Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛІДЭРЫ ДЭПУТАЦКАЙ ГРУПЫ “РЭСПУБЛІКА” ПРАВЯЛІ ПІКЕТ КАЛЯ БУДЫНКУ КГБ


Любоў Лунёва, Менск

Ля будынку КГБ сабраліся некалькі чалавек. Сярод іх былі вядомыя грамадзкія дзеячы Юры Хашчавацкі, Павал Казлоўскі, Уладзімер Колас і прадстаўнікі дэпутацкай групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец. Яны трымалі плякат “Свабоду Марынічу!”

Юры Хашчавацкі паведаміў Радыё Свабода, што прыйшоў выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю:

(Хашчавацкі: ) “Прыйшлі, бо я лічу, што гэта новы віток рэпрэсіяў. Яны цяпер крануць усё беларускае грамадзтва. Паколькі ўлада намагаецца прыціснуць усіх незадаволеных, а незадаволеных бальшыня грамадзтва, то даводзіцца чакаць рэпрэсіяў па ўсіх кірунках, ва ўсіх галінах”.

Уладзімер Парфяновіч патлумачыў, што дэпутаты вырашылі не прыцягваць іншых людзей да ўдзелу ў пікеце, каб пазьбегнуць затрыманьняў. Яны зайшлі ў будынак КГБ і перадалі зварот на імя старшыні КГБ Леаніда Ерына. У звароце дэпутаты напісалі, што ў іх няма сумневу наконт таго, што Міхаіла Марыніча перасьледуюць за ягоную палітычную дзейнасьць. Яны запатрабавалі спыніць рэпрэсіі і вызваліць затрыманага.

(Парфяновіч: ) “Сёньня мы прыйшлі як дэпутаты і выказалі сваё “не” да таго, што існуе ў сёньняшняй Беларусі. Спадзяемся, што ўлады зрэагуюць і спыняць такую меру стрыманьня як арышт, і Марыніча адпусьцяць. Пакуль мы спадзяемся на меншае — каб чалавека адпусьцілі. Гэта ж не курорт”.

Каля натоўпу зь пікетоўцаў і журналістаў прысутнічалі каля трыццаці супрацоўнікаў міліцыі. Гэтым разам абышлося без затрыманьняў.

Гл. таксама
ДЭПУТАТЫ З “РЭСПУБЛІКІ” ЛІЧАЦЬ СПРАВУ МАРЫНІЧА ПАЛІТЫЧНАЙ
КГБ ЗАТРЫМАЎ МІХАІЛА МАРЫНІЧА, БЫЛОГА ПРЭТЭНДЭНТА НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ
АФІЦЫЙНАЕ АБВІНАВАЧАНЬНЕ МІХАІЛУ МАРЫНІЧУ ДАГЭТУЛЬ НЕ ПРАД’ЯЎЛЕНАЕ
XS
SM
MD
LG