Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ружовы туман" сацрэалізму.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Мы крочым праз вострыя брамы,
якiя ўтварае пара дарагая,
мая залатая пара.
Але нас ня золата вабiць,
што ўрэшце
абернецца
бруднай iржою i гноем...

Вострая Брама -- адзiн з самых чыстых i сапраўдных вобразаў беларускай культуры. Мы абралi гэтае iмя за назву нашай праграмы дзеля таго, каб у развагах пра культуру не
адштурхоўвацца ад фальшу i вывяраць сапраўднасьць таго, што створана i творыцца спрадвечным i шматкроць асэнсаваным вобразам -- Востраю Брамай.

За гэтым вобразам -- клясыка нашае паэзii, жывапiсу, сьпеву. Гэта той зь нямногiх прадуктаў
беларускае творчасьцi, якi адбыўся i можа служыць сымбалем або вiзытоўкай беларушчыны ў сьвеце. Няма i ня мусiць у беларускай культуры быць чагосьцi -- традыцыйнага або авангардовага -- што б уваходзiла з гэтым вобразам у канфлiкт. Iнакш, можна
сьцьвярджаць пэўна, тое не культура, а нешта iншае. Вострая Брама -- вось золата, якое нiколi не абернецца бруднай iржою i гноем.

Iржою i гноем абяртаецца сёньня таталiтарная савецкая культура, якая паўстагодзьдзя лiчылася ў Беларусi культурай нацыянальнай. Iлжывая вартасьць уласна савецкiх твораў
вытлумачвалася iлжываю iдэалёгiяй, хоць самi гэтыя творы не рабiлi нам гонару ў сьвеце. Падступны амаралiзм партыйнае палiтыкi выяўляўся ў тым, што сацрэалiстычная хлусьня
падавалася менавiта як беларушына i менавiта як да беларушчыны, да яе выхоўвалася любоў. Нiякiм iншым спосабам убiць гэта ўсё ў галовы людзей было немагчыма. I таму быў
абраны самы каварны мэтад. Пры гэтым добрыя дзьве трэцi твораў беларускае культуры давялося замоўчаць.

Што праўда, i ў гэтым каварстве людзi часта распазнавалi фальш. I тады зьяўлялiся iранiчныя трындушкi пра тое, што "Пятрусь Броўка пiша лоўка" або пра тое, што "Добра трымаўся юнак на дапросе, усё расказаў -- i што знаў, што ня знаў. Вораг жандар дакурыў папяросу i камсамольскую руку пажаў".

Але сёньня, што сёньня рабiць з усёй гэтай неабдымнай спадчынай сацрэалiзму? Абраны намi зыходны пункт -- вобраз Вострае Брамы -- падказвае, што тая спадчына не належыць
культуры. Не, мы ня станем адмаўляць i хаваць яе так, як яна сама ў свой час адмовiла i схавала сапраўдную беларушчыну. Але мы мусiм аднесьцi яе да адпаведнага ёй разьдзелу IНШАЕ дысцыплiны -- "Гiсторыi таталiтарызму ў Беларусi".

Гутарка пра гэта -- напрыканцы сёньняшняга выпуску Вострае Брамы. А перад тым прагучаць нашыя традыцыйныя ўжо рубрыкi "Прыватныя рэчы", "Оpus citatum" i "Краявiд".

ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ -- Фрагмэнты пачутага, убачанага, перажытага...

Сучасны беларускi культурнiк толькi падступаецца да сусьветнай кампутарнай сеткi Iнтэрнэту. Ён, можа, яшчэ й не здагадваецца, колькi адкрыцьцяў сулiць яму Iнтэрнэт. Прынамсi нейкае
ўяўленьне даюць пра гэта прыватныя рэчы зь дзёньнiка Сяргея Шупы.

(С.Шупа)

Сяргей Шупа распавядаў пра свае жывыя i кампутарныя ўражаньнi.

OPUS CITATUM -- Што вы чытаеце? Цi спадабалася? Чаму? Як зьмяняецца вашае кола
чытаньня?

Задуманае ў "Вострай Браме" апытаньне людзей, што непасрэдна датычныя да беларушчыны, ня мае на мэце якiх-небудзь статыстычных падсумаваньняў. Гэта ня рэйтынг, гэта хутчэй
адбiткi пачуцьцяў, жаданьняў, мараў. Як цяжка прабiваецца заўтрашнi дзень! Якi непасiльны гнёт iзаляцыi краiны i яе культуры! Якiя кволыя гэтыя першыя проблiскi сьвятла.

Пытаньне, зь якiм мы зьвярнулiся да нашых сяброў i калегаў гучала так: "Чые новыя кнiгi вы набудзеце ў кнiгарнi толькi дзеля iмя аўтара?" Сёньня нам адказвалi знакамiты лiтоўскi
беларусiст Валдас Банайцiс, заснавальнiца менскага рыцарскага клюбу Арына Вячорка i намесьнiк рэдактара газэты "Свабода" Сева Рагойша.

(Галасы)

На пытаньне "Чые новыя кнiгi вы набудзеце ў кнiгарнi толькi дзеля iмя аўтара?" нам адказвалi Валдас Банайцiс, Арына Вячорка i Сева Рагойша. Журналiст Аляксандар Лукашук аддае перавагу мэмуарнай лiтаратуры -- перадусiм пра часы сталiнскага таталiтарызму.

(А.Лукашук)

Гэта быў журналiст Аляксандар Лукашук, аўтар кнiг пра сталiнскiя рэпрэсii ў Беларусi.

КРАЯВIД -- Узiмку i ўлетку, удзень i ўначы, з вакна i на вулiцы, у вёсцы i ў горадзе нас атачае краявiд. Справа i зьлева, з Вострае Брамы, i з вышынi птушынага палёту...

Калi сядзiш на 22-м паверсе, у кавярнi самага высокага ў Менску гатэлю "Беларусь", многiя будынкi можна разгледзець нашмат лепей, чым зь зямлi. Больш за тое, з вышынi птушынага
палёту можна ўбачыць таксама i тое, што робiцца пад зямлёю. Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскi ўжо амаль пераканаў нас у гэтым праз свае ранейшыя занатоўкi. Сёньняшнi ягоны расповед, працяг цыклю, называецца "Горад на костках".

(Харэўскi: ) "Калi сядзiш на 22-м паверсе, у кавярнi "Беларусi" -- самага высокага гатэлю ў Менску, многiя будынкi можна разгледзець нашмат лепей, чым зь зямлi.

Вось проста ўнiзе, зьзяе залатымi крыжамi царква Марыi Магдалены, колiшнi архiў кiнафотадакумэнтаў.

Гiсторыя самой царквы Сьвятой Марыi Магдалены незвычайная: першапачаткова гэта быў будынак лютаранскае кiрхi, набыты праваслаўнымi ў 1847 годзе, у 30-я гады, за бальшавiкамi, гэта была адзiная дзейная бажнiца ў Менску, дзе перахоўвалася шмат царкоўнага ўбраньня й рыштунку з розных менскiх цэркваў. У 1990-м яе вярнулi вернiкам, дзякуючы намаганьням дэпутата Вярхоўнага Савету БССР Зянона Пазьняка. Не пасьпелi менчукi пацешыцца з выгляду гэтае царквы на высокiм пагорку, як перад ёю пабудавалi з сэлiкатнае цэглы цэх хлебазавода. Зрэшты, гэта ўсё ж звычайная менская гiсторыя...

У свой час трэба было прыкласьцi нямала намаганьняў, каб уявiць сабе, што шэранькi будынак з грувасткiмi портыкамi 50-х гадоў -- насамрэч царква. Пра гэта нагадвалi толькi зграбная брама з лязурнаю цыбулiнкай уверсе i вялiкiя Старажоўскiя могiлкi зь безьлiччу старасьвецкiх крыжоў зь "яцямi". У 1984 годзе зрылi й могiлкi, надмагiльлi пусьцiлi на шчабёнку, альбо на броўку для тратуараў.

Пракладку цераз могiлкi шашы запраектаваў архiтэктар Шыдлоўскi, якi бадай толькi гэтым праектам i вызначыўся. Нiколi не забуду ягоныя натхнёныя вочы й iмпэтныя доказы таго,
што наогул усё трэба зрыць... Як нiколi не забуду й груду костак, якiя трамбавалi ў адхоны трасы i пад асфальт дарогi. Дзясяткi юных скарбашукальнiкаў трабушылi тады разварочаныя
магiлы, зьбiралi крыжыкi, абразкi, манэткi. Сёньня ўжо маладзейшыя натхнёна церабушаць ямы ў Курапатах...

Наогул, мае ўспамiны часта зьвязаныя з чалавечымi косткамi на менскiх будоўлях. Да прыкладу, падчас добраўпарадкаваньня ў дварах на Рэспублiканскай вулiцы (сёньня Раманаўская слабада), рабочыя расьцярушылi старадаўнiя жыдоўскiя могiлкi i
расставiлi чарапы на плоце вакол будоўлi... Сьмех зрабiлi... Пасьля гэтага некаторыя мае аднаклясьнiкi гулялi чарапамi ў футбол. Калi я вучыўся ў школе, у многiх менскiх кватэрах
можна было пабачыць людзкiя чарапы, прыладжаныя пад начнiкi, скарбонкi, альбо попельнiцы. Як памятаю, шкiлеты не пужалi менскiх дзяцей. Часам магла быць грэблiвасьць, але чыста санiтарнага парадку. Памятаю яшчэ адзiн матыўчык: "А-а, гэта ж з жыдоўскiх могiлак..."

Тады, дзiцём, я часта бачыў у кожным катлаване або траншэi чалавечыя косткi. Вакол кляштараў заўсёды былi вялiкiя цьвiнтары. Надмагiльлi не ацалелi, але ледзь не пад кожнай
сьцяною засталiся чалавечыя парэшткi. Рабочых гэта звычайна забаўляла. Рыюць, да прыкладу, траншэю пад кабель, трапляюць акурат на шыхт пахаваньняў, засунуць недапалак у зубы чэрпу i пакладуць паверх кабеля. Празь некалькi гадоў кабель правяраюць -- а па iм чарапы ляжаць зь недапалкамi. Пацеха...

З вакна 22-га паверху старых менскiх могiлак ужо не вiдаць. Адныя ўжо захiнутыя новабудоўлямi, другiя зрытыя. Вунь вiдаць шпiль касьцёла Сьвятога Роха... Каталiцкi цьвiнтар вакол яго зруйнавалi, калi будавалi "Палац мастацтва". А проста ўнiз, за Сьвiслачай, быў татарскi мiзар. Часьцяком у ваяроў зь нябожчыкамi прачыналася... не, не сумленьне, а
гаспадарлiвасьць. Калi руйнавалi жыдоўскiя могiлкi, то простакутныя чорныя камянi надмагiльляў надавалiся для аблiцоўкi адмiнiстратыўных будынкаў. Такiмi камянямi
аблiцаваныя парталы былое Вышэйшае партшколы, Дому афiцэраў ды iншых сур'ёзных установаў. За Домам мастацтваў, пад старой бярозай, да сёньня ляжыць груда "будматэрыялу" з мудрагелiстымi жыдоўскiмi надпiсамi...

Летась, калi рамантавалi вулiцу Карла Маркса, рабочыя папраўлi каменную броўку. Калi яны адвальвалi камень, то на iм добра былi вiдаць лiтары эпiтафiяў. Пэўна, гэта помнiкi са
Старажоўкi. З таго часу я iмкнуся не наступаць на гранiтныя броўкi менскiх тратуараў...

Сяджу на 22-м паверсе, слухаю надрыўны сьпеў расейскае эстраднае зоркi, а ў вушах -- скрыгочуць гусянiцы бульдозэраў, трашчаць чарапы... Не магу адвесьцi вачэй ад гулкае шашы, тутака, проста ўнiзе, пад гатэлем "Беларусь"...

(Сяргей Дубавец: ) Гэта быў Сяргей Харэўскi са сваiм чарговым расповедам пра
панявечаны Менскi краявiд.

Часам вельмi карысна параўноўваць клопаты грамадзкае думкi ў Вiльнi i ў Менску. Напрыклад, сёньня, калi ў Менску наежджыя архiтэктары працягваюць прафанацыю гарадзкога краявiду, у Вiльнi адбываюцца спрэчкi вакол iдэi музэю таталiтарнае
скульптуры. Для нас гэтая спрэчка -- адпаведная нагода вярнуцца ў пачатак сёньняшняе перадачы, да гутаркi пра месца савецкае спадчыны ў беларускай культуры.

У вiленскiх газэтах адныя прапануюць паставiць усiх ленiнаў i сталiнаў у двары былога КГБ, у будынку якога разьмясьцiўся суд. Iншыя супраць. Iх галоўны аргумэнт такi: як людзi будуць
даваць у судзе паказаньнi, бачачы ў вакне Ленiна?

У гэткай палемiцы найвастрэй выявiлася якраз тое, што сацрэалiстычныя шэдэўры паводле ўзьдзеяньня на чалавека -- гэта не культура i зь iх ня можа вырасьцi новы, нармальны
культурны кантэкст. У такiм сьвятле размовы пра высокую эстэтычную вартасьць манiзераўскага Ленiна на плошчы незалежнасьцi ў Менску гучаць недарэчна. Зразумела,
фармалiстычныя знаходкi могуць сустракацца i ў прадметах сатанiнскага культу, чым па сутнасьцi i была беларуская савецкая культура.

"Думаю, што многiя з нас, савецкiх лiтаратараў, людзей партыйных, мараць калi-небудзь напiсаць вобраз Уладзiмiра Iльлiча Ленiна, кожны ў сваiм жанры".

Так яшчэ нядаўна выказваўся Iван Шамякiн.

Як можна даваць паказаньнi ў судзе, бачачы ў вакне каменнага Ленiна? -- уражана пытаюцца ў Вiльнi. Суд судом. Але як можна жыць, штодня сустракаючы каменных i бронзавых ленiнаў проста на вулiцы i на пляцы? Як ня зблытаць эпохаў? Як выйсьцi з гэтага, паводле Васiля Быкава, ружовага туману?

"Ружовы туман" -- гэта караценькае быкаўскае апавяданьне зь ягонае яшчэ нявыдадзенае кнiгi прозы. Савецкiя партызаны падрабiлi нямецкiя прадуктовыя карткi i з тымi фальшывымi
карткамi адправiлi глуханямога селянiна ў краму. Маўляў, нам набярэш i сабе таксама. Той селянiн, нiчога не падазраючы, шчасьлiвы, прынес з крамы прадуктаў. Фальшыўка спрацавала. I да глыбокае старасьцi глуханямы захаваў бязьмежную ўдзячнасьць тым партызанам, так i ня ведаючы, што хадзiў з падробкай, што на iм цынiчна выпрабоўвалi тыя карткi. Гэты стан Быкаў i назваў ружовым туманам маны. Мне ж бачыцца за гэтай мэтафарай
ўвесь беларускi савецкi i постсавецкi культурны, ды i сацыяльна-палiтычны кантэкст. Ружовы туман. Рана цi позна грамадзтва мусiць выйсьцi з гэтага туману i разьвiтацца зь iм назаўсёды.

Чамусьцi амаль адначасова з Быкавым я вычытаў пра ружовы туман у Шамякiна. Фрагмэнт варты параўнаньня.

"Дома! Як хораша дома! У суботу жыў у ружовым тумане. Цэлы дзень аглядаў сваю рэканструяваную дачу. Добра атрымалася. Расстаўляў мэблю. Хлопцы расстаўлялi па маiм указаньнi".

Гэта 1982 год. Наколькi ўсё ж адзiн i той вобраз у розных аўтараў азначае рознае, супрацьлеглае. Для аднаго -- душэўны камфорт, для другога -- аблудны наркатычны падман.

Магчыма Быкаў стаў тым пiсьменьнiкам, якi першы выйшаў з ружовага туману. Фiгуральна кажучы, з Коласам беларуская лiтаратура ўвайшла ў гэтую хмару, надоўга згубiлася ў ёй, а з
Быкавым выйшла. Яшчэ ня ўся. Надта цяжка ёй гэта даецца.

Натуральнае пытаньне -- а што ж рабiць з тымi сотнямi лiтаратараў i дзясяткамi клясыкаў, якiя цалкам упiсалiся ў савецкi пэрыяд? Выбiраць зь iхнае творчасьцi тое, дзе ня згадваюцца дыктатары? Але флюiдамi таталiтарызму прасякнутыя нават кнiгi тых аўтараў, на якiх учора гадавалiся сёньняшнiя незалежнiкi i дэмакраты. Для пiсьменьнiкаў гэта было зацятае спаботнiцтва, хто лепш апiша чалавечнасьць Ленiна i Дзяржынскага. А сярод чытачоў у свой час нават паэма "Ленiн думае пра Беларусь" выклiкала нацыяналiстычныя пачуцьцi.

Пакiнуць усё на водкуп чытачу? А школьныя праграмы, дзе й цяпер поўна чалавечных бальшавiкоў, якiя вяршаць свае акты справядлiвасьцi -- раскулачваньне, выкрыцьцё шпiёнаў i
сабатажнiкаў, удалы расстрэл якога-небудзь папа?

На золаце -- ўзьняты Кастрычнiка сьцяг,
Прасторы бязьмежныя, ясныя,
Да сонца шырокi праложаны шлях,
Багатыя нiвы калгасныя... (Максiм Танк)

Пакiнуць усё на водкуп рынку? Але з выдаленьнем савецкага кантэксту многiя матывацыi ўчынкаў ды i проста рэалii становяцца незразумелымi сучаснаму чытачу. Рынак адкiдае гэтую лiтаратуру. А як быць зь яе вiдавочным амаралiзмам, няшчырасьцю або перавернутым разуменьнем сьвету?

Камунiсты -- гэта слова, як са сталi,
Камунiсты -- гэта слова, як з агню.
Маркс i Энгельс нам iмя такое далi
Сто гадоў таму назад упершыню. (Аркадзь Куляшоў)

Эстэтычна гэта сапраўды не лiтаратура, а прадметы сатанiнскага культу. I зусiм неабавязкова, каб там пiсалася пра сацыяльныя чысткi. Калiсьцi крытык Сiдарэвiч сказаў мне па сакрэце, што далi б яму волю, ён бы зь дзевяцi тамоў Броўкi выбраў некалькi дзясяткаў крэпкiх вершаў i атрымаўся б прыстойны зборнiк. Але ён казаў мне тое гадоў пятнаццаць назад. Сёньня, думаю, трэба было б зноў адбiраць -- ужо з таго выбранага зборнiка. Заўтра -- зь сёньняшняга. I так -- да бясконцасьцi...

Дык хто мы?
Песьняры цi хлусьняры?
Я добра жыў:
Пакутваў i спагадваў,
Я веру Ленiну
Зь дзiцячае пары...
Няхай агнём бязьлiтасным гарыць
Сьвет бюракратаў, махляроў i гадаў. (Пiмен Панчанка)

Амаралiзм у генах, у крывi гэтага антымастацтва. Вы можаце чытаць пра вясковыя сэнтымэнты або сцэны каханьня, захапляцца лёгкасьцю пяра, празрыстасьцю апiсаньня, але пры гэтым атрымлiваць тыя самыя мэтастазы сатанiзму. Бо оды Сталiну, чэкiстам i партыi -- гэта не маскiроўка або недаразуменьне гэтых паэтаў. Гэта iх шчыры стан душы, нават у момант замiлаваньня прыродай. Гэта ружовы туман.

Апанэнты звычайна кажуць, што такi адбор прывядзе да зьбядненьня лiтаратуры. Але гэта зьбядненьне для тых, хто сумуе па савецкай ерархii, хто дагэтуль думае пра золата, якое для чытача даўно ператварылася ў iржу i гной. Адсюль непапулярнасьць лiтаратуры, яе разбэрсанасьць, нявыстраенасьць i неканвэртабэльнасьць. Яна, поўная дарагiх усiм iмёнаў,
нiкому непатрэбная. Прычым творцы ружовага туману пераблытаныя ў ёй з сапраўднымi клясыкамi i разбураюць тую сапраўдную ерархiю, якая мусiць выбудоўвацца сёньня.

У самай апошняй анталёгii беларускай паэзii, якая выйшла ў 93-м годзе цытаваныя вышэй вершы пераблытаныя з творамi Генiюш. Вершы забiтых чаргуюцца зь вершамi забойцаў. Няма
нiякай ерархii.

Зьбядненьне лiтаратуры -- мiт. Калi яно й ёсьць, дык выяўляецца ў замоўчваньнi або стрымлiваньнi рэальных шэдэўраў. Нiхто ня будзе сёньня чытаць усяго Коласа, але дасавецкi Колас складаецца з патэнцыйных бэстсэлераў. Колькi нi выдаюць "Вянок" Багдановiча ў адным шэрагу з кнiгамi савецкiх паэтаў, а "Вянка" не купiць. Гэты, дарэчы, галоўны бэстсэлер
беларускае лiтаратуры ХХ ст. проста не выдаецца адпаведнымi накладамi. Як i шмат чаго iншага.

Абсалютна чысты пiсьменьнiк Максiм Гарэцкi, нiяк не падпалы ружоваму туману. Пасьля ягонага расстрэлу цэлы пэрыяд беларуская лiтаратура хавалася на эмiграцыi, да выдатных
твораў якой нашая крытыка толькi падступаецца. Нiчога ня вылушчыш з кнiг Броўкi, Глебкi, i нават яшчэ блiзкiх Мележа, Танка, Шамякiна. Там паўсюль ёсьць або няпраўда, або мэтастазы
сатанiзму, ачалавечваньня бесчалавечнасьцi. Дастаткова проста супаставiць iхную творчасьць з творчасьцю Ларысы Генiюш, якая не падпала ружоваму туману. Разумею, што гэта надта не супадае са стэрэатыпамi згаданых творцаў, але раю перачытаць iхныя кнiгi. Калi вы самi выбралiся з савецкага кантэксту, з ружовага туману, вам гарантаванае суцэльнае расчараваньне.

Сёньня пакутлiва выбiраецца адтуль i Янка Брыль, для якога гэты найважнейшы акт прыпадае на час, калi пiсьменьнiк ужо стаў жывым клясыкам.

Калi казаць пра маладзейшых лiтаратараў, дык iх выбар таксама вырашаецца сёньня. Нехта зь iх нiколi не пiсаў пра самага чалавечнага чалавека, а нехта, магчыма, толькi зьбiраецца гэта
зрабiць. Няпэўнасьць сытуацыi i панаваньне рэжыму, якi дэкляруе вяртаньне СССР, слабейшых уводзiць у спакусу. Менавiта таму для гiсторыка лiтаратуры сёньня вельмi добра
вiдзён пачатак хваробы -- уваходжаньне ў зону каламуцi, але яшчэ такi мала выразны канец -- выхад з гэтае зоны.

У Савецкай Беларусi былi свае спосабы "пераацэнкi каштоўнасьцяў". Вымалiся, напрыклад, усе вершы Купалы, прысьвечаныя Сталiну. Але тут нiхто не казаў пра зьбядненьне Купалы. I каго гэта сёньня хвалюе, акрамя пяцi спэцнавукоўцаў. Паводле гэткае лёгiкi, цяпер мы мусiм выняць Ленiна зь ягонымi паплечнiкамi, кампартыю зь яе роляю, прычым выняць як з тэксту, так i з кантэксту. Але такая "зачыстка" -- гэта таксама мэтад таталiтарнага рэжыму. У нашым жа выпадку даводзiцца сьцьвярджаць, што беларуская савецкая лiтаратура -- гэта не разьдзел беларускай лiтаратуры, а разьдзел iншае дысцыплiны -- "Гiсторыi таталiтарызму ў Беларусi".

Яшчэ адзiн мiт беларускай савецкай лiтаратуры -- гэта яе эстэтычныя здабыткi. "Пахне чабор", "Сьцяг брыгады" i г.д. Але перачытайце гэтыя творы сёньня. Зразумела, што ў свой час, калi iснавала адпаведная сытуацыя для ўспрыняцьця такой эстэтыкi, гэтыя творы па свойму выдатна дапаўнялi "Марш энтузiястаў" i Пастанову аб далейшым паляпшэньнi
палiтыка-выхаваўчай работы. Але сёньня гэтага кантэксту няма цi, дакладней, амаль няма. I ўжо нiчога не вытлумачвае тыя або iншыя пачуцьцi Броўкi або Пысiна або Панчанкi. Выраз "Ленiн думае пра Беларусь" успрымаецца як крывавае фатальнае таўро на нашай гiсторыi ХХ ст.
XS
SM
MD
LG