Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нэгатыўны ўплыў фізычнага пакараньня дзяцей на іхную псыхіку і характар у дарослым жыцьці


Кастусь Бандарук, Прага

Газэта “Internationаl Herald Tribune” ад 27 чэрвеня зьмясьціла артыкул пад загалоўкам “Пляснуць, ці не? Рызыка перавышае карысьць” (“To spank or not? Risk outweighs benefit”). Асноўваючыся на выніках найноўшых дасьледаваньняў аўтар Шанкар Вэдэнтам (Shankar Vedantam) піша, што лупцаваньне дзяцей можа на некаторы час зрабіць іх больш дысцыплінаванымі, але з другога боку, гэтак караныя дзеці могуць стаць больш агрэсіўнымі, менш законапаслухмянымі і схільнымі да гвалту ў будучыні.

Фізычнае пакараньне дзяцей мае сваіх і прыхільнікаў, і праціўнікаў. Псыхолягі, выхаваўцы і бацькі рызыходзяцца ня толькі ў пытаньні мэтазгоднасьці і наступстваў лупцаваньня, у тым, чым можна яго замяніць, але ў самым яго вызначэньні. У асноўным усе спэцыялісты згодныя, што тут маецца на ўвазе пляскач: адзін ці два разы пляснуць адкрытай рукою па мяккім месцы, аднак, у ніякім разе не спрычыніць шкоды. У некаторых эўрапейскіх краінах нават такая форма цялеснага пакараньня забароненая, аднак у ЗША яна дапушчальная. 94% амэрыканскіх бацькоў прызнаюцца, што спарадычна, у розных сытуацыях, здараецца ўдарыць дзіцё.

Элізабэт Гершоф, дасьледчык з Нацыянальнага цэнтру бедных дзяцей з Унівэрсытэту Калумбія выступае супраць любой формы цялеснага пакараньня. Яна лічыць, што пад уплывам эмоцыяў лёгка страціць над сабою кантроль, і звычайны пляскач можа лёгка аказацца ўдарам, небясьпечным для здароўя і нават жыцьця дзіцяці. Гершоф падсумавала вынікі 88 дасьледаваньняў, праводжаных цягам 62 гадоў. У выніку яна прыйшла да высновы, што нават лёгкая лупцоўка дзяцей адмоўна ўплывае на 11 відаў іхных паводзінаў. Хаця на некаторы час фізычнай сілай можна дысцыплінаваць дзіцё, аднак у пэрспэктыве гэта будзе мець нэгатыўны ўплыў на псыхіку дзіцяці. “Фізычнае пакараньне небясьпечнае для дзяцей. Я пераконваю бацькоў, каб яны пазьбягалі цялеснага пакараньня і заміж гэтага ўжывалі іншыя эфэктыўныя мэтады дысцыплінаваньня дзяцей”. Не бывае сытуацыі, у якой дзіцё можна пляснуць рукою” –лічыць Элізабэт Гершоф.

Паводле Гершоф і ейных аднадумцаў, б’юць дзяцей тыя бацькі, якія самі былі бітыя ў дзяцінстве. Многія кажуць: “мяне ў дзяцінстве таксама ня раз лупцавалі, і слушна рабілі. Я вырас на парадачнага чалавека, і ні трохі за гэта на бацькоў не крыўдую”. Лупцуюць дзяцей, бо ня ўмеюць паўстрымацца ў сваім гневе, бо адчуваюць, што ў сваёй бяздумнасьці дзеці робяць ім назло, ня ўлічваюць пачуцьці, таго, што насамрэч бацькі ўсё робяць дзеля дабра сваіх дзяцей. Б’юць дзяцей, бо ня ведаюць, што зрабіць, каб дзеці не рабілі таго, што робяць. Ня ведаюць, як прадухіліць канфліктныя сытуацыі, як вучыць дысцыпліне без ужываньня сілы.

Паводле Гершоф і прыхільнікаў, галоўныя адмоўныя вынікі такой формы выхаваньня – гэта агрэсія і злачыннасьць у старэйшым веку. Гвалт спараджае гвалт. Калі бацькі б’юць безабароннае дзіцё, гэткім чынам яны вучаць яго, што ўлада належыць мацнейшаму, што ўсё вырашае сіла. Дзіцё, выхоўванае гэткім чынам, часьцей само ўжывае кулакі, зьбівае ды прыніжае слабейшых і маладзейшых, каб адначасова адыграцца на іх за тыя крыўды, якія само зьведала ў сям’і. Бывае, хаця і даволі рэдка, што такое дзіцё ня мае сілы змагацца і ўсю назапашаную агрэсію зьвяртае супраць сябе: трапляе ў дэпрэсію і можа кончыць жыцьцё самагубствам.

Некаторыя дасьледчыкі ўжо пасьпелі аспрэчыць высновы, да якіх прыйшла Гершоф. Яны цьвердзяць, што трэба адрозьніваць жорсткае зьбіваньне ад звычайнага пляскача па мяккім месцы. Трэба больш гаварыць пра форму і ў якой сытуацыі адбываецца лупцоўка дзяцей, а не аб тым, ці яна наагул дапушчальная. “Як моцна і ў якой сытуацыі – значна важнейшае за тое, ці бацькі наагул падымаюць руку на дзяцей”, – лічыць Робэрт Ларзэлер, прафэсар псыхалёгіі з Мэдычнага Цэнтру ў Амага. “Бацькі ў прынцыпе павінны пазьбягаць лупцоўкі і зьвяртацца да яе толькі тады, калі не дапамагаюць іншыя, нецялесныя пакараньні. Тады дзіцё будзе лепш разумець сэнс пакараньня і паспрабуе яго пазьбегнуць у будучыні”, – лічыць прафэсар Ларзэлер.

Паводле доктара Келі Картрайт, псыхоляга з Унівэрсытэту ў Ньюпарце, штат Ваямінг, дысцыпліна ў прынцыпе неабходная і ад яе нельга адмаўляцца. Поўнае адмаўленьне ад любога пакараньня невыхаваўчае. Дзіцё можа зразумець, што бацькі пазбаўляюць яго таго, што яно любіць, або забясьпечваюць яго тым, чаго яно ня любіць. У якасьці найлепшага пакараньня Келі Картрайт прапануе абмежаваньне прывілеяў. За нейкую правіну малое дзіцё можа быць пазбаўленае нейкай цацкі, яму нельга глядзець мульцікі, або выйсьці на панадворак. Падлетка можна пазбавіць, напрыклад, мабільнага тэлефону.

Спэцыялісты даюць бацькам некалькі практычных парадаў:

- Навучыцеся вызначаць межы дазволенага і не-дазволенага.
- Дысцыплінуйце дзяцей загадзя, а не пасьля таго, як ужо насвавольнічаюць.
- Хай дзіцё ведае, што яму можна, а чаго нельга. Хай забароны будуць для дзіцяці зразумелыя і выканальныя.
- Самі прытрымлівайцеся прынцыпаў, якія вы ўстанавілі. Паводзіны бацькоў мусяць быць для дзяцей прадказальныя.
- Будзьце цярплівыя, улічвайце тэмпэрамэнт і цікаўнасьць дзіцяці,
- Узнагароджвайце і адзначайце добрыя ўчынкі.
- Пакараньне павінна быць натуральнае, адэкватнае правіне і незалежнае ад настрою бацькоў.
- Хай будзе поўная яснасьць і пасьлядоўнасьць у вашай сыстэме ўзнагародаў і пакараньняў.
- І галоўнае: як найболей прызнаньня, як найменш папрокаў і толькі ў крайнім выпадку – далікатны пляскач.


А цяпер да іншай тэмы. Зараз – час адпачынкаў, аднак многія застануцца на працы. Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, рутынная, мала творчая праца, якая дае невялікія магчымасьці прымаць рашэньні, нэгатыўна ўплывае на працягласьць жыцьця ў параўнаньні з працай, поўнай стрэсу, але якая дае творчую свабоду. Аб гэтым паведамілі амэрыканскія дасьледчыкі ў навуковым часопісе “Psychosomatical Medicine”. Навукоўцы з Тэхаскага Ўнівэрсытэту у Г’юстане абсьледвалі 25 тысячаў чалавек, якія працавалі як мінімум тры гады. Дадзеныя пра стан іхнага здароўя назапашваліся і аналізаваліся цягам 20 гадоў.

Удзельнікі дасьледаваньня былі падзеленыя на розныя групы ў залежнасьці ад таго, наколькі яны мелі свабоду прымаць рашэньні і зь якімі прафэсійнымі выклікамі яны сутыкаліся. Аналіз паказаў, што ў асобаў, ад якіх у працы не патрабавалася наватарства і прыманьня рашэньняў, інакш кажучы, якія выконвалі пасіўную працу, верагоднасьць таго, што цягам 5-10 гадоў яны памруць, была на 43-50 % большая ў параўнаньні з тымі, у каго праца хоць і была зьвязаная са стрэсам, але давала магчымасьць прымаць рашэньні, была творчая.

“Адсутнасьць кантролю над тым, што чалавек робіць, нэгатыўна ўплывае на працягласьць жыцьця”, – лічыць Бэнджамін Эмік, які ўдзельнічаў у гэтых дасьледаваньнях. На ягоную думку, дадатковым чыньнікам рызыкі можа быць адчуваньне, што праца, якую чалавек выконвае, малаважная і малапатрэбная. Выявілася таксама, што самая занятасьць станоўча ўплывае на працягласьць жыцьця. Беспрацоўе ня гэтулькі з прычыны зразумелага зьніжэньня стандарту жыцьця, але і з псыхалягічных прычынаў нэгатыўна ўплывае на здароўе і павялічвае рызыку сьмерці.

А зараз некалькі найноўшых парадаў Real Age.

Дадатковая колькасьць спажыванай вамі таматнай пасты можа адчувальна станоўча паўплываць на стан вашых лёгкіх і дыханьне. Таматная паста ёсьць багатай крыніцай вітаміну С і магнію, якія карысна ўплываюць менавіта на лёгкія. Пажадана спажываць 1,200 міліграмаў вітаміну С у дзень. Што тычыцца магнію, дык аптымальная яго колькасьць для жанчынаў складае 400 міліграмаў у дзень, а для мужчынаў – 333 міліграмы. Паводле Real Age, дзякуючы разнастайнай, нізкакалярыйнай дыеце, адначасова багатай вітамінамі і мінэраламі, ваш біялягічны ўзрост можа быць на 4 гады маладзейшы.

Калі хочаце захаваць свой розум вострым, як цьвік, утрымлівайце сваё цела падобным да скрыпкі. Паводле найноўшых дасьледаваньняў, адпаведны ўзровень HDL, гэтак званага “добрага” халестарыну ў крыві, можа дапамагчы вам прадухіліць склероз у старэйшыя гады. Таксама рэгулярныя фізычныя практыкаваньні ёсьць адным з найлепшых шляхоў падвышэньня ўзроўню "добрага" халестэрыну. Гэтаму спрыяе таксама большая колькасьць спажыванага расьліннага алею заміж тлушчу. Дзякуючы такой дбайнасьці пра сваё здароўе, вы можаце зрабіць свой біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.

Каб прапыніць ваш унутраны біялягічны гадзіньнік, у сваю дыету вы павінны ўключыць большую колькасьць фоліевай кіслаты. Навуковыя дасьледваньні паказваюць, што фоліевая кіслата амалоджвае артэрыі. У людзей, якія прымаюць фоліевую кіслату штодзень цягам усяго году, выразна паляпшаецца элястычнасьць і прапушчальнасьць артэрыяў і ў выніку – крывазварот. Сямсот міліграмаў фоліевай кіслаты ў вашай штодзённай дыеце і харчовых дадатках могуць амаладзіць вас больш чым на год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG