Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Першы намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Мікалай Лузгін заявіў, што Нацыянальны банк ня будзе публікаваць ці абвяшчаць афіцыйныя прагнозы курсу беларускага рубля. Чаму прадстаўнікі Нацбанку адмаўляюцца прагназаваць велічыню курсу нацыянальнай валюты? Як уплывае новае прызначэньне Пятра Пракаповіча на дэвальвацыйныя чаканьні? На гэтыя пытаньні адказвае фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Цыганкоў: «Здаецца, прадстаўнікі Нацбанку ўпершыню адмаўляюцца прагназаваць курс беларускага рубля на найбліжэйшую пэрспэктыву. Ці азначае гэта нейкія кардынальныя зьмены ў валютнай і фінансавай палітыцы?»

Чалы: «Вядома, не. Гэта на самой справе паўтарэньне таго, што Нацбанк казаў раней. Яны лішні раз пацьвердзілі, што іхняя цяперашняя палітыка — гэта не вызначэньне нейкіх канкрэтных лічбаў. Курс будзе вызначацца рынкам, больш за тое, сёлета яны нават плянуюць паменшыць свой удзел у фармаваньні курсу рубля.

А што сапраўды ёсьць новае — гэта кантэкст, у якім прагучала гэтая фраза. Бо зараз яны ўпершыню сказалі, што ня здольныя прадбачыць гэты курс нават на бліжэйшы час. І гэта, відавочна, ківок у бок Саўміну».

Цыганкоў: «Напэўна, калі вы кажаце пра кантэкст, вы маеце на ўвазе апошняе прызначэньне Пятра Пракаповіча?»

Чалы: «Безумоўна. Канечне, размова ідзе пра тое, што ў Нацбанку ёсьць толькі пэўны абмежаваны набор інструмэнтаў, якімі ён можа карыстацца, і толькі ў гэтых межах ён можа дзейнічаць. Таму, калі зьменіцца бюджэтная палітыка, то Нацбанку давядзецца толькі канстатаваць тое, што будзе адбывацца з курсам.

Таму гэтая фраза прагучала ў такім сэнсе: «мы палітыку сваю не мяняем, але, калі што, то мы ўмываем рукі».

Цыганкоў: «Цікава тое, што Нацбанк зыходзіць з прагнозу інфляцыі сёлета 10-12 працэнтаў. Ці здаецца гэты прагноз надта аптымістычным? Бо толькі за 2 тыдні студзеня інфляцыя склала ўжо 1,9 працэнта. Такімі тэмпамі — гэта 4 працэнты ў месяц, звыш 50 працэнтаў гадавых».

Чалы: «Якраз інфляцыя — той паказьнік, зь якім Нацбанк можа справіцца, калі ставіць за мэту толькі яго. Аднак гэта можа быць дасягнута цаной аслабленьня эканамічнага росту і зьніжэньня эканамічнай актыўнасьці. Справа ў тым, як гэтыя розныя задачы збалянсаваць.

Таму ў заявах Нацбанку ёсьць двайны мэсідж. З аднаго боку, ён папярэдзіў Саўмін ад нейкіх неабачлівых крокаў і сказаў, што ўмешвацца ў курс ня будзе. Зь іншага боку, Нацбанк кажа, што калі ў выніку палітыку ўраду будзе раскручвацца інфляцыя, то ў Нацбанку ёсьць усе інструмэнты, каб з інфляцыяй справіцца, але гэта будзе ня вельмі прыемна для плянаў Саўміну».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG