Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСЬ І ЎКРАІНА –ПАДКАЗКІ ДЛЯ НЯМЕЦКІХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ”


Ул. інф.

Мерапрыемства, якое ладзіць нямецкая Гандлёва-прамысловая палата, будзе працягвацца амаль цэлы дзень, ад паловы дзесятай раніцы да 19-й гадзіны вечару. Удзел у ім – ня самы танны – для сяброў Гандлёва-прамысловай палаты каштуе 70 эўра, а для не сяброў – 140 эўра. Паведамляецца, што папярэдне пра свой удзел у імпрэзе заявіла даволі вялікая колькасьць прадпрымальнікаў.

Сёньня гэтыя патэнцыйныя інвэстары сустрэнуцца з прадстаўнікамі нямецкай эканомікі з Менску і Кіеву, з прадстаўнікамі фірмаў, якія пасьпяхова дзейнічаюць на гэтым рынку. У Беларусі гэта, напрыклад, “Karl Zeiss” і “Фільман”.

Паводле друку, у якасьці дарадцы ў дармштацкай імпрэзе ўдзельнічае вядомы дыплямат Эбэрхард Хайкен, у мінулым амбасадар Нямеччыны ў Кіеве, а цяпер –кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску.

Дадам яшчэ адну цытату з абвесткі пра імпрэзы: “многія прадпрымальнікі бачаць пэўную рызыку для свайго бізнэсу ў гэтых краінах... Хаця, ня выключана, што прыход на гэты рынак можа стаць цудоўным шанцам”. Ці не дысануюць гэтыя словы з шэрагам скандальных публікацыяў, якія апошнім часам зьмешчаныя ў вядучых нямецкіх выданьнях? “Frankfurter Allgemeine Zeitung”, напрыклад, пісала нядаўна пра сапраўдны рэкет у дачыненьні да нямецкіх бізнэсоўцаў з боку высокіх беларускіх чыноўнікаў. Аднак, з другога боку, тая ж “Frankfurter Allgemeine Zeitung” у адным са сваіх эканамічных нарысаў пісала пра Беларусь наступнае: “Краіна заслужыла лепшую рэпутацыю за тую, якую яна цяпер мае”.

У любым выпадку, гэта тая сытуацыя, пра якую кажуць “бізнэс важней за ўсё”, асабліва ўлічваючы, што ў зьвязку з пашырэньнем Эўразьвязу Нямеччына, Заходняя Эўропа мусяць цяпер рабіць стаўку на новыя рынкі, на новае памежнае гандлёвае супрацоўніцтва – з новымі суседзямі.

Дастаткова проста адсочваць эканамічную хроніку, каб убачыць, якія людзі наведваюць Беларусь з боку нямецкіх дзелавых колаў. Літаральна на наступным тыдні, Беларусь мусіць наведаць кіраўніцтва канцэрну Volkswagen, каб дамовіцца адносна сумеснага прадпрыемства па вытворчасьці аўтамабіляў у Беларусі.

На мінулым тыдні ў Менску правёў перамовы новы куратар Нямецкага саюзу садзейнічаньня разьвіцьцю зносінаў з краінамі Усходняй Эўропы доктар Дэрынг. Ён правёў сустрэчы з прадстаўнікамі розных дзяржаўных ведамстваў, зь кіраўніцтвам Акадэміі Навук, шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў, часам без перакладчыка, таму што валодае расейскай мовай.

(Дэрынг: ) “Нярэдка заходнія СМІ даволі тэндэнцыйна пішуць пра Беларусь. Мая задача пераканацца ў сытуацыі на ўласнае вочы. Мне падаецца, што з гледзішча дзелавых нямецкіх колаў з гэтай краінай можа быць дасягнутае больш блізкае супрацоўніцтва”.

Гэта сказаў прадстаўнік нямецкіх дзелавых колаў. Ня выключана, што доктар Дэрынг таксама возьме ўдзел у дармштацкай імпрэзе.
XS
SM
MD
LG