Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка карэспандэнту Свабоды: можа, ніколі не пабачымся


Падчас сустрэчы з журналістамі 15 студзеня Аляксандар Лукашэнка адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды Алеся Дашчынскага.

Дашчынскі: Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода. Вось вы абвясьцілі гэты год годам беражлівасьці. Можа, чакаецца, што нейкі прыклад пакажа і кіраўнік краіны...

Лукашэнка: Вы маеце на ўвазе гадзіньнік?

Дашчынскі: Ня толькі. Я маю на ўвазе ваш шыкоўны «Майбах», які вам падарыў адзін расеец на дзень нараджэньня...

Лукашэнка: Вы намякаеце, Алесь, што я вам яго павінен аддаць?

Дашчынскі: Навошта вам такі дарагі самалёт, які вы набылі ў туркмэнскага боку? Пішуць, што там залатыя шторкі ў душы. Пішуць, што ў вас больш за дзесяць...

Лукашэнка: Алесь, пачакай...

Дашчынскі: Чакайце, я яшчэ ня скончыў...

Лукашэнка: У душы шторак няма, якія там шторкі! Няма шторак у душы.

Дашчынскі: Значыць, увогуле дарагі самалёт, я маю на ўвазе. Што тычыцца вашых рэзыдэнцый, якіх больш за 10, і будуецца яшчэ адна...

Лукашэнка: Пачакай, я запішу: гадзіньнік, рэзідэнцыі, аўтамабіль, самалёт...

Дашчынскі: Дастаткова многа яшчэ і аховы...

Лукашэнка: Алесь, пачакай...

Алесь Дашчынскі
Алесь Дашчынскі
Дашчынскі: Аляксандар Рыгоравіч, можа, вы б маглі ўзяць прыклад з прэзыдэнта Ўкраіны і запрасіць журналістаў у сваю загарадную рэзыдэнцыю, паказаць, як вы там жывяце? Як гэта Ўладзімер Пуцін нядаўна зрабіў... Ці маеце вы такі намер?

Лукашэнка: Намер ня маю, але калі вы патрабуеце — то дзеля Бога. Але вы пойдзеце з маёй рэзыдэнцыі моцна расчараваным. Я перакананы ў гэтым. Я жыву ў рэзідэнцыі, якую пабудаваў калісьці Пётр Міронавіч Машэраў. Рэзыдэнцыя далёка за горадам. Толькі зрабілі адну прыбудову. Гэта дом, дзе жыў ... Якубоўскі, камандуючы акругай. Там тэрыторыя — любо-дорага паглядзець. Вы мне павінны сказаць дзякуй, што я зьбярог тэрыторыю, не разбурыў. А жыву я ў старой рэзыдэнцыі, дзе жылі нашы былыя кіраўнікі. І калі б я яе вам паказаў, а вы б паехалі да ўкраінскага прэзыдэнта або да расейскага, вы б сказалі: «Лукашэнка, ты павінен гэтую рэзыдэнцыю зьнесьці і пабудаваць новую». Дарэчы, пра гэта і ішла размова 10 гадоў таму, калі гэтая Драздоўская рэзыдэнцыя фактычна развалілася, і мне прыйшлося — Паўлаў Міхаіл Якаўлевіч быў мэрам Менска, я яго папрасіў: маўляў, грошай у бюджэце няма, трэба, каб яе аднавілі. Ён кажа: «Трэба яе зьнесьці і пабудаваць дом». Я кажу: «Не, народ нам гэтага не даруе». Мы яе апранулі ў сетку-рабіцу, затынкавалі, і ў гэтым доме я і жыву. Таму вы дарэмна спрабуеце на публіку згуляць, папракнуўшы мяне ў тым, што «ў Мяне шыкоўная рэзыдэнцыя і самалеты з залатымі шторкамі».

Я яшчэ раз кажу, што ў самалёце сапраўды ёсьць туалет і душ, толькі там шторак няма. Таму ня трэба, калі вы ня ведаеце, на гэта намякаць. Што тычыцца самалётаў дарагіх, то самалёты танна не каштуюць. І каб вы ведалі, у прэзідэнта самалёт — 3-5 гадоў, і яго мяняюць. А ў мяне — Сямашка на ім часам лётае — самалёт ТУ-154, які ня ўсюды пускаюць, ён да гэтага часу лётае. І я хутка буду 20 гадоў прэзыдэнтам. І тое, што мы купілі ў туркменскага боку самалёт, то вы, як чалавек, беларус... Ну, я, вядома, ня ваш прэзідэнт, я далёкі ад таго, што вы за мяне галасавалі, але, тым ня менш, вы павінны былі сказаць: «Не, ты не павінен бэушны самалёт купляць, гэта прэстыж краіны. Ты павінен новы купіць самалёт!» А я — для таго, каб зэканоміць, паколькі новы самалёт у 2,5 разы даражэй, чым той, што прадаў нам туркменскі бок. Каб зэканоміць. Год беражлівасьці. Гэта праўда.

Што тычыцца гадзіньнікаў, аб якіх вы ўвесь час пішаце, так вы не хвалюйцеся: гэтыя гадзіньнікі, як і аўтамабіль, мне падарылі на дзень нараджэння. А прэзыдэнт — ёсьць нейкі стандарт: і ў вопратцы, і ў гальштуках, і ў кашулях, і гадзіньнікі. Гэта ваш твар.

Я памятаю, як вы са Станіслава Станіслававіча Шушкевіча... Калі ён сустракаў Клінтана, вы, журналісты, павінны памятаць, як вы каменя на камені не пакінулі, калі ён прыйшоў у нейкім пакамечаным паліто, ці то пасля п’янкі, ці то чаго. І вы яго таўклі ў хвост і грыву, ня кажучы ўжо пра нас. Гэта была ганьба для краіны. Калі нашы дэпутаты паляцелі ў Амерыку і там вывалілі на ўзьлётна-пасадачную паласу, сказалі, што папрасаваным быў толькі Шушкевіч. Астатнія былі «ў умат». І ўсе пра гэта пісалі, увесь Захад, уся Амэрыка. Я вось нядаўна прачытаў нейкую амэрыканскую кніжку ў перакладзе на расейскую мову. Там таксама ўражаньнямі дзялілася жонка нейкага кіраўніка, што страшна і сорамна было. Вы хочаце, каб я такім быў? Я такім ня буду.

Я хоць Вясковы хлопец, алё я прывык, каб нагавіцы ў мяне былі адпрасаваныя, гарнітур больш-менш прыстойны (дарэчы, гарнітур ня імпартны, так што не крытыкуйце, навучыліся ўжо і нашыя вырабляць і г. д.). Я прадстаўляю краіну. І, паверце, для мяне самае лепшае адзеньне — гэта спартовае адзеньне. А гадзіньнік я дома наагул не нашу. Я надзяваю гадзіньнік толькі на публічныя мерапрыемствы. Я яго наагул не люблю.

Гэтя ня тое, што такі марнатраўны чалавек. Дай Бог, каб у вас усе былі такія марнатраўныя прэзыдэнты, як Лукашэнка. Што ёсьць пэўны стандарт. Я сёньня прадстаўляю краіну. А што тычыцца гэтага «Майбаха», пра які вы гаварылі, дык яго ўжо болей не выпускаюць. Яго зьнялі з вытворчасьці. Мне падарылі гэтую машына на дзень народзінаў. І я аддаў яе дзяржаве. Мне трэба было б купіць аўтамабіль, калі б не было гэтага «Майбаха». І патраціць грошы. Хочаш ня хочаш, але бюджэт бы траціў. А я яе аддаў у гараж асаблівага прызначэньня, як ен у нас называецца, службе бясьпекі, каб прэзыдэнт перасоўваўся. Заўтра прэзыдэнта Лукашэнку застрэляць, павесяць, здымуць з пасады — вы на ёй будзеце езьдзіць. Гэта прэзыдэнцкі аўтамабіль, які дзяржаве дастаўся бясплатна. Так, Алесь, вы маеце рацыю, яго можна прадаць. Добра, вы заўтра купіце яго? Не. Дык чаго вы гаворыце? Прапаноўвайце канкрэтна, хто яго купіць. Ён ня танна каштуе. Браняваны аўтамабіль. І каму ён патрэбны, акрамя кіраўніка дзяржавы, І, можа, яшчэ — я ня ведаю каму. Кіраўнік украінскай дзяржавы ня купіць, расейскай — ня купіць. Бо няма звычкі, каб бэушны аўтамабіль куплялі. Вось і ўсё. Вось вашы разважаньні. Быццам бы гучыць па-папулісцку. А вы мяне папракаеце, што мне падарылі. А я вам аддаў. За што вы Мяне папракаеце? За самалёт? Дык яго ўсё роўна патрэбна было... Добра, што яго купілі, бо патрэбна было новыя купляць. Алё гэтыя новыя ў 2 з паловай разы даражэй.

Дашчынскі: А колькі гэты каштаваў?

Лукашэнка: Менш за 100 мільёнаў. Таму ў вас няправільныя дадзеныя. Такі новы самалёт каштуе 250–300 мільёнаў пад кіраўніка дзяржавы. Таму можаце падлічыць — выгадна гэта ці не? Калі вы хочаце сказаць, што ваш прэзыдэнт мусіць хадзіць пешшу альбо езьдзіць на ровары — таксама нармальна. Вы ведаеце, я магу сесьці на ровар і паехаць. Гэта не пытаньне. Але за вас будзе сорамна.

Дашчынскі: Скажыце, а новая рэзыдэнцыя ўсё ж будуецца ці не будуецца?

Лукашэнка: Будуецца ці не будуецца? Я рэзыдэнцыі сабе для жыцьця нідзе не будаваў. У мяне на поўдні ў Чарнобыльскай зоне, калі зайшла размова (а я прыхільнік быў рэанімаваць гэтыя землі), мы вырашылі на Прыпяці пабудаваць драўляны дом. І мы яго пабудавалі. У Віцебскай вобласьці ў мяне такі ж драўляны дом. Не ў мяне — у дзяржавы. Я магу туды ад’яжджаць. І, вы ведаеце, пачынаецца пасяўная — і я жыву на той жа Прыпяці, у той жа чарнобыльскай зоне, дзе вы ні разу не былі. Ну, можаце мяне за гэта папракнуць. Дык якая ж там шыкоўная?!

Дашчынскі: А ў Сочы?

Лукашэнка: У Сочы ў санаторыі «Беларусь» ёсьць месца, дзе ваш прэзыдэнт можа спыніцца. Ня толькі Лукашэнка, ваш прэзыдэнт.

Дашчынскі: Можа, на Менскім моры?

Лукашэнка: На Менскім моры Дразды ў мяне. Хапае.

Лёгкі: Калегі, гэта ня ток-шоў.

Лукашэнка: Не-не, чалавек хоча ўсе абставіны выявіць. Можа, у вас яшчэ пытаньні ёсьць?

Дашчынскі: А можна задаць яшчэ адно пытаньне?

Лукашэнка: Ну канечне, Алесь. Прыйшоў адзін раз на год. Можа, ніколі не пабачымся. Гэта не азначае, што мы цябе не запросім на прэсавую канфэрэнцыю.

Дашчынскі: Скажыце, калі ласка, я хацеў бы вас запытацца пра такую сытуацыю. Ваш сябар Уга Чавэс — ён цяпер хварэе.

Лукашэнка: Так, хварэе.

Дашчынскі: Ён лекуецца на Кубе. І з-за гэтага адкладаецца ягоная інаўгурацыя. Якія вы высновы з гэтага робіце? Калі чалавек хварэе, ці можа ён прэтэндаваць на прэзыдэнцкую пасаду? І ці варта ўсё ж такі некалькі тэрмінаў браць на сябе? Прэзыдэнцкая праца цяжкая. Яна вымотвае і фізычны патэнцыял, і здароўю шкодзіць. Што б вы маглі сказаць адносна гэтай сытуацыі?

Лукашэнка: Я, Алесь, адно магу табе сказаць: усе — і я, і ты, і Чавэс — пад Богам. Усе мы пад Богам. Таму ня трэба злараднічаць з гэтай нагоды. І таму ня трэба намякаць, колькі там тэрмінаў і г. д. Будзе народ абіраць — будзе Лукашэнка столькі тэрмінаў, колькі вы яго абераце. І, канечне, калі будзе яму дазваляць здароўе. Ну, але калі ў вас ёсьць нейкія сумневы па выбарах, дык мы іх усе ведаем у гэтай аўдыторыі. Калі ў вас ёсьць сумневы па здароўі, надзявайце канькі, бярыце клюшку альбо лыжы, заўтра з вамі паспрабуем. Вы маладзейшы за мяне. Вось і паглядзім. Хочаце, сёньня пры ўсіх? Бярэм 10 кілямэтраў. Калі вы прыходзіце першым, вы заўтра будзеце прэзыдэнтам па здароўі.

Ой, Алесь, якія вы ўсе злыя людзі там, а...

Наўпроставы лінк


Алесь Дашчынскі 16 студзеня возьме ўдзел у перадачы "Прэсавыя канфэрэнцыі Лукашэнкі. Тэатар аднаго актора?". Глядзіце жывую трансьляцыю а 14 гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG