Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка робіць стаўку на старыя кадры?


Адміністрацыя прэзыдэнта

Адміністрацыя прэзыдэнта

Прызначэньне на высокія пасады Пятра Пракаповіча і Віктара Шэймана выклікала нэгатыўны рэзананс сярод грамадзкасьці. Чаму ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі даўно не зьяўляюцца новыя асобы? Якімі крытэрыямі ён кіруецца пры вылучэньні на высокія пасады? Ці варта чакаць нейкіх зьменаў у палітыцы ў зьвязку з гэтымі прызначэньнямі?

Удзельнікі: старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб і шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько.

Чаму ў атачэньні Лукашэнкі даўно не зьяўляюцца новыя асобы?


Валер Карбалевіч: «Прызначэньне Пракаповіча віце-прэм’ерам і Шэймана кіраўніком справамі прэзыдэнцкай адміністрацыі бурліва абмяркоўваюцца на сайтах незалежных мэдый. Сэнс рэакцыі прыклада такі: „Кругаварот Шэймана ў прыродзе“. Адныя і тыя ж зашмальцаваныя карты тасуюцца, новыя людзі ў вышэйшым кіраўніцтве апошнім часам не зьяўляюцца. Можна ўзгадаць таксама прызначэньне Макея міністрам замежных спраў і Кабякова — кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта. Што гэта азначае?»

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

Андрэй Дынько

Андрэй Дынько

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Мечыслаў Грыб: «Я згодзен з тымі ацэнкамі, што ў цяперашняй улады няма моцнага і кваліфікаванага рэзэрву кадраў. Пятра Пракаповіча і Віктара Шэймана я нядрэнна ведаю, бо працаваў зь імі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Яны таксама, як і я, былі дэпутатамі. Нічым асаблівым яны не выдзяляліся. Таксама не былі блізкімі да Лукашэнкі. Праўда, Шэйман уваходзіў у антыкарупцыйную камісію, якую узначальваў Лукашэнка, і там яны шчыльна супрацоўнічалі. Цяпер прэзыдэнт ім давярае».

Андрэй Дынько: «Няма нічога незвычайнага ў тым, што на высокія пасады прызначаюць людзей старэйшага ўзросту. Такое адбываецца і ў эўрапейскіх краінах. Дарэчы, Шэйман зусім не стары, ён маладзейшы ад Лукашэнкі на чатыры гады. Адрозьненьне Беларусі ў тым, што ў нас няма маладых людзей на высокіх пасадах. У эўрапейскіх краінах можна сустрэць ва ўрадзе побач з 75-гадовымі палітыкамі 30-гадовых міністраў. У нас самым маладым міністрам быў Латушка, якому было 40 гадоў. А цяпер і яго няма на пасадзе міністра. У Беларусі сярэдні урадавы кіраўнік — чалавек 60 гадоў.

Гэта азначае, што Лукашэнка асьцерагаецца маладых кадраў, якіх ён не назіраў у нефармальнай сытуацыі. Ён робіць стаўку на даўно знаёмых людзей, ад якіх ён ведае, што чакаць, якія маюць свае плянкі росту ў сілу тых ці іншых прычын. Лукашэнка баіцца, што малады чыноўнік можа вырасьці ў самастойнага і моцнага палітыка».

Навошта Прапаковіч?


Карбалевіч: «Праблема прызначэньня Пракаповіча нават ня ў тым, што 70-гадовы чалавек павінен адказваць за новы праект мадэрнізацыі. Пытаньне ў тым, што Пракаповіч зьяўляецца сымбалем дэвальвацыі і краху фінансавага рынку ў 2011 годзе. Зьяўленьне такога непапулярнага ў народзе дзеяча на высокай пасадзе шкодзіць самаму Лукашэнку. Ён гэтага не разумее?»

Грыб: «Думаю, за шмат гадоў знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта Лукашэнка адарваўся ад рэчаіснасьці. Ён яе ацэньвае па зьвестках ад атачэньня, а яно робіць гэта не зусім сумленна.

Згодзен, што сапраўды праблема Пракаповіча не ва ўзросьце. Ёсьць людзі і сталага веку, але працаздольныя. Але Пракаповіч ня мае неабходнай адукацыі і падрыхтоўкі. Ён будаўнік па прафэсіі. А ад яго патрабуюць кіраваць мадэрнізацыяй прамысловасьці.

А галоўным адказным за фінансавы крызіс 2011 году зьяўляецца сам Лукашэнка. Бо той жа Пракаповіч толькі выконваў загады прэзыдэнта. Але менавіта ён узяў на сябе адказнасьць за крызіс. Думаю, Лукашэнка гэтага не забыў. І калі Пракаповіч трохі ачуняў ад хваробы, прэзыдэнт прызначыў яго спачатку памочнікам, а цяпер — віцэ-прэм’ерам».
Непапулярны Пракаповіч прызначаны выконваць непапулярную работу

Дынько: «Справа ў тым, што непапулярны Пракаповіч прызначаны выконваць непапулярную работу. На сваёй пасадзе ён павінен будзе займацца скарачэньнем дзяржаўных расходаў. Такога старога палітыка потым можна будзе лёгка зьняць з пасады.

А за тую дэвальвацыю адзін чалавек панёс адказнасьць, хоць і мяккую. Маю на ўвазе памочніка прэзыдэнта па эканоміцы Ткачова. Ён быў хоць і не адразу, але зьняты, і новай пасады не атрымаў. Ён быў вызначаны вінаватым за напампоўваньне эканомікі пустымі грашыма. А Пракаповіч на пасадзе кіраўніка Нацбанку ня меў ніякай самастойнасьці. Ён толькі выконваў загады прэзыдэнцкай адміністрацыі».

Чаму прызначаны Шэйман?


Карбалевіч: «Вяртаньне Шэймана на пасаду кіраўніка справамі прэзыдэнцкай адміністрацыі можна разглядаць як павышэньне з статусу памочніка прэзыдэнта. А можна ацэньваць і як паніжэньне, бо раней ён займаў больш высокія пасады. Лукашэнка нікому больш не давярае?»

Грыб: «У кадравай палітыцы галоўным прынцыпам зьяўляецца асабістая адданасьць, ляяльнасьць да Лукашэнкі. Прафэсіяналізм адыходзіць на другі ці трэці плян.
У кадравай палітыцы галоўным прынцыпам зьяўляецца асабістая адданасьць Лукашэнку

Шэйман зарэкамэндаваў сябе за шмат гадоў вельмі адданым Лукашэнку. Можна ўзгадаць, што яшчэ падчас „Лёзьненьскага замаху“ на кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнку ў 1994 годзе Шэйман сядзеў у аўтамабілі побач зь ім.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што прызначэньне Шэймана адбылося неяк спантанна. Тыдзень таму ён быў прызначаны памочнікам прэзыдэнта, а вось цяпер Лукашэнка перадумаў і даў яму новую пасаду».

Дынько: «Прызначэньне Шэймана на пасаду прэзыдэнцкага „заўхоза“ неардынарнае. Бо кіраўніцтва справамі прэзыдэнта — гэта невялікая бізнэс-імпэрыя. Там увесь час адбываліся карупцыйныя скандалы. Самым вядомым была судовая справа Галіны Жураўковай. З скандалам разьвіталіся зь Ціцянковым.

І Шэймана, як чалавека надзейнага, пасылаюць туды, каб ён вычысьціў гэтыя аўгіевыя стайні. Бо на сваіх мінулых пасадах ён паказваў здольнасьць да сыстэмных перамен. Скажам, калі яго паставілі на чале Генэральнай пракуратуры (зь іншымі мэтамі, пра якія цяпер ня будзем узгадваць), то ён зьмяніў там структуру, характар адносін, унутраную атмасфэру.

І яшчэ. Цяпер у нас шмат кажуць пра новую прыватызацыю. Магчыма, прызначэньне Шэймана — гэта кадравая падрыхтоўка да перадзелу маёмасьці».

Карбалевіч: «Ужо 18 гадоў усе чакаюць, калі надыдзе тая намэнклятурная прыватызацыя. А яна ўсё ніяк не надыходзіць. Магчыма, гэта ілюзія, што пры дзейным рэжыме рэальная масавая прыватызацыя?».

Грыб: «Яна пакрыху ідзе. Нехта, нешта прыхоплівае. Але масавай прыватызацыі Лукашэнка баіцца. Бо за маёмасьцю стаіць улада. А гэта для яго галоўнае».

Дынько: «Намэнклятура можа атрымліваць прыбытак не абавязкова ад прыватызаваных прадпрыемстваў, але і ад дзяржаўных прадпрыемстваў».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG