Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 16 САКАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Голас Беларуса”, 1924 год:

“Возьмем хоць-бы Воршу. Вядомы беларускі пісьменьнік, Цішка Гартны, выяжджаў туды з пэўнымі заданьнямі азнаёміць грамадзянства з дасягненьнямі беларускай літэратуры, з беларускім рухам наагул. І ня гледзячы на тое, што Ворша толькі першы раз бачыла ў сябе адказнага прадстаўніка беларускага руху — прамовы і даклады Цішкі Гартнага, прачытаныя ім у беларускай мове, выклікалі буру энтузіязму сярод моладзі і нават старых беларусаў… Тое самае адбывалася і ў Полацку, куды выяжджаў вядомы беларускі адраджэнец Ігнатоўскі. Менскія газэты друкуюць цэлы шэраг водгукаў — рэзалюцыі сялянскіх і настаўніцкіх сходаў”.

“Чырвоная змена”, 1934 год. “Паведамленьне ўрадавай камісіі па аказаньню дапамогі чэлюскінцам”:

“Тав.Шмідт падробна інфармуе аб становішчы лягера. Аэрадром цэл, на ім устаноўлена дзяжурства. Звыш асноўнага аэрадрома, на якім зрабіў пасадку Ляпідзеўскі, выбраны запасныя пляцоўкі, якія патрабуюць работы для падрыхтоўкі іх к прыёму самалётаў. Тав.Шмідт паведамляе, што лётчык Бабушкін ня можа лятаць на сваім самалёце “Ш-2”, бо стаяць вельмі нізкія тэмпературы — ніжэй 30 градусаў. Тав.Шмідт просіць паведаміць аб падзеях у Аўстрыі, аб якіх чэлюскінцы паведамленьня не ўлавілі. Старшыня ўрадавай камісіі В.Куйбышаў”.

“Сталинская молодёжь”, 1954 год. Водгукі на выбары ў Вярхоўны Савет СССР, запісы на бюлетэнях для галасаваньня:

“За тое, каб у пустынных стэпах Казахстану сьцяной узьняліся поўныя хлябы, а на цэнтральнай вуліцы Менску вырас новы будынак унівэрсытэту. Ад душы — асьпірант В.Дубовік”. “Я галасую ня першы ўжо раз за тое, каб шчасьце квітнела ў нас. І заўсёды, калі я галасую, сэрцам я працу выбраньнікаў чую. Бачу я іх на палях, на заводах, ля нашых мартэнаў, у шахтах, на водах. І заўсёды дэпутат, мной абраны, быў партыі верным, народу адданым”. “Я вайсковец, а мір люблю”. Ці яшчэ: “Ад усяго сэрца аддаю свой голас за кандыдатаў блёку камуністаў і беспартыйных. Дзень выбараў запомніцца мне на ўсё жыцьцё, колькі буду жыць на сьвеце. Нэля Гапеева, вучаніца 10-й клясы 20-й сярэдняй школы Віцебску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG