Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ ТРОХ ГРУЗІНСКІХ АЎТАНОМІЯЎ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ПЕРАМОВЫ З РАСЕЙСКІМІ ЎРАДОЎЦАМІ Ў МАСКВЕ


Юры Дракахруст, Прага

Прэзыдэнты Аджарыі Аслан Абашыдзэ і Паўдзённай Асэтыі Эдуард Какойты знаходяцца ў Маскве ад аўторка. У чацьвер да іх далучыўся кіраўнік ураду Абхазіі Рауль Хаджымба. Аджарскі і асэцінскі лідэры правялі перамовы з расейскім прэм’ерам Міхаілам Касьянавым, Абашыдзэ абмяркоўваў сярод іншага спрашчэньне візавага рэжыму паміж Расеяй і Аджарыяй. Эдуард Какойты падчас размовы з міністрам замежных справаў Расеі Ігарам Івановым заявіў, што Паўдзённая Асэтыя ня будзе ўдзельнічаць у датэрміновых выбарах, якія ладзіць новае кіраўніцтва Грузіі. Абашыдзэ паведаміў, што будзе лічыць гэтыя выбары нелегітымнымі. “Як можна ісьці на выбары зь людзьмі, якія скінулі законную ўладу”, – сказаў ён.

Наагул, сытуацыя, калі лідэры аўтаноміяў, частак дзяржавы, вядуць перамовы з кіраўніцтвам іншай дзяржавы пра лёс сваёй краіны, выглядае беспрэцэдэнтнаю. Прычым пазыцыя гэтай самай дзяржавы, дзе ідуць перамовы, выглядае дваістай. Паведамляецца, што кіраўнік расейскага МЗС Ігар Іваноў яшчэ падчас грузінскага крызысу заявіў, што калі падзеі пойдуць паводле неспрыяльнага сцэнару, Расея ня зможа гарантаваць тэрытарыяльную цэласьць Грузіі. А палітыкі больш шавіністычнага кшталту, напрыклад, Дзьмітры Рагозін адкрыта кажа, што цана захопу ўлады ў Тбілісі – Аджарыя, Абхазія, Паўдзённая Асэтыя.
У двухбаковых адносінах існуе яшчэ адна балючая тэма – расейскія ваенныя базы. Днямі першы намесьнік начальніка расейскага генштабу Юры Балуеўскі заявіў, што расейскія базы ў Грузіі праіснуюць яшчэ ня менш за 10 гадоў. Дарэчы, Аслан Абашыдзэ выказаў спадзеў, што калі справа дойдзе да сілавога варыянту, то на абарону Аджарыі стануць расейскія войскі, дысьлякаваныя ў Батумі.

Дарэчы, лідэры грузінскай рэвалюцыі ружаў у свой час выказваліся наконт Расеі і яе ролі недвухсэнсоўна. Ізвестія падаюць некаторыя цытаты з выступаў Міхаіла Саакашвілі: “Час Расейскай імпэрыі скончыўся, і новае пакаленьне грузінскіх палітыкаў не дапусьціць, каб рашэньні, што тычацца Грузіі, прымаліся ў Расеі. Расейскі міністар Іваноў заяўляе, што Расея ня сыйдзе з Каўказа. Дазвольце запярэчыць гэтаму імпэрыялістычнаму падыходу да вызначэньня ролі Расеі. Няблага б спытацца ў каўкаскіх народаў: а ці хочуць яны прысутнасьці Расеі?”

Аднак пазаўчора, калі ён быў вылучаны кандыдатам на прэзыдэнта, Міхаіл Саакашвілі заявіў наступнае:

(Саакашвілі: ) “Я мяркую, што мой першы візыт, магчыма нават да выбараў, будзе ў Маскву, каб абмеркаваць усе нашыя двухбаковыя адносіны. Для нас крытычна важна абмеркаваць усе праблемы і ўсталяваць добрыя, прыязныя адносіны з нашым вялікім паўночным суседам”.

Новае кіраўніцтва Грузіі вельмі асьцярожна вядзе палітыку адносна мяцежных аўтаноміяў. Наконт Аджарыі той самы Саакашвілі заявіў наступнае:

(Саакашвілі: ) “Паміж намі няма аніякіх этнічных, чалавечых адрозьненьняў. Ёсьць толькі кіраўнік аўтаноміі, якому я не падабаюся. Мне ў сваю чаргу не падабаюцца ягоныя аўтарытарныя , дыктатарскія мэтады кіраваньня. Але гэта не прычына, каб ня весьці дыялёг, дыялёг будзе адбывааццва і ён будзе мірны”.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі часоваму кіраўніку Грузіі Ніно Бурджанадзэ было зададзенае пытаньне, ці не давалі лідэры рэвалюцыі нейкіх абяцаньняў расейскаму міністру Іванову. Сп-ня Бурджанадзэ адказала:

(Бурджанадзэ: ) “Ні пра якія дамоўленасьці не было гаворкі. Адны кажуць, што мы далі Расеі гарантыі захаваньня базаў. Іншыя на чале з Шэварднадзэ кажуць, што мы падпарадкоўваемся Амэрыцы. На самой справе мы не давалі гарантыяў ніводнаму боку, мы змагаліся за сваю краіну. Галоўны наш прыярытэт – гэта Грузія. Грузія захавае палітычную арыентацыю на Захад, але гэта не азначае, што мы пагоршым дачыненьні з Расеяй. Наадварот”.

У Маскве аджарскі лідэр Аслан Абашыдзэ заявіў, што Аджарыя ня будзе выходзіць са складу Грузіі. Ніно Бурджанадзэ вітала гэтую заяву Абашыдзэ. “Гэта – галоўнае, пра астатняе можна дамовіцца – сказала яна – мы будзем будаваць адносіны на падставе гэтай заявы Абашыдзэ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG