещё постою на краю...

1972

Коні наравістыя


Побач зь ярам, па-над безданьню, ля самага ля краю
Пугай коней я сваіх усё сьцябаю, падганяю...
Нешта мне паветра мала — вецер п’ю, туман глытаю!
Чую з гіблым захапленьнем: прападаю! прападаю!

Не сьпяшайце, мае коні! Хоць са сьвістам я
Пугай б’ю!.. Ой, ня трэба ляцець!
Але ж патрапілі мне коні наравістыя —
І дажыць не пасьпеў, і дапець не пасьпець.
Коней я напаю. І куплет дапяю, —
Хоць імгненьне яшчэ на краі пастаю...

Згіну я — мяне пушынкай ураган зьмяце з далоні,
І галёпам мяне ў санях павязуць па сьнезе ўранку.
Вы хадою нетаропкай рушце далей, мае коні!
Хоць крыху падоўжце шлях мой да апошняга прыстанку...

Памарудзьце, коні шпаркія, агністыя!
Хай бізун будзе марна трымцець!
Ды вось патрапілі мне коні наравістыя —
І дажыць не пасьпеў, і дапець не пасьпець.
Коней я напаю. І куплет дапяю, —
Хоць імгненьне яшчэ на краі пастаю...

Я пасьпеў. Да Бога ў госьці не спазьняюцца ніколі.
Што ж анёлы там пяюць такімі злымі галасамі?!
Ці званочак так заліў сваім рыданьнем навакольле,
Ці то коням я крычу, каб не так хутка несьлі сані?!

Не сьпяшайце, мае коні — ветры шквальныя!
Я малю вас наўскач не ляцець!
Ды толькі коні ж у мяне неўтаймавальныя...
Раз дажыць не пасьпеў, дык хаця б як — дапець!
Коней я напаю і куплет дапяю, —
Хоць імгненьне яшчэ на краі пастаю...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG