Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПАДПІСАЎ НОВЫ ЎКАЗ ПРА ПАДАТКІ


Юлія Шарова, Менск

Прэзыдэнцкі ўказ вызначае нормы адказнасьці за парушэньне падатковага заканадаўства. Аднак узьнікае пытаньне пра мэтазгоднасьць прыняцьця асобнага нарматыўнага акту, калі ўжо існуе й дзейнічае Агульная частка падатковага кодэксу. Старшыня праўленьня грамадзкага аб’яднаньня “Асацыяцыя садзеяньня эканамічнаму разьвіцьцю” Васіль Шлындзікаў лічыць падпісаньне прэзыдэнцкага ўказу небясьпечным для беларускага бізнэсу:

(Шлындзікаў: ) “Ні да чаго добрага гэта не прывядзе. Гэта яшчэ раз пакажа, што тут палітычная рызыка адна з найбольш высокіх. Кажуць, што сьцерпіцца-зьлюбіцца: прызвычайваемся да ўсяго — прызвычаімся й да гэтага. Гэта ня першы й не апошні ўказ”.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа наадварот лічыць, што прэзыдэнцкі ўказ можа даць і станоўчыя вынікі. Гэтак, на думку кіраўніка Саюзу, у падатковым заканадаўстве маглі не прапісаць шмат якіх дэталяў — і ўказы ці дэкрэты павінны ўносіць пэўнасьць у спрэчныя пытаньні. Разам з тым, мяркуе спадар Патупа, гэты год можа стаць даволі ўраджайным на сапраўды непрыемныя для прадпрымальнікаў прэзыдэнцкія ўказы.

(Патупа: ) “Усё, што цяпер давядзецца ў падатковым заканадаўстве ў найбліжэйшы час рабіць — гэта даволі істотна пераглядаць і бюджэт, і, напэўна, узровень падаткаў. Гэта зьвязана найперш з цэнамі на паліўна-сыравінныя рэсурсы. Цяпер гэта галоўная праблема, бо мы цудоўна ведаем, што за адзін толькі месяц паступілі катэгарычныя адмовы ў далейшай пастаўцы газу, тым болей па нізкіх коштах. І вось гэта цяпер праблема першая. Адсюль паляціць вельмі шмат і ў бюджэце, і ў падатках, і мы будзем на парозе іншых новых указаў”.

Што да гэтага ўказу, то тут, на думку Аляксандра Патупы, усё будзе залежаць ад практыкі яго прымяненьня — занадта часта нарматыўныя акты ў Беларусі трактуюцца на карысьць чыноўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG