Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАЗПРОМ” ПАГРАЖАЕ БЕЛАРУСІ “НЕПРАДКАЗАЛЬНЫМІ НАСТУПСТВАМІ” Ў ВЫПАДКУ НЕСАНКЦЫЯВАНАГА АДБОРУ ГАЗУ


Віктар Дзятліковіч, Масква

Уладзімер Жырыноўскі сёньня рэзка крытычна выказаўся пра абмежаваньне паставак расейскага газу ў Беларусь. Ён заявіў, што фракцыя Лібэральна-дэмакратычнай партыі зьбіраецца патрабаваць узнаўленьня паставак. Сёньня ж ЛДПР мела намер пікетаваць офіс канцэрну “Газпром”, але потым адмовілася ад гэтай ідэі.

Магчыма, гэта адбылося з-за таго, што лібэрал-дэмакраты ў сваёй заклапочанасьці апынуліся ў адзіноце. Ніводзін іншы расейскі палітык не прыняў бок кіраўніцтва Беларусі ў ягоных спрэчках з “Газпромам”. Болей за тое, сьпікер Дзяржаўнай Думы і кіраўнік прапрэзыдэнцкай партыі “Адзіная Расея” Барыс Грызлоў даў зразумець, што Дума ня будзе ніяк умешвацца ў канфлікт. Грызлоў заклікаў не драматызаваць сытуацыю. Паводле сьпікера расейскага парлямэнту, пастаўкі газу – гэта пытаньне ўзаемаадносінаў двух гаспадарчых суб’ектаў. Барыс Грызлоў заявіў: “Я мяркую, бакі знойдуць неабходнае рашэньне для таго, каб пастаўкі газу узнавіліся”.

Як вядома, “Адзіная Расея” мае ў сёньняшняй Дзярждуме большасьць месцаў. Таму можна казаць, што беларускаму боку і надалей ня варта разьлічваць на нейкую падтрымку расейскага парлямэнту, як тое было раней, калі значную частку месцаў у Дзярждуме мела камуністычная апазыцыя.

Што тычыцца “Газпрому”, то ён сёньня не выказваў ніякага імкненьня ўрэгуляваць сытуацыю. Пазыцыя кіраўніцтва расейскага канцэрну застаецца ранейшай – яно ня хоча прадаваць Беларусі газ па коштах, ніжэйшых за сусьветныя. Болей за тое, прэс-сакратар “Газпрому” Сяргей Купрыянаў сёньня перасьцярог беларускі бок ад несанкцыянаванага адбору газу з транзытных трубаправодаў. Купрыянаў заявіў: “Калі Беларусь пачне адбіраць газ, які ідзе транзытам у Польшчу і Нямеччыну, гэта будзе мець вынікам калясальны скандал міжнароднага маштабу зь непрадказальнымі для Беларусі наступствамі”. Праўда, што гэта за наступствы, прадстаўнік “Газпрому” не сказаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG