Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўмеем мы дараваць?


Сяргей Абламейка, Прага

(Абламейка: ) “Што такое прабачэньне – ведаюць усе. Але ці кожны з нас задаваў сабе пытаньне: “Ці ўмее ён дараваць?” Сучасная хрысьціянская тэалёгія пытаньне дараваньня іншым людзям іхных правінаў перад намі адносіць да аднаго з самых складаных для чалавека. Недарэмна, у апошнія гады ў Цэнтральнай Эўропе выйшла некалькі тэалягічных кніжак, прысьвечаных дараваньню. Сярод іх кніга немца Карла Фрэлінгсдорфа “Фальшывыя ўяўленьні аб Богу”, праца польскага езуіта Ёзэфа Аўгустына “Крыўда, дараваньне, зьмірэньне” і праца чэскага тэоляга Катэржыны Лахманавай “Вязьніца з ключом усярэдзіне”.

Цікава, што сваю гаворку пра дараваньне ўсе гэтыя аўтары пачынаюць з эвангельскага сюжэту пра ўладара, які вырашыў падлічыць сваю маёмасьць. Калі да яго прывялі слугу, вінаватага яму шмат грошай, ён раззлаваўся і загадаў прадаць слугу разам зь яго жонкай, дзецьмі і ўсім майном. Калі ж слуга ўпаў перад ім на калені, папрасіў праявіць да яго цярпімасьць і паабяцаў вярнуць грошы, уладар дараваў яму і адпусьціў. І вось як толькі той царскі слуга выйшаў на вуліцу, ён сустрэў там свайго даўжніка і тут жа запатрабаваў ад яго вярнуць доўг. Той упаў на калені, папрасіў аб цярпімасьці і паабяцаў вярнуць грошы. Аднак царскі слуга ня зьлітаваўся і загадаў пасадзіць даўжніка ў турму.
Іншыя слугі паведамілі пра гэта валадара, і той, выклікаўшы да сябе злога слугу, спытаўся: “Ці не дараваў я табе цэлы твой доўг, і ці не павінен быў і ты дараваць доўг свайму даўжніку?” І раззлаваўшыся, валадар загадаў пасадзіць слугу ў турму аж пакуль ня верне увесь свой вельмі вялікі доўг. А заканчваецца гэты славуты сюжэт з Эвангельля паводле Мацьвея словамі Хрыста, які сказаў, што гэтак сама з намі будзе паступаць і Яго нябесны Айцец.

Сюжэт гэты азначае толькі тое, што наш нябесны ўладар ёсьць міласэрны да нас і чакае ад нас такой жа міласэрнасьці да іншых. Аўтарака адной зь кніжак, пра якія я сказаў раней, чэскі тэоляг Катэржына Лахманава піша, што гэтым прыкладам Бог нам як бы гаворыць: “Вы ня мусіце дараваць таму, што некалі пакрыўдзілі адно аднаго, але таму, што Я ВАМ ДАРАВАЎ”. Вось пра гэта і будзем сёньня гаварыць. У якасьці экспэрту ў Сымбаль Веры я запрасіў дактарантку тэалёгі Лёвэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі Ірыну Дубянецкую.

Ірына, тэолягі сёньня разглядаюць праблему дараваньня ня толькі на ўзроўні асобы. Сёньня гаворка ідзе пра сем’і, цэлыя парафіі, грамадзкія групоўкі і цэлыя народы, якія самі сябе закрылі ў вязьніцы свайго недараваньня. І выйсьце з гэтага можа быць толькі адно – зразумець, што нам на нябёсах ужо адпушчана, і дараваць самім…

Але дзе межы дараваньня, Ірына? Дакуль мы можам дараваць? І што ёсьць справядлівасьць – адплата ці дараваньне?

(Дубянецкая: ) “У сваёй кнізе "Сланечнік" Вайзэнталь, гэбрай, што перажыў Галакост, распавядае такую гісторыю. Падчас Другое сусьветнае вайны ён быў вязьнем у канцэнтрацыйным лягеры. Аднойчы па яго прыйшла немка-медсястра ды павяла яго да сьмяротна параненага маладога эсэсаўца. Гэты юнак, якому жыць засталося лічаныя гадзіны, распавёў Вайзэнталю сваё жыцьцё, найбольш балючым эпізодам якога быў для самога паміраючага ягоны ўдзел у забойстве групы гэбраяў. Ён сказаў: "Я ведаю, тое, што я ўчыніў, – жахліва. Цягам доўгіх начэй у чаканьні сьмерці тут, у гэтым шпіталі, я прагнуў расказаць пра ўсё гэта гэбраю ды папрасіць прабачэньня. Я адно ня ведаў, ці застаўся хоць адзін гэбрай". Вайзэнталь пасьля даўгое пакутнае паўзы павярнуўся і выйшаў за дзьверы. Сканчаецца гэтая гісторыя пытаньнем, на якое аўтар ня ведае адказу: "Ці мусіў я і ці мог я прабачыць паміраючаму нацысту?"

З такім пытаньнем прыходзіць да Ісуса Хрыста Пётра: "Госпадзе, колькі разоў прабачаць мне брату майму, што зграшыў супраць мяне? Ці да сямі разоў?" На што Ісус адказвае: "Ня сем разоў, а сем разоў па семдзесят". (Мц 18:21-22)

Хрыстос вучыць бязьмежнага дараваньня. Жаданьне так бы мовіць справядлівасьці, адплаты, або нават ціхае затойваньне крыўды нараджаюцца страхам. Страхам, што калі я дарую, я праяўлю слабасьць, дам зразумець, што са мной можна чыніць што заўгодна, і тым самым адчыню дзьверы для новых – магчыма, горшых – абразаў.

Ва ўсьведамленьні нашага адзінства – у адзіным жыцьці, адзіным сусьвеце, адзіным Богу – і палягае безумоўнасьць дараваньня. Усё, што ты чыніш іншаму, ты чыніш сабе. І ўсё, што іншы зрабіў табе, – ён зрабіў сабе. "Так, як вы хочаце, каб з вамі абыходзіліся людзі, так і вы зь імі абыходзьцеся; бо ў гэтым закон і прарокі". (Мц 7:12) У гэтым – аснова жыцьця.

Хрыстос зноў і зноў паўтарае, што мы – адно, і што нашыя адносіны зь іншымі – гэта нашыя адносіны з Богам. "...і адпусьці нам даўгі нашы як і мы адпускаем вінаватым нашым..." "Бо калі вы будзеце прабачаць людзям іхныя правіны, то прабачыць і вам Айцец ваш Нябёсны; а калі ня будзеце прабачаць людзям іхныя правіны, то і Айцец ваш не прабачыць вам правінаў вашых". (Мц 6:14) Бог ня йдзе супраць нашага выбару”.

Дзякуй Ірына. Да гэтага я б хацеў дадаць яшчэ выснову польскага езуіта Ёзэфа Аўгуста, які піша, што межы нашага дараваньня вызначаюцца натуральнымі псыхічнымі і духоўнымі межамі чалавека, а таму дараваньне патрабуе ня толькі моцных нашых высілкаў, але й Божае міласьці. Ну і яшчэ раз выснова Катэржыны Лахманавай – мы маем дараваць не таму, што забыліся на крыўду, і не таму, што адчуваем сябе вінаватымі і шкадуем аб зробленым, але таму, што нам усё зробленае намі ўжо дараванае на нябёсах. Вось так хрысьціяне разумеюць дараваньне.

У кнізе Катэржыны Лахманавай прыводзіцца выпадак аднаго чэскага католіка, які ў часы камунізму моцна пацярпеў за сваю веру, даў сваім дзецям рэлігійнае выхаваньне, а ў 90-я гады аддаліўся ад парафіі, бо ня змог вытрымаць, што некаторыя былыя камуністы, нават зь ліку тых, хто перасьледаваў яго, сталі вельмі блізкімі да пробашча і нават выконвалі абавязкі служкаў і лектараў. Лахманава называе такіх людзей носьбітамі “копмлексу старэйшага брата” з прытчы пра блуднага сына. Гэты комплекс вельмі небясьпечны, бо ад яго недалёка і да пазыцыі эвангельскага фарысэя, які не патрабаваў Божага дараваньня, бо, маўляў, быў чысты. Адзін філёзаф назваў такіх людзей “чыстымі як анёлы, і ганарлівымі, як д’яблы”.

Але ўсе людзі слабыя, і крыўды пакідаюць у іх псыхіцы глыбокія і часта незагойныя раны. Ёзэф Аўгустын папярэджвае, што калі душэўная рана ня будзе аздароўленая, яна сама пачынае ставацца прычынай крыўды іншых. І тут мы падыходзім да праблемы дараваньня і памяці. Людзі часта кажуць, што ня могуць забыць крыўду і таму ня могуць дараваць. І наадварот, мы часта даруем таму, што ўжо забыліся на крыўды, бо прайшло шмат часу.

Ірына, ці азначае дараваньне страту памяці?

(Дубянецкая: ) “Сапраўднае дараваньне, што ачышчае й гоіць, адбываецца адно пры поўным усьвядомленым захаваньні памяці ды асэнсаваньні перажытага. Толькі тады прыходзіць разуменьне прычынаў таго, што здарылася, ролі кожнага ў гэтым, а таксама таго, як пазьбегнуць непажаданых паўтораў, як будаваць адносіны, сябе й сваё жыцьцё наноў. Бо не бывае адно злачынцаў і адно ахвяраў. Толькі мы самі адказныя за ўсё, што з намі адбываецца.

Сьвядомае дараваньне – гэта таксама сьвядомая адказнасьць. За сябе, за ўсе свае жыцьцёвыя выбары (у тым ліку тыя, што прывялі нас да трагедыі), за іншых, за сьвет, у якім мы жывем і які мы самі – усе разам – стварылі такім, які ён ёсьць. Сьвет, у якім крыўды й злачынствы магчымыя. Нішто не адбываецца са мною без майго ўдзелу. І калі я памятаю – я вырашаю, на чым будаваць будучыню, які досьвед ёсьць стваральным й вартым працягу й разьвіцьця, а які ёсьць разбуральным, тупіковым, і мусіць быць адкінутым ці зьмененым.

Крыўда, захаваная ў душы, разьядае душу. Крыўдзіцель пры гэтым не зьмяняецца. Калі я хачу зьмяніць непрыемную сытуацыю, я мяняю найперш сябе. Калі я не хачу варожасьці, я ствараю мір паміж намі і мір у сваёй душы.

Часта разьвітае пачуцьцё адказнасьці змушае нас прасіць прабачэньня за тое, што мы самі не чынілі. Цяперашняя Нямеччына выплочвае кампэнсацыі ахвярам нацызму, бо дзеці ўзялі на сябе адказнасьць за бацькоў, за ўсю нацыю. Папа Ян Павал ІІ сыстэматычна просіць прабачэньня й шукае прымірэньня з усімі нацыямі й рэлігіямі, каго Хрысьціянская Царква перасьледавала ў мінулым, бо ён прымае на сябе адказнасьць за ўсю Царкву, дарагую яму”.

Дзякуй Ірына. Нагадаю, што нашым экспэртам сёньня была дактарантка тэалёгіі Лёвэнскага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі Ірына Дубянецкая.

Тут таксама трэба яшчэ дадаць некалькі словаў пра чалавечую псыхалёгію. Звычайна, памятаючы нейкую крыўду, чалавек ня хоча пра гэта ні з кім гаварыць. Менавіта таму славуты псыхоляг Карл Юнг некалі пісаў, што для яго лячэньне пацыента пачынаецца з высьвятленьня яго гісторыі, з высьвятленьня, як пісаў Юнг, “таямніцы”, якая тога чалавека зламала. У выпадку хрысьціянаў, патрэба шчырасьці і адкрытасьці пры гаворцы пра сваю крыўду перамяшчаецца ў малітву. Людзі часта ня хочуць да канца быць шчырымі нават з Богам у малітве. Яшчэ адзін нямецкі тэоляг Ганс Буоб заўважыў з гэтай нагоды: “Часта мы гаворым Богу тое, што ў нас сапраўды ёсьць, але яшчэ часьцей гаворым Яму пра нешта зусім іншае”.

У праблеме шчырасьці ёсьць і яшчэ адзін складнік – гэта дараваньне сабе самому. Мы часта ня можам і сабе дараваць сваіх паводзінаў у пэўных сытуацыях, якія спрычыніліся да крыўды нам. Мы раз за разам займаемся аналізам мінулага, мучаемся, прыдумляем варыянты разьвіцьця падзеяў, замест таго, каб проста дараваць і сабе.

І вось падсумоўваючы, можна сказаць, што хрысьціянская тэалёгія сёньня адказвае на пытаньне пра дараваньне так: зьмірэньне з ўласнай мінуласьцю ёсьць абавязковым крокам да аздараўленьня адносінаў з іншымі людзьмі.

Усяго гэтага якраз і ня ведаў згаданы чэскі католік, які страціў давер да свайго пробашча праз тое, што той даваў адказныя даручэньні былым камуністам. Ён ня ведаў, што дараваньне – гэта ня ёсьць страта памяці, але ёсьць яе аздараўленьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG