Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бычыха і Быкі


Браніслава Станкевіч, Бычыха-Быкі

Выбіраючы “кропку на мапе” дзеля свайго чарговага падарожжа, я натрапіла адразу на “двухкроп’е”: вёскі Бычыха і Быкі ў Гарадоцкім раёне. Практычна гэта адзін населены пункт, і, сышоўшы з аўтобусу на шашы Віцебск – Пскоў, я адразу ж пераканалася, што выпадковы вандроўнік нізавошта не здагадаецца, дзе тут сканчваецца “жаночая” палова паселішча або пачынаецца “мужчынская”… Таму й зьвярнулася да свайго адзінага спадарожніка, зь якім нам разам давялося праставаць па глыбокім сьнезе да бліжэйшых вясковых хацін.

(Карэспандэнтка: ) “Бычыха і Быкі – гэта адна вёска?”

(Спадар: ) “Не! Быкі – гэта даваенная застройка, а Бычыха – пасьляваенная”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі ж тут насельніцтва?”

(Спадар: ) “У Бычысе 600 чалавек. А разам з Быкамі – 900”.

(Карэспандэнтка: ) “І тут у вас, напэўна, адзіны сельсавет – Бычыхінскі… А як зваць вашага старшыню сельсавета?”

(Спадар: ) “А гэта я і ёсьць!”

(Карэспандэнтка: ) “Сур’ёзна?! А я ж якраз да вас у госьці завітаць зьбіралася!”

Вось так, проста на дарозе, мы пазнаёміліся са старшынём Бычыхінскага сельсавету Станіславам Баліцкім.

(Карэспандэнтка: ) “Ці даўно вы старшынём сельсавету?”

(Баліцкі: ) “Ужо пятнаццаты год!”

(Карэспандэнтка: ) “А як вы думаеце, ці абяруць вас на наступны тэрмін?”

(Баліцкі: ) “Тут, мне здаецца, усё залежыць ад мяне. Думаю, абяруць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці шмат у вас канкурэнтаў?”

(Баліцкі: ) “Канечне! Большасьць дэпутатаў сельсавету – гэта кіраўнікі. 80% зь іх маюць вышэйшую адукацыю, людзі маладыя, пэрспэктыўныя…”

(Карэспандэнтка: ) “А вам бы як хацелася: каб вас пераабралі або яшчэ папрацаваць?”

(Баліцкі: ) “Я думаю, трэба папрацаваць яшчэ…”

(Карэспандэнтка: ) “Што, вы лічыце, яшчэ не дарабілі за мінулыя 15 год?”

(Баліцкі: ) “Галоўная нашая праблема – гэта мэдыцына. Калі яе здолею вырашыць, то можна ўжо ісьці на пэнсію”.

(Карэспандэнтка: ) “У чым вашая “мэдычная праблема?”

(Баліцкі: ) “Няма памяшканьня, няма кадраў…”

Як высьветлілася, вакансіі лекараў ёсьць адзіным выключэньнем з агульнага правіла: у Бычысе ды Быках пераважае беспрацоўе.

(Баліцкі: ) “Льнокамбінат працаваў – зачынілі. Кар’ер тут быў – таксама нашыя людзі працавалі – таксама зачынілі!”

Цяпер пераважная колькасьць бычыхінцаў ды быкоўцаў езьдзіць на працу ў Гарадок або Віцебск, праводзячы штодня па тры гадзіны ў аўтобусе або цягніку…

За цікавай размоваю мы са спадаром Баліцкім дайшлі да самага сельсавету. На ганках установы віраваў натоўп. Мне міжволі падумалася, што гэта нейкія тутэйшыя рэвалюцыянэры прыйшлі ўзяць у свае рукі ўладу, захапіўшы дзяржаўны будынак! Аднак спадар Баліцкі, ня выказаўшы ані кроплі неспакою, патлумачыў недасьведчанай карэспандэнтцы, што гэта ўсяго толькі чарга па камбікорм. І што сельсавет для тутэйшых людзей ёсьць сапраўдным цэнтрам мясцовага жыцьця – і крамай, і клюбам, і нават царквою.

(Баліцкі: ) “Вось камбікорм… Птушкафабрыка сюды сваю прадукцыю прывозіць. І парасят тут прадаюць, і поп сюды прыяжджае – іншага памяшканьня няма, дык ён у фае службу служыць… У нас нават прыпеўку склалі, пра тое, што ў сельсавеце мы “і молімся, і пяём, і яйкі прадаём!..”

Апроч імправізаванага рынку ў сельсавеце, у Бычысе ёсьць яшчэ сем гандлёвых пунктаў. У адрозьненьне ад суседніх Быкоў, дзе няма аніводнае крамы… Дзьве крамы прыватныя. Адна мае паэтычнае найменьне “Юна”, а другая доўгі час звалася проста мясцовай, бо ейны гаспадар Сяргей Кузьмін усё ніяк ня мог прыдумаць годнае назвы для сваёй установы… Тады пастараліся тутэйшыя дасьціпнікі, і цяпер крама завецца проста і ласкава “Ў Кузі”. Кажуць, гаспадар не пакрыўдзіўся…

Свой тавар ён прывозіць зь Віцебску, а кошты “Ў Кузі” дык і ніжэйшыя за рынкавыя ў абласным цэнтры. І што ўжо зусім нетыпова для вясковай крамы – дык гэта тое, што тут прынцыпова не гандлююць сьпіртовымі напоямі. Pазмаўляю з тутэйшым гандляром Уладзімерам Казловым:

(Карэспандэнтка: ) “Чаму гарэлкай не гандлюеце?”

(Казлоў: ) “А навошта нам гарэлка? Гарэлкай няхай дзяржаўныя крамы гандлююць!”

(Карэспандэнтка: ) “Што людзі ў вас купляюць?”

(Казлоў: ) “Усё, што тут ёсьць – гэта ўсё самае неабходнае: алей, крупы, цукар, макароны… Што яшчэ людзям трэба! У дзяржаўнай краме панавалена ўсяго – і што трэба, і што ня трэба. А ў нас тавар заўсёды сьвежы”.

(Карэспандэнтка: ) “І ці шмат у вас пакупнікоў?”

(Казлоў: ) “Калі палучка ў людзей, прыходзяць, канечне. Набіраюць прадуктаў амаль на ўвесь месяц”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці ёсьць розьніца ў коштах у вас і ў дзяржаўнай краме?”

(Казлоў: ) “Канечне. У нас таньней”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, вашаму гаспадару цяжка працаваць – мець уласную краму, быць прыватным прадпрымальнікам… Або гэта лёгка па нашых часох?”

(Казлоў: ) “Цяжка. Трэба езьдзіць, шмат папераў афармляць… Трэба нэрвы моцныя мець!”

У дзяржаўнай краме гарэлкай гандлююць і бутэлькамі, і ўразьліў. Як і моцнымі пладовымі напоямі. Аднак зараз у краме пуста, і гандлярка Ірына відавочна сумуе з-за поўнай адсутнасьці пакупнікоў.

(Карэспандэнтка: ) “Што ў вас людзі бяруць? Я гляджу, у вас нават гарэлка на разьліў прадаецца…”

(гандлярка Ірына: ) “Бяруць троху… Гарэлку бяруць, віно, часам кілбасу… заробкі тут у нас такія…”

(Карэспандэнтка: ) “А на каго вы спадзяецеся? Хто мусіць зьмяніць да лепшага вашае жыцьцё? Вось будуць мясцовыя выбары, жыцьцё пасьля іх палепшыцца, як вы лічыце?”

(гандлярка Ірына: ) “Я ня пэўная…”

(Карэспандэнтка: ) “Старшыня сельсавету можа што небудзь зьмяніць у вашым жыцьці, палепшыць яго?”

(гандлярка Ірына: ) “Напэўна, не”.

(Карэспандэнтка: ) “А на якім узроўні падобныя пытаньні мусяць вырашацца – на раённым, абласным… Мо, на рэспубліканкім?”

(гандлярка Ірына: ) “Я ня ведаю… Я ў палітыцы ня дужа разьбіраюся…”

Выходзячы з крамы, я з заміраньнем сэрца заўважыла раптам тое, што адразу ня трапілася на вочы пры ўваходзе: замест сьметніцы каля крамы стаіць хваставая частка сапраўднай вайсковай ракеты, ды яшчэ з пагрозьлівым надпісам: “Дэтанатары закладзеныя!”

Аказалася, што гэта вынік канвэрсіі: у свой час вайскоўцы перадалі тутэйшым камунальнікам сьпісаныя ракеты, а тыя ўжо выкарыстоўвалі іх, колькі было фантазіі… Мясцовых жыхароў гэткая вынаходлівасьць ня ўразіла – у іх ёсьць больш пільны клопат. Напрыклад, здабыць камбікорму, бо ён для іх – адзіная гарантыя больш-менш стабільнага існаваньня. Але камбікорм тым днём у Бычыху так і не завезьлі.

(Спадарыня: ) “Не прыехала машына, дый усё!”

(Карэспандэнтка: ) “І часта вас так падманваюць?”

(Спадарыня: ) “Ды не, не было яшчэ! Мы думаем, можа яна дзе забуксавала, дзе дарога не расчышчаная…”

Cпадарыня Тацяна ды спадарыня Тамара – старыя сяброўкі, хаця адна зь іх прыйшла па камбікорм з Быкоў, а другая жыве тут, у Бычысе.

(Карэспандэнтка: ) “А каго вы зьбіраліся тым камбікормам карміць?”

(Тацяна: ) “Я курам зьбіралася купіць”.

(Тамара: ) “Я таксама”.

(Карэспандэнтка: ) “А бунейшае жывёлы чаго не трымаеце?”

(Тацяна: ) “Трымаем! Карову трымаем, сьвіней трымаем. Курэй, качак”.

(Карэспандэнтка: ) “Сабе гадуеце або потым прадаваць зьбіраецеся?”

(Тацяна: ) “Сабе. Мы ўжо пенсіянэры, нам бы ўжо сабе як-небудзь…”

(Карэспандэнтка: ) “Як жывецца вясковым пенсіянэрам па нашых часох?”

(Тацяна: ) “Нялёгка, канечне. Няма ўжо сіл вырошчваць тое зярно і тую бульбіну. А што – пэнсія?! Мы ўдвох атрымліваем 180 тысяч. За газ во 4 тысячы аддала, за кватэру аддам больш як 20. А трэба ж і абутак нейкі купляць, і паесьці. Хочацца ж і цукар купіць, і рыбіну якую.

Дык мы яшчэ ладна, як жывем! Капаемся троху, нешта ў гародзе вырошчваем, гаспадарку трымаем… А паглядзець, як маладыя жывуць! Во мой сын санкі пацягнуў, меншы самы, ён тут працуе ў ПМК. Сёньня ёсьць праца, заўтра не. Во ён за той месяц атрымаў 57 тысяч! І што, ён пражыве, каб ня мы?”

(Тамара: ) “А мой у саўгасе шафёрам працуе, і атрымлівае 40-50…”

(Карэспандэнтка: ) “Во прыяжджаў тут, кажуць, да вас новы дэпутат будучы. Ці хадзілі вы зь ім на сустрэчу?”

(Тамара: ) “Не хадзіла!”

(Тацяна: ) “А вы думаеце, дэпутат той нешта зробіць? Ніхто нічога ня зробіць! Я на іх і не пайду, на тыя выбары. Што мне тыя выбары! Я яго, дэпутата таго, ніколі не бачыла. І ведаю, што ніхто нічога ня зробіць! Во пакуль яшчэ ёсьць свае сілы – мужык той трохі яшчэ цягаецца, каня трымаем, карову, сеем, пашам, дык во троху й жывём!”

(Карэспандэнтка: ) “А ці дапамагае вам чым-небудзь старшыня сельсавету Станіслаў Баліцкі? Ці робіць ён што?”

(Тамара: ) “Ня ведаем мы нічога пра таго Баліцкага, ці робіць ён што, ці не!”

(Тацяна: ) “Я да яго не зьвяртаюся! Дапамога мне ягоная непатрэбная. Мы пакуль спраўляемся самі, і дзякуй Богу!”

Cпадар Міхаіл, у адрозьненьне ад дзьвюх сябровак, чалавек даволі малады. Жонка настаўніца, двое дзетак. Сам працуе на чыгунцы. Але ён таксама, каб забясьпечыць сваю сям’ю, мусіць трымаць вялікую гаспадарку.

(Міхаіл: ) “Сьвіней, сьвінаматку трымаю: сьвіней прадаю, парасят рэжу. Карову – сабе, курэй – таксама сабе. Цёлак гадую, пакрываю – людзям прадаю. Быка во на мясакамбінат здаў…”

(Карэспандэнтка: ) “Ці хадзілі вы на сустрэчу з кандыдатам у дэпутаты?”

(Міхаіл: ) “Не хадзіў. Няма мне часу! Што карысьці хадзіць? Языком усе яны майстры лапатаць, а карысьці ніякай!”

(Карэспандэнтка: ) “А цяперашняга свайго дэпутата ведаеце?”

(Міхаіл: ) “Ня ведаю! Хто тут дэпутат, хто будзе – нам усё адно!”

(Карэспандэнтка: ) “А ці зьвярталіся вы да яго калі–небудзь?”

(Міхаіл: ) “А што карысьці да яго зьвяртацца?”

(Карэспандэнтка: ) “Можа, да Лукашэнкі калі-небудзь зьвярталіся?”

(Міхаіл: ) “А да яго якая карысьць зьвяртацца?”

(Карэспандэнтка: ) “Ну, можа дапамог бы што…”

(Міхаіл: ) “Саўгасьнікі “забітыя” так, што заробкаў месяцамі не атрымліваюць, а во і сам з саўгаса! Сялянам ніхто ніколі не дапамагаў. Заўсёды выжываюць самі”.

І ўсё ж мне ўдалося знайсьці чалавека, які ставіцца да будучых мясцовых выбараў вельмі неабыякава. Гэты чалавек дакладна назваў мне колькасьць акругаў ды колькасьць дэпутатаў… Дый сам Віктар Скутаў некалькі год запар быў дэпутатам – і раённага савету, і тутэйшага сельскага.

(Скутаў: ) “Я ёсьць старшынём тутэйшага бычыхінскага саветe вэтэранаў. 82 гады мне будзе. Я прайшоў усю вайну, быў у цяжкай артылерыі…”

(Карэспандэнтка: ) “Пра гады вашага дэпутацтва што можна сказаць: цяперашнім дэпутатам цяжэй або лягчэй працаваць?”

(Скутаў: ) “Цяпер цяжэй, калі сказаць чэсна. Народ перастаў верыць уладам. Усё гэта перабудова гарбачоўская! Наш прэзыдэнт, ён гуманны чалавек, думаў, што ўсё можна вырашыць перамовамі, па-добраму… А тут, на Беларусі, аказваецца, ёсьць нязгодныя з палітыкай, якую праводзіць прэзыдэнт. Усё ім ня так, ня гэтак, газэты выпісваюць такія… Апазыцыйныя…”

(Карэспандэнтка: ) “А ў Бычысе ёсьць такія?”

(Скутаў: ) “Ёсьць, чэсна скажу. Нават настаўнікі!”

Бычыхінская сярэдняя школа – гэта 20 настаўнікаў ды амаль 200 вучняў. 18 зь іх прыяжджаюць у Бычыху па навуку з найбліжэйшых вёсак або жывуць у інтэрнаце. Настаўнікі ж наадварот – усе мясцовыя.

Сьвятлана Савельева выкладае матэматыку. Падчас колішніх прэзыдэнцкіх выбараў яна займалася незалежным назіраньнем. Гэта менавіта яе спадар Скутаў ды яшчэ хто-ніхто зь мясцовых жыхароў лічыць галоўнай апазыцыянэркай.

Гаворыць Сьвятлана Савельева:

(Савельева: ) “Ніякіх партый апазыцыйных тут у нас няма, і ні да якой партыі я не належу. Проста заўсёды кажу тое, што думаю. Ніколі не хаваюся. Якія спрэчкі ў нас тут былі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў! А цяпер ніхто й не спрачаецца – паглядзелі, што з тых выбараў атрымалася. Кажуць: больш не пайшлі б за Лукашэнку галасаваць. Не спрачаюцца болей! Цяпер шмат хто на маім баку…”

(Карэспандэнтка: ) “А да мясцовых выбараў як у вас людзі ставяцца? За каго будуць галасаваць?”

(Савельева: ) “У нас тут усе “кадры “ вядомыя. І людзі ўжо ведаюць: за каго ні прагаласуеш, будзе так сама, як было. Таму ня вераць у нас аніякай уладзе. Працуюць, трымаюць гаспадарку, гарод абрабляюць – жывуць сабе, адным словам!”

Калі я выпраўлялася сюды ў вандроўку, то ведала пра тутэйшыя мясьціны толькі адно: Бычыха – гэта беларускі “полюс холаду”. Калісьці тут працавала адмысловая мэтэастанцыя, але нават цяпер, калі яе скасавалі, народныя сыноптыкі па-ранейшаму сьцьвярджаюць, што ў гэтай вёсцы самыя нізкія сярэднегадавыя тэмпэратуры на тэрыторыі Беларусі. Цяпер да славы самых “марозаўстойлівых” беларусаў хацелі б далучыцца і жыхары суседніх Быкоў: нездарма ўсё часьцей можна пачуць размовы пра аб’яднаньне двух вёсак. Кажуць, што наконт гэтага ў Бычысе ды Быкох будзе праведзены самы сапраўдны рэфэрэндум. І тутэйшыя жыхары спадзяюцца, што гэта будзе самы справядлівы рэферэндум за апошнія гады!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG