Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯШЧЭ АДНА КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА НА ГАСПАДАРНІКА


Любоў Лунёва, Менск

Алега Чуфістава абвінавачваюць у тым, што фабрыка паставіла партыю шпалераў у Расею ды не ўзяла папярэдняй аплаты. Пракуратура кваліфікавала гэта як злоўжываньне службовым становішчам. Артыкул 424 Крымінальнага кодэксу праваахоўчыя органы найчасьцей ужываюць да затрыманых кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Старшыня беларускага Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што праваахоўчыя органы, выконваючы каманду чыноўнікаў, здольныя любога з кіраўнікоў прадпрыемстваў зьняць з пасады і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.

(Патупа: ) “На практыцы немагчыма выконваць усіх прававых нормаў. Праблема яшчэ і ў тым, што вельмі мала грошай атрымліваюць кіраўнікі прадпрыемстваў і спэцыялісты. Трэба, каб яны мелі нейкі стымул. Напрыклад, калі дырэктар буйнога прадпрыемства мае заробак 300 даляраў, то ён ня будзе працаваць як добры мэнэджэр. Можна разгледзець іншую праекцыю — гэта адносіны з Расеяй. Расея мае дыктат на кошт той ці іншай беларускай прадукцыі. Яна альбо не купляе яе, альбо дыктуе свае кошты”.

У Менскім сьледчым ізалятары некалькі былых кіраўнікоў прадпрыемстваў яшчэ чакаюць суду. Сярод іх дырэктар падшыпнікавага заводу, намесьнік дырэктара маторнага заводу, намесьнік дырэктара аўтамабільнага заводу, дырэктар Інстытуту цепламасаабмену Акадэміі Навук ды іншыя.

Былая Кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова і экс-кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў у камэрах сьледчага ізалятару КГБ. Ім пагражае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Былога дырэктара трактарнага заводу Міхаіла Лявонава суд ужо пакараў на 10 гадоў пазбаўленьня волі, дырэктара чыгункі Віктара Рахманько на год і дзевяць месяцаў, дырэктара заводу “Атлянт” Леаніда Калугіна — на два гады.

Намесьнік дырэктара фабрыкі “Беларускія шпалеры” Алег Чуфістаў патлумачыў Радыё Свабода, што шпалеры пастаўляліся ў Расею, каб скасаваць запазычанасьць фабрыкі перад адной нямецкай фірмай. Ён спадзяецца, што, калі ў Беларусь паступяць грошы за партыю шпалераў, пракуратура спыніць крымінальную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG