Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ УМАЦОЎВАЕ СУВЯЗІ З ІРАНАМ, СУДАНАМ І ЛІБІЯЙ


Юры Сьвірко, Менск

Як паведаміла агенцтва “Интерфакс”, лібійскі крэдыт можа быць накіраваны на пагашэньне запазычанасьці Беларусі перад “Газпромам”, якая ўтварылася на 1 студзеня 2003 году. Паводле агенцтва, лібійскі Арабскі зьнешні банк можа выдаць Менску крэдыт пад гарантыі ўраду — 120 мільёнаў эўра тэрмінам на 5 гадоў, прычым пад невялікі працэнт — 3,5% гадавых. Як чакаецца, уся сума будзе пераведзеная ў Менск адразу ды пойдзе на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў Беларусі. Што гэта за выдаткі, бакі не паведамляюць.

Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных паведаміў толькі наступнае:

(Савіных: ) “Пытаньні выдзяленьня Лібіяй крэдыту Рэспубліцы Беларусь будуць абмяркоўвацца на паседжаньні беларуска-лібійскай камісіі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва — умовы будуць узгадняцца зь лібійскім бокам. Чакаем, што яно пройдзе да канца восені”.

Але ў Народным бюро Лібіі ў Менску — гэтак афіцыйна называецца лібійская амбасада ў Беларусі, якая знаходзіцца на сталічнай вуліцы Няжданавай, 41, мне паведамілі, што канкрэтную мэту выкарыстаньня гэтага крэдыту будзе вызначаць беларускі ўрад.

У Менску ўжо было некалькі афіцыйных лібійскіх дэлегацыяў высокага ўзроўню, хаця анансаваны візыт лідэра Лібіі Муамара Кадафі ў Беларусь так і не адбыўся. Асноўнымі мэтамі прыездаў лібійцаў было разьвіцьцё супрацоўніцтва ў інвэстыцыйнай сфэры і завяршэньне працы над стварэньнем супольнага банку. Але гэтага банку дагэтуль няма. Сам Аляксандар Лукашэнка пасьля свайго афіцыйнага візыту ў Лібію абяцаў каля 1 мільярду інвэстыцыяў зь Лібіі ў Беларусь.

Але статыстыка cьведчыць пра іншае. У 1997 годзе Беларусь прадала ў гэтую афрыканскую краіну лесаматэрыялы на суму 7 500 даляраў і набыла там лекі коштам усяго 400 даляраў. У 1998 годзе беларуска-лібійскага гандлю ўвогуле не было. У 2000-м беларускі экспарт у Лібію склаў больш як 2,5 мільёна даляраў, імпарту адтуль не было. У 2001 годзе, калі ў Трыпалі ўжо стала працавала беларуская амбасада, экспарту ў Лібію таксама ўвогуле не было.

Акрамя Лібіі, афіцыйны Менск умацоўвае сувязі яшчэ зь дзьвюма праблемнымі краінамі — Суданам ды Іранам. На гэтым тыдні скончыўся рабочы візыт у Менск амбасадара Судану ў Маскве Ібрагіма аль-Кабашы, які сустрэўся з кіраўніком беларускага МЗС Сяргеем Мартынавым, міністрам гандлю ды іншымі менскімі чыноўнікамі, а таксама наведаў трактарны ды аўтамабільны заводы.

А ў пятніцу завершылася іранская нацыянальная выстава ў Менску, дзеля якой у Беларусь прыяжджаў міністар гандлю Ірану Махамад Шарыятмадары. Ён заявіў, што Тэгеран гатовы інвэставаць 500 мільёнаў даляраў у беларускую эканоміку. На гэтую суму ацэньваюцца ўсе супольныя праекты. Паводле спадара Шарыятмадары, найбольш значным сярод іх ёсьць будаўніцтва іранскага гандлёвага дому, які зойме памяшканьні недабудаванай 14-павярховай гасьцініцы ў Берасьці. Але і ў Менску іранская кампанія “Кейсон” зоймецца будаўніцтвам гандлёвага цэнтру — пад плошчай Незалежнасьці. Менскім уладам бракуе сродкаў на гэты падземны горад — у яго пераходах дагэтуль стаяць толькі парожнія вітрыны будучых крамаў і кавярняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG