Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВА ЎРАДЗЕ РАСЕІ ЛІЧАЦЬ, ШТО ПАГАДНЕНЬНЕ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ ПРА ПЕРАХОД НА РАСЕЙСКІЯ РУБЛІ МОГУЦЬ ПАДПІСАЦЬ У ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ВЕРАСЬНЯ


Юры Сьвірко, Менск

Падчас нарады прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Касьянава зь віцэ-прэм’ерамі ды галоўнымі міністрамі было заяўлена, што расейска-беларускае пагадненьне ў выкарыстаньні расейскага рубля як адзінага законнага сродку плацяжоў на тэрыторыі Беларусі можа быць падпісанае ў першай палове верасьня. Пра гэта паведаміў Дэпартамэнт урадавай інфармацыі Расеі, які ня падаў далейшых падрабязнасьцяў, акрамя той, што расейскі віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Аляксей Кудрын паінфармаваў пра завершаньне працы над пагадненьнем зь Беларусьсю.

Той жа спадар Кудрын заявіў падчас нарады, што ў праект фэдэральнага бюджэту Расеі на 2004 год унесеныя апошнія ўдакладненьні, і гэты праект ужо ў аўторак будзе перададзены ў Дзяржаўную Думу. Пакуль невядома, ці ўлучаюць гэтыя ўдакладненьні выдаткі на ўвядзеньне ў Беларусі расейскіх рублёў. Расейскія адмыслоўцы кажуць, што праект бюджэту вельмі вялікі, і зьмены ў ім будуць адбывацца яшчэ некалькі разоў. Прынамсі, намесьнік старшыні бюджэтнага камітэту Дзярждумы Міхаіл Задорнаў сказаў Беларускай Свабодзе, што яму трэба прачытаць гэты праект, каб зразумець, як адаб’ецца на расейскіх фінансах далучэньне Беларусі да рублёвай зоны.

Але ў панядзелак у Маскве праходзіла яшчэ адно паседжаньне — супольнай беларуска-расейскай рабочай групы, якая займаецца пытаньнямі ўвядзеньня расейскіх рублёў на тэрыторыі Беларусі зь 1 студзеня 2005 году. Беларускую дэлегацыю ачольваў кіраўнік Нацыянальнага банку Пятро Пракаповіч. Ён зноў абмеркаваў з расейскімі калегамі праблемы стварэньня адзінага эмісійнага цэнтру саюзнае дзяржавы. Хаця Масква кажа, што 25 жніўня мусіла стаць датай канчатковага ўзгадненьня ўсіх праектаў, прэсавы сакратар беларускага Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч нагадаў, што гэтыя паперы трэба будзе яшчэ разгледзець на паседжаньні Рады Міністраў саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі.

(Журавовіч: ) “Яны ж будуць яшчэ на саюзным Саўміне разглядацца. Як сказалі, калі Касьянаў выйдзе з адпачынку — ён вызначыць. Ён выйшаў ужо. Саюзны Саўмін, я памятаю, першапачаткова прызначаўся на 29 жніўня ўвогуле. Падпісваць жа будуць кіраўнікі ўрадаў і цэнтральных банкаў.

Спадар Журавовіч паведаміў таксама, што пазьней на гэтым тыдні старшыню ўправы Нацбанку Пятра Пракаповіча прыме Аляксандар Лукашэнка, каб заслухаць справаздачу пра паездку ў Маскву.

Ён нагадаў, што там разглядаліся тры праекты пагадненьняў — аб выкарыстаньні расейскіх рублёў як адзінага законнага сродку плацяжоў на тэрыторыі Беларусі, аб парадку выхаду бакоў з гэтага пагадненьня, аб вызначэньні лімітаў прыросту актываў Нацбанку.

Першы намесьнік міністра фінансаў Расеі Аляксей Улюкаеў назваў гэтыя дадатковыя пагадненьні тэхнічнымі ды ўпэўнена заявіў, што зь 1 студзеня 2005 году на тэрыторыі Беларусі можна будзе рабіць плацяжы толькі расейскімі рублямі, а, цытую, “адзіным эмісійным цэнтрам стане Цэнтральны банк Расеі”. У зьвязку з гэтым Цэнтрабанк на адзін год мяркуе даць беларускаму Нацбанку крэдыт на суму да 20 мільярдаў расейскіх рублёў. Апрача гэтага, будзе яшчэ беспрацэнтны і бестэрміновы крэдыт, які дазволіць замяніць беларускія рублі расейскімі. Пры гэтым спадар Улюкаеў зрабіў дзіўную заяву: “На 100 беларускіх рублёў будзе выдана 130 расейскіх наяўных рублёў”. Маскоўскія адмыслоўцы кажуць, што намесьнік міністра фінансаў меў на ўвазе абмен 100 безнаяўных расейскіх рублёў беларускага паходжаньня, хаця й зазначаюць, што для такога чыноўніка падобныя недакладныя заявы недапушчальныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG