Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аліневіч: Калі-небудзь у «амэрыканцы» будзе музэй


СІЗА КДБ
СІЗА КДБ

Паводле адной з вэрсіяў, сваёй мянушкай «амэрыканка» СІЗА КДБ абавязаная амэрыканскаму праекту. Паводле другой — таму, што плян турмы нагадвае разьметку на стале рулеткі, а адзін з варыянтаў гэтай гульні завецца «амэрыканкай»

Пасьля суду і шасьці месяцаў утрыманьня ў СІЗА КДБ, асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі анархіст Ігар Аліневіч у чаканьні этапу на «Валадарку», а потым у Наваполацкую калёнію, напісаў у сваім дзёньніку:

«Збылося. Разьвітваюся з сукамэрнікамі, кешэр-шмон, фармальныя працэдуры. Вядуць да бусіка. Абарочваюся, аглядваю гэтае месца, наскрозь прасякнутае пакутамі, горам, адчаем. „Амэрыканка“… Калі-небудзь тут будзе музэй»

Пра мару Ігара Аліневіча ды іншых вязьняў, якія прайшлі гэты сьледчы ізалятар, у нашай далейшай праграме.


«Калі міліцыянтам даюць дабро на далейшы гвалт»


Цяпер жа да падзеі, якая, мяркуючы па допісах у нашу праграму, на гэтым тыдні найбольш абмяркоўвалася сярод асуджаных беларускіх папраўчых устаноў. Размова ідзе пра прэсавую канфэрэнцыю кіраўніка беларускай дзяржавы…

Паводле асуджанага Дзяніса, сядзельцы зь яго атраду паглядзелі прэс-канфэрэнцыю «ад» і «да».

«Асаблівыя спрэчкі разгарэліся вакол пытаньняў, якія задаў журналіст вашага радыё Алесь Дашчынскі. Ня ўсе, на жаль, зразумелі іх сэнс. Некаторыя казалі, што карэспандэнт спытаў абы-што. У сваю чаргу, разумнейшыя патлумачылі няцямлівым, што такія глыбокія пытаньні чалавеку, які ўвесь час хлусіць, можа задаць толькі „Свабода“. Рэспэкт Алесю Дашчынскаму, прывітаньне іншым журналістам „Свабоды“ ды незалежных СМІ».

Яшчэ адзін момант, які, паводле словаў Дзяніса, не пакінуў абыякавымі тэлегледачоў-арыштантаў. Гэта адказ прэзыдэнта на пытаньне БелаПАН.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:00 0:00
Наўпроставы лінк

«Па-першае, уся размова з журналісткай вялася агрэсіўна. Па-другое, паслухаўшы прэзыдэнта, сілавікі бачаць у гэтым чарговае „дабро“ на гвалт ды катаваньні. Яны цяпер будуць, праўда, ня проста жорстка зьбіваць грамадзянаў, да чаго прызвычаіліся, але пры гэтым гаварыць; мы, маўляў, міралюбныя і добрыя, але да такіх вось, як вы, так ставіцца можна. І пры чым тут закон?»

«Пачуцьцё страху ўзьнікае практычна ў кожнага»


Як адзначае ў сваёй кнізе пра выжываньне за кратамі былы вязень сумленьня, мэдык-дасьледчык Юры Бандажэўскі, «псыхалягічны стрэс, абумоўлены турэмным зьняволеньнем, выклікае зьмены ў жыцьцёва важных сыстэмах арганізму. Сытуацыя пагаршаецца ў выніку выкарыстаньня турэмнікамі фізычных ды псыхічных катаваньняў. Варыянтаў такіх прыёмаў вялікае мноства. Многія ўжо агучваліся некаторымі нашымі палітычнымі ды іншымі зьняволенымі».

Паводле прафэсара, такія сьведчаньні вельмі добры дапаможнік для адмыслоўцаў, якія заклапочаныя тэмай здароўя чалавека за кратамі

Юры Бандажэўскі піша пра пачуцьцё страху, што ўзьнікае практычна ў кожнага чалавека, які ўпершыню сутыкнуўся з сытуацыяй пазбаўленьня волі. Каб перамагчы гэты стан, прафэсар прапануе некалькі псыхатэхнік.

…Пра страх, які штодня наганялі на вязьняў КДБ «людзі ў масках», распавядае ў сваім турэмным дзёньніку «Еду ў Магадан» анархіст Ігар Аліневіч. Ён правёў у «амэрыканцы», бадай, самы доўгі сярод палітвязьняў апошняй хвалі тэрмін — 6 месяцаў. Ігар адзначае, што ў той сытуацыі даць сабе рады дапамагала «фізо» — фізычныя практыкаваньні, а яшчэ — салідарнасьць паміж сукамэрнікамі. Фрагмэнты зь Ігаравага дзёньніка былі апублікаваныя на некаторых беларускіх сайтах. А вось урыўкі, якія маці палітвязьня Валянціна Аліневіч перадала нашай праграме.

«Напачатку мы зусім не надавалі значэньня зьяўленьню аховы ў штурмавых масках. Мы ня ведалі, што азначае ўвод спэцназу ў турму… Тады на выраз „мордой в пол!“ мы яшчэ агрызаліся…»

«…Але вось пачалося… Равуць, камандуюць: „Сабраць рэчы!“, „Жыва!“, „Што незразумелага?!!“, „Жывей“, „Я сказаў!!!“, „БЯГОООООМ!!!!…“ Па лесьвіцах, калідорах… Заганяюць у дурхату ў склепе (гэта — абабітая гумай і дэрматынам камэра для ўціхамірваньня буяных). Зноў шмон. Ставяць на расьцяжку…. Збор шмотак, ледзь пасьпяваеш адзявацца, матрац пад паху і бягом па калідоры на лесьвіцу, якая вядзе ў цэнтар нашага так званага нэакалізэю… На фінішы стаіць карнік і гарланіць: „Занадта павольна, назад“».

У сваім дзёньніку Ігар Аліневіч не саромецца распавесьці, як часам страх літаральна агортваў яго і таварышаў па камэры.
Падносяць да твару ўключаны шокер. Страшна, але толькі мацней сьціскаю зубы…

«Каманда — нахіліць галаву. Адмова… Рэзкі ўдар па нагах, падаю як падкошаны на калені і локці… Ставяць на вельмі жорсткую расьцяжку, упёршы галавой у сьцяну. Расьцягваюць ногі берцамі, на галёнцы падэшвай ірвуць скуру. Б’юць пад дых, туды-сюды, але болю ўжо не адчуваю. У крыві ільвіная доля адрэналіну. Падносяць да твару ўключаны шокер. Страшна, але толькі мацней сьціскаю зубы…»

«Часам ад таго, як равуць маскі, зьдзекуючыся з кагосьці з арыштантаў, нібыта прабірае холадам… Жахліва… ды якое жахліва?! Жах настолькі пракрадаецца ў кожны атам цела і розуму, што парой у камэры сядзім моўчкі, баючыся сказаць хоць слова… Сытуацыя падышла да рысы, пераступіўшы якую, паважаць сябе ўжо немагчыма. Яшчэ адзін крок, і тады што заўгодна стане магчымым. Прыходзіць дакладнае разуменьне: такога і блізка дапускаць нельга. Катэгарычна, ад самага пачатку, калі проста патрабуюць зьбіраць рэчы, трэба ісьці ў адмову».


«Расстрэльную камэру да 1998 лічылі кухняй»


А цяпер пра музэй-мару Ігара Аліневіча да іншых сядзельцаў «амэрыканкі». Такія музэі ўжо ёсьць у некаторых усходнеэўрапейскіх краінах.

Іна Студзінская наведала першы і пакуль адзіны музэй КДБ на постсавецкай прасторы, Знаходзіцца ён у Вільні, на вуліцы Ахвяраў, і, паводле дасьведчаных людзей, месцамі вельмі нагадвае менскую «амэрыканку».

Сам будынак быў узьведзены ў 1899 годзе як Палац правасудзьдзя Віленскай губэрні. Пазьней тут месьціліся рэвалюцыйны трыбунал Літоўскай Савецкай Рэспублікі, польскі суд, управа НКУС, гестапа, а з 1940 да 1991 году — унутраная турма КДБ. Дзесяць гадоў таму тут упершыню сталі ладзіцца экскурсіі.

Музэйная экспазыцыя — гэта 19 камэр, карцэр на 3 квадратныя мэтры, водны карцэр, тры камэры катаваньняў, расстрэльная камэра, кабінэт праслухоўваньня, турэмная бібліятэка. Астатнія камэры былой турмы адведзеныя пад архіў. У ім 220 тысяч тамоў. Аднак, як мяркуе супрацоўнік музэю Робэртас Падвайскас, важныя і патрэбныя дакумэнты сюды наўрад ці калі перададуць, «бо спэцслужбы гуляюць паводле сваіх правілаў, сваіх яны не здаюць і ніколі не здадуць».

Вельмі моцнае ўражаньне пакідае так званая «расстрэльная камэра». Доўгі час думалі, што гэта кухня, бо такая на ёй вісела шыльда. Толькі ў 1998 годзе вызначылі, што сутарэньне служыла дзеля іншых мэтаў.

Падвайскас: «У цэнтры гэтай камэры — паглыбленьне, каб кроў сьцякала. На сьценах — сьляды ад куляў. Сьцены былі драўляныя, каб не было рыкашэту. Паводле нашых дадзеных, тут было зьнішчана 1037 чалавек. Вядома, гэтыя зьвесткі няпоўныя. У 1963 годзе быў расстраляны апошні палітычны. Зноў жа — паводле нашых дадзеных. А дакумэнтаў няма».

Звычайныя арыштанцкія камэры — маленькія, цёмныя, з аблупленай фарбай, з драўлянымі шконкамі. Усё засталося, як і было:

«У такой камэры ўтрымлівалася 10–12 чалавек. Мэблі не было. Уначы вядуцца допыты, але пад раніцу ўсіх вяртаюць. А ўдзень забаронена спаць. У прыбіральню выводзілі адзін раз на дзень. У куце — параша, гэта ўжо 1960-х гадоў. Праўда, у 1970-х гадах у прыбіральню дазвалялі 2 разы на дзень выводзіць».

Акрамя проста карцэраў ёсьць так званы водны. У ім — пасярэдзіне мэталічны дыск дыямэтрам 30 сантымэтраў. Пад дыскам налівалася вада, і рух чалавека быў абмежаваны. Калі чалавек засынаў і траціў раўнавагу, ён падаў у ваду, Такім чынам арыштанта пазбаўлялі сну…

«300 грамаў хлеба і паўлітра вады — дзённы рацыён, — працягвае Робэртас Падвайскас. — Прычым чалавек сюды мог трапіць у такі карцэр не за правіннасьць, а за тое, што не выдаваў сяброў, не здаваў інфармацыю сьледчым. Колькі ўсяго вязьняў прайшло празь віленскую турму КДБ — дакладна невядома. Толькі сьвятароў тут сядзела 364 — і ксяндзы, і папы, і рабіны. Некаторых тут жа на месцы і зьнішчалі».

Апошняя палітзьняволеная Ніёле Садунайце выйшла на свабоду з турмы КДБ у 1987 годзе. Потым да 1991 году ў турме КДБ утрымлівалі звычайных крымінальнікаў. Цяпер адмысловай турмы КДБ, як КДБ увогуле ў Літве няма. Ёсьць ДДБ — Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі

Паводле Робэртаса Падвайскаса, адрозна ад беларускага КДБ літоўскі ДДБ «праводзіць працу супраць людзей, якія спрабуюць скрасьці інфармацыю, іншымі словамі, шпіёнаў» :

«А такіх турмаў, — адзначае ён, — як гэтая, ужо няма — і, я спадзяюся, ужо ня будзе. Калі чалавек арыштаваны, да прыкладу, за шпіянаж, ён утрымліваецца ў звычайнай турме для крымінальных злачынцаў».

Час ад часу экскурсіі водзяць і былыя літоўскія палітвязьні. Некаторыя правялі ў тутэйшай турме доўгія месяцы і прайшлі ўсе віды катаваньняў. Ці трэба выключаць, што беларуская «амэрыканка» мела падобныя напрамкі ў працы, улічваючы, што ў часы СССР існавала цесная каапэрацыя паміж чэкістамі саюзных рэспублік?


«У музэй „амэрыканкі“ я б перадаў лісты»


Калі Ігар Аліневіч у сваім дзёньніку параўноўвае «амэрыканку» з гібрыдам супрацьядзернага бункеру і Калізэю, то іншаму арыштанту «амэрыканкі» апошняй хвалі Алесю Кіркевічу будынак СІЗА КДБ з-за яго круглай формы нагадвае цырк. Гэта абсалютна нетыповая для беларускіх вязьніцаў форма. Ёсьць зьвесткі, што ўнутраная турма НКУС БССР зьявілася ў Менску ў 1920-1930 гады. Паводле адной з вэрсіяў, сваёй мянушкай «амэрыканка» — СІЗА КДБ абавязаная амэрыканскаму праекту. Паводле другой — таму, што плян турмы нагадвае разьметку на стале рулеткі, а адзін з варыянтаў гэтай гульні завецца «амэрыканкай».

Алесь Кіркевіч сядзеў у «амэрыканцы» зімой-вясной 2011, Ня так даўно ён наведаў віленскі мэмарыял. На просьбу нашай праграмы ён спрабуе параўнаць абедзьве турмы, а таксама малюе схэму менскай вязьніцы ды камэры.

Кіркевіч: «Амэрыканка» мае два паверхі — уверх, як мінімум, адзін паверх уніз. Што там далей унізе — мы гэтага ня ведаем. Усё знаходзіцца пад купалам, і ўсе камэры разьмеркаваныя па барабану — васемнаццаць на адным паверсе. Каб выйсьці на шпацыр, вязьні павінны спусьціцца па жалезнай лесьвіцы ўніз і выйсьці да дворыкаў. Дворыкаў усяго, па-мойму, шэсьць, калі мне ня здраджвае памяць. Дарэчы, менавіта дворыкамі «амэрыканка» вельмі падобная да віленскай турмы КДБ. Калі заходзіш у віленскі дворык, то падабенства шакуе. Нібыта ў «амэрыканку» трапіў. Розьніца толькі тая, што ў Літве гэта ўжо мінулае, ужо гісторыя, а ў Беларусі гэта сучаснасьць, якая мае ўсе шанцы стаць гісторыяй у бліжэйшы час. Ну, гэта ўжо залежыць ад нас, ад нашых высілкаў".
Алесь Кіркевіч пра музей у турме КДБ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:26 0:00
Наўпроставы лінк

Алесь Кіркевіч таксама верыць і спадзяецца на тое, што СІЗА КДБ калісьці стане музэем. Гэтая ідэя ўжо сасьпела ў многіх галовах.

Кіркевіч: «Мне гэты музэй уяўляецца як камэры, у якія можна будзе зайсьці, памацаць рукамі, пасядзець на нарах, пасядзець за сталом, які прыкручаны да сьцяны. І безумоўна, што музэй павінен мець аблічча, дакладней, шмат абліччаў: тых людзей, якія там сядзелі. І Ларыса Геніюш, і Барыс Рагуля, і актывісты ў больш позьні час — у 90-я гады, Славамір Адамовіч, і, канечне ж, фігуранты справы 19 сьнежня 2010 году. То бок гэта маюць быць камэры з партрэтамі, з асабістымі рэчамі зьняволеных. Ня ведаю, але, можа, у цэнтральным корпусе КДБ будзе гатэль, можа, проста руіна. (Мне падабаецца тэорыя руінаў, якая была калісьці высунутая Шпэерам). Таксама гэта можа быць проста пусты фасад. Безумоўна, гэтае месца павінна стаць мэмарыялам, куды трэба вазіць людзей, ім паказваць і даводзіць: тое, што там адбылося, каб не адбылося больш ніколі…"

«Калі б зьвярнуліся да мяне, што я магу перадаць у музэй, — працягвае Алесь, — то гэта б былі найперш лісты, жывыя дакумэнты эпохі. Хоць я думаю, што ў іхным архіве безумоўна будуць сканы ўсіх лістоў…».
Алесь Кіркевіч зь лістамі з турмы
Алесь Кіркевіч зь лістамі з турмы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG