Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖАНЧЫНЫ Ў ВЭРТЫКАЛІ: ПАД СОРАК ГОД І БЯЗ ШАНЦАЎ НА ДАЛЕЙШЫ РОСТ…


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Эмансыпацыя пасунула мужчынаў шмат у якіх сфэрах жыцьця, але аніяк не з кіраўнічых пасадаў. Тут у Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, усё засталося амаль па-ранейшаму, а ў прадстаўнічай уладзе колькасьць жанчын-дэпутатак нават паменела. Бо ў канцы 80-х адмянілі негалосную 30-адсоткавую квоту на іхную карысьць.

Разважае лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Жанчыны вельмі дрэнна прадстаўленыя на ўзроўні, дзе прымаюцца рашэньні, але яны ў бальшыні там, дзе рашэньні выконваюцца. Відаць, гэта зьвязана з той агульнай праблемай, што на сёньняшні дзень беларускам больш складана вытрымліваць канкурэнцыю з мужчынамі”.

А вось жаночы погляд на праблему. Слова сакратару ЦК ПКБ Алене Скрыган:

(Скрыган: ) “Агульная статыстыка пры Савецкай уладзе была трошкі горшая, чым сёньня — у сыстэме кіраваньня налічвалася меней за 50% жанчын. Затое ў вышэйшых органах улады іх мелася значна больш. “Слабы пол” у Беларусі сёньня больш адукаваны — няхай не крыўдуюць мужчыны, бо гэта ж статыстыка(!), але нам даюць звычайна ніжэйшыя пасады”.

Дзеля справядлівасьці заўважым: у суседняй Расеі сытуацыя значна горшая — там да кіроўнага руля прабілася толькі 9% жанчын, вылучаных ва ўладу. А паводле агульнай колькасьці кабетаў-чыноўніцаў на тысячу насельніцтва расейцы ўвогуле займаюць 120-е месца ў сьвеце, саступаючы нават афрыканскім ды лацінаамэрыканскім краінам. Дарэчы, кур’ёзна выглядае сытуацыя з кіроўным апаратам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, у статуце якой гучна прадэкляравана ня толькі пра раўнапраўе народаў, але й мужчынаў з жанчынамі, — у выніку розныя камітэты і камісіі там ачольваюць ўсяго 5% бела- і цёмнаскурых місыс...

У беларускай бюракратычнай “прэм’ер-лізе” толькі двума міністэрствамі кіруюць жанчыны, аднак рэгіянальная “вэртыкаль” шмат дзе амаль цалкам жаночая. Так, тры чвэрці аддзелаў Наваполацкага гарвыканкаму ўзначальваюць менавіта спадарыні. Яны адказныя ня толькі за статытыку, страхаваньне, падаткі, але й нават за такую спрадвеку мужчынскую галіну, як фізкульура ды спорт. Фэномэн тутэйшага “чынавенскага матрыярхату” камэнтуе наваполацкі псыхоляг Тацяна Трафімава:

(Трафімава: ) “Я б назвала некалькі прычынаў. Па-першае, гэта вынік жаночай барацьбы за раўнапраўе з моцнай паловай чалавецтва. Па-другое, мы тут сутыкаемся з праяваю мужчынскага інфантылізму. Па-трэцяе, з разьвіцьцём грамадзка-палітычнага прагрэсу рашэньне шмат якіх праблемаў займелі сацыяльнае адценьне. А гэта прывілея якраз жанчын. Дадамо: Наваполацак спэцыфічны ў тым пляне, што тут шмат хімічнай вытворчасьці, адпаведна неблагія заробкі, і таму зьніжаная палітычная актыўнасьць мужчынскай паловы насельніцтва. Тое абумоўленыя таксама тэрыторыяй і мэнталітэтам. Ёсьць яшчэ шэраг прычынаў, якія мы тут проста не называем”.

Магчыма, меліся на ўвазе нюансы, зьвязаныя з палітыкай. Але ў размове пра апарат “вэртыкалі” іх не абыйсьці. Разважае Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “З савецкіх часоў засталося даволі шмат жанчын, якія працавалі ў сфэры ідэалёгіі. І значная іх частка запатрабаваная зараз. Адбылася зьмена: тыя, хто меў маленькія кабінэты, перайшлі ў вялікія, і наадварот. Я магу сказаць пра сваю выбарчую акргу ў Ашмянах. Прадстаўніца ідэалягічнай “вэртыкалі” дэманструе вельмі моцную хватку і разглядаецца як самая галоўная асоба ў рэгіёне, ейны рэйтынг вышэй, чым у “мэра”. Бо ўсе галоўныя палітычныя кампаніі праходзяць менавіта празь яе. Трэба аддаць належнае падобным жанчынам: яны дэманструюць адданасьць ці то Аляксандру Лукашэнка, ці то ягонай ідэалёгіі, ці проста сваёй працы… Як бы там ні было, сёньня гэта істотная апора рэжыму”.

Добра вядома, што ў жанчын лепшыя адаптыўныя здольнасьці — яны хутчэй і арганічней прыстасоўваюцца да новых умоваў. У тым ліку й сацыяльных, ідэалягічных... Пра сёньняшнюю дарадцу мэра Воршы Валянціну Сіднякову распавядае Ала Танчэўская:

(Танчэўская: ) “Я ведаю, што яна працавала ў школе, была гэтак званай актывісткай. Яе “заўважылі” ды ўзялі ў гаркам партыі, у ідэалягічны аддзел інструктарам. Яна ў стане арганізаваць любую справу. Умела арганізаваць, тут трэба аддаць ёй належнае. Памятаю, як яна праводзіла “Дзень пісьменства” ў Воршы — пісьменьнікі былі ў захапленьні! Калі пачыналася беларусізацыя, яна спрабавала на беларускай мове размаўляць. Яна паспрыяла і адкрыцьцю музэя Караткевіча. Але яна адчувала подых ветру!..”

Глыбінныя мэнтальныя ўстаноўкі тых, чый кар’ерны ланцужок складаўся з такіх зьвёнаў, як камсамол-прафсаюз-выканкам-райкам, кансэрватыўны па вызначэньні. Бо вучылі іх не рэфармаваць, а — “удасканальваць”... Таму ў сёньняшніх умовах ім куды прасьцей быць рухавікамі вяртаньня да звыклай палітклясыкі... Новыя элемэнты дэмакратычнага фасаду дзяржавы — свабодны рынак, незалежныя СМІ, ідэйны плюралізм — падаюцца гэткім кадрам чужымі, нават шкоднымі для Беларусі. Невыпадкова цяпер спадарыня Сіднякова амаль не карыстаецца матчынай мовай — навошта, так можна стаць “не сваёй”, а нейкай там “бэнээфаўкай”... Дарэчы, 80% сёньняшняй намэнклятуры прайшлі школу, унівэрсытэты, а то й акадэміі савецкага чынавенства. Вось назіраньні наваполацкай пісьменьніцы Ірыны Жарнасек:

(Жарнасек: ) “Згадаем, скажам, 90-я гады і кабетаў з адказных кабінэтаў, якія адказвалі за адукацыю, за культуру, за нейкія іншыя рэчы. Успомнім, як яны хораша, як ладна пачалі гаварыць па-беларуску, як яны пераконвалі ўсіх, што любяць беларускую культуру і спрыяюць ёй. І зь якой прыхільнасьцю яны ставіліся да кожнага, хто прыходзіў у кабінэт, гаварыў па-беларуску і штосьці прапаноўваў. Усе ўсё любілі, таму што любіць беларускую мову загадалі зьверху... Такая была ўстаноўка Станіслава Станіслававіча Шушкевіча. Шушкевіча ня стал — зьявіўся іншы гаспадар, які запатрабаваў па-іншаму. І спрацаваў той самы мэханізм “адказнасьці”. І ўсе адразу забыліся і на беларускую мову, і на Радзіму, і на культуру і на ўсё астатняе”.

Размаўляем пра тое з Анатолем Лябедзькам:

(Карэспандэнт: ) “Калі рэвалюцыя адступае (“рэвалюцыю” бярэм у двукосьсе, маючы на ўвазе высокі пік грамадзкай, грамадзянскай актыўнасьці), то заўсёды ўсьлед прыходзіць рэакцыя. Жанчыны бліжэй да яе або да рэвалюцыі?”

(Лябедзька: ) “Можна сказаць, што да рэакцыі — яны больш кансэрватыўныя”.

У Ірыны Жарнасек сваё бачаньне загадкавай душы жанчыны-чыноўніцы:

(Жарнасек: ) “Чаму жанчын шмат у чынавенстве? Ды таму, напэўна, што імі лягчэй кіраваць, яны больш паслухмяныя, яны мацней трымаюцца за свае крэслы: баяцца іх страціць, таму што ёсьць яшчэ заплечча, якое за імі “вісіць” — дзеткі, муж, хата й гэтак далей. Але прысутнічае і другі аспэкт. Мне наагул шкада гэтых людзей — людзей, якія ня маюць свабоды, якія ня могуць думаць так, як яны хацелі б, ня могуць рабіць так, як хацелі б”.

Тацяна Філімончык — адзіная на Гомельшчыне жанчына, якая ўзначальвае раённую адміністрацыю. Пры камуністах была сакратаром парткаму вагонарамонтнага заводу. А калі на пачатку 90-х у абласным цэнтры арганізаваўся клюб выбарцаў, яна выявіла ўжо дэмакратычныя погляды, дзякуючы чаму і зрабіла кар’еру. Бо горадам кіравалі тады вальнадумцы Сьвятлана Гальдадэ і Віктар Карніенка. Калі ж яны сталі няўгоднымі новай уладзе, сыйшлі ў апазыцыю, спадарыня Філімончык зьмяніла свой імідж, пра што й распавядае былая супрацоўніца выканкаму Галіна Скараход:

(Скараход: ) “Тацяна Філімончык — гэта вельмі жорсткі чалавек. Яна будзе працаваць пры любой уладзе, якая дасьць ёй магчымасьць выкарыстоўваць гэтую ўладу ў сваіх прыватных мэтах і пакінуць за сабою пасаду кіраўніка адміністрацыі ці любой іншай структуры. Яна будзе больш клапаціцца пра вонкавы антураж сваёй дзейнасьці, чым вырашаць канкрэтныя, вострыя сацыяльныя пытаньні”.

Напрыклад, раённая адміністрацыя не цырымонілася нават з вэтэранамі вайны і працы, калі імкнулася вынесьці прыватныя гаражы з Заходняга мікрараёну фактычна за межы гораду — каб не псавалі выгляд. Адначасова такое неабходнае, але дужа клопатнае добраўпарадкаваньне двароў і вуліц падмянілі выключна пасадкай кветак.

Дарэчы, разважаючы пра ролю ўласна жаночага ў службовай кар’еры жанчын, Ала Танчэўская з Воршы кажа:

(Танчэўская: ) “Гэта даўно вядома, што жанчына ёсьць або добрай гаспадыняй, або выбітным адмыслоўцам. Усё спалучыць разам цяжка. Таму калі ў жанчыны няма сям’і, няма дзяцей, няма клопату, то яна ўсю сябе здатна аддаваць дзяржаўнай службе”.

Вера Емяльянава працягвае гэтую думку, калі згадвае пра лёс ужо вядомай нам Валянціны Сідняковай і загадчыцы раённага аддзелу адукацыі Людмілы Анікеевай:

(Емяльянава: ) “Сіднякову як чалавека я ведаю болей: у нейкай ступені яна можа паспрыяць, паспачуваць. У яе яшчэ засталіся такія рысы. Я лічу, жанчына мусіць выбіраць: кар’ера ці сям’я. А ейны лёс склаўся так, што ёсьць толькі муж. Не было ў яе дзяцей. Тады на першым пляне ў яе была кар’ера. А ў Анікеевай ёсьць сям’я, ёсьць дзеці. Але на першым мейсцы — кар’ера. Напэўна, у яе “тылы” вельмі моцны я — нехта дапамагае дзяцей даглядаць”.

Трапнасьць сказанага пра тылы жанчын-начальніцаў ацэньваеш, напрыклад, калі назіраеш, як Лукашэнка “разьбіраецца” на бясконцых нарадах, сэмінарах з рознамаштабнымі кадрамі. У сваю чаргу гэткая практыка зь яшчэ большым “энтузыязмам” тыражуецца затым на абласным і раённым узроўнях — літасьці няма ні да мужчынаў, ні да жанчын... Сваімі ўражаньнямі дзеліцца Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Вельмі спачуваю міністру працы, Антаніне Моравай — перад тэлекамэрай кіраўнік краіны хіба ці не проста назваў яе пляткаркай. Маўляў, трэба працаваць, а не распушчаць плёткі пра нібыта падвышэньні пэнсійнага веку… Хоць усе ведаюць: гэта дзяржаўная праграма, распрацаваная і ўхваленая Саветам Міністраў… Папулізм вымусіў кіраўніка так выказацца на адрас жанчыны, хоць гэта немагчыма нават у адносінах да моцнага полу. Таму лічу, што ў атмасфэры цяперашняе ўлады жанчынам вельмі й вельмі няпроста. На кожным кроку іх могуь абарваць, прынізіць… Могуць растаптаць чалавечую годнасьць”.

Нагадваю спадарыні Скрыган, што разам з тым менавіта пры сёньняшняй уладзе зьявіліся прэцэдэнты, калі зь нізоў мясцовай эліты ў Менск бралі жанчын-чыноўніцаў і яны неўзабаве вырасталі ў фігуры дзяржаўнага маштабу — гэткі своеасаблівы рэнэсанс пачатку савецкай эры, рэха лёзунгаў пра кухарак ва ўрадзе...

(Карэспандэнт: ) “Ермакова і Ярмошына… — адная з Бабруйску, другая са Шклоўскага раёну: у якім сэнсе найноўшая беларуская намэнклятура адпавядае тэхнакратычнай тэорыі Лукашэнкі, што ў Беларусі рэформы праводзяць не лябаранты з прафэсурай, а практыкі ды прагматыкі — гэта плюс уладзе?”

(Скрыган: ) “Калі адбываецца сёньняшняе — з раённага ці нават яшчэ ніжэйшага ўзроўню людзі кідаюцца праз усе ступенькі ў вышэйшую, дзяржаўную ўладу, то, вядома, гэта дрэнна. Бо яны разумеюць: тое здарылася па волі аднаго чалавека, чыя рука выпіхнула іх угару… У выніку застаецца псэўдаўдзячнасьць і пакорлівасьць… Пакорлівасьць будзе прысутнічаць да тае пары, пакуль гэтыя людзі працуюць”.

Аднак вонкавая паслухмянасьць — нярэдка толькі прыкрыцьцё. На справе чыноўнікі бесцырымонна, нахабна дбаюць найперш пра асабістыя мэркантыльныя інтарэсы. Але пры гэтым наракаюць на “цяжкі” лёс: заробак малы, працы па горла, за памылковы крок турма... Цікава, аднак, што вакантных месцаў у дзяржаўных структурах кіраваньня практычна няма: хіба вартая ўвагі сьмешная лічба — 0,3%? Размаўляем пра тое з Анатолем Лябедзькам:

(Карэспандэнт: ) “Нягледзячы на ўласьцівы любой намэклятуры карпарацыйны дух, мясцовыя начальнікі, падаецца, зараз больш разьяднаныя, чым пры КПСС. Бо сёньня амаль кожны хоча дабіцца для сябе рэальнай выгады на сваёй дзялянцы… А жанчыны-начальнікі — яны ірвуцца, не ірвуцца да грошай, яны схільныя да авантураў, яны выкарыстоўваюць сваё службовае становішча?”

(Лябедзька: ) “Палітыка, якую праводзіць беларускі Чырвоны дом, скіраваная не проста на канкурэнцыю паміж бюракратамі, а падштурхоўвае таго, хто сядзіць ніжэй, да спробы выкапаць яму для таго, хто вышэй за яго… Гэта тычыцца ўсіх. А што толькі да жанчын, то ў краіне шмат шлюбаў, калі яна начальніца, а муж на прыступку ці дзьве ніжэй… І гэты клопат пра сям’ю вымушае іх не спыняцца ні перад чым. Аднак калі глянуць крымінальную статыстыку па “вэртыкалі”, то жанчыны выглядаюць больш асьцярожнымі. Ці яны такім чынам абстаўляюць справу, што рэдка калі трапляюць на лаву падсудных”.

На Гомельшчыне добра ведаюць Валянціну Станкевіч, якая доўгі час была сакратаркай партарганізацыі на фабрыцы “8 Сакавіка”, а затым стала дырэктаркай. Цяпер гэта праблемнае прадпрыемства: ідзе скарачэньне, зьнізіліся заробкі і аб’ёмы вытворчасьці, паменеў экспарт нават у Расею... Аднак сёлета спадарыня Станкевіч прыдбала шыкоўную службовую іншамарку. Вось што яна распавядае:

(Станкевіч: ) “Гэта машына не “Нісан”, а “Мазда”. Недарагая коштам — 18 тысячаў эўра. Яна ўзята намі ў лізінг. Куплена ў лізінг, і я плачу кожны месяц 500 тысячаў рублёў”.

Як кажуць, кожнаму сваё... Людміла Туміловіч з Узьдзенскага раёну за 5 гадоў старшыняваньня падняла палеглы калгас, аднак атрымлівае толькі 250 тысячаў рублёў. Хоць з-за адсутнасьці кадраў выконвае яшчэ абавязкі эканаміста і агранома. Па дваццаць гадзінаў у рабоце, разьвялася з мужам, але пра ніякую “мазду” і ня марыць: задужа ўдзячная, што менскі “губэрнатар” нядаўна падарыў гаспадарцы новенькі трактар МТЗ-82...

(Туміловіч: ) “Старшыня да мяне быў п’яніцам. У мэханізатараў таксама ніякага жаданьня працаваць. Яго зьнялі, мяне пачалі ўгаворваць… Што толькі я не рабіла, нават плакала, бо ведала — гэта “ляжачая” гаспадарка. Пагадзілася часова, пакуль кагосьці знойдуць. Першую восень неяк цудам пасеяліся, а як пасеяліся, дык і пайшло… А два апошнія гады ў нас ужо й цялятак хапае. У людзей надзея зьявілася”.

Аднак старшынёўская пасада ня стала лягчэйшай:

(Туміловіч: ) “Што й казаць: гэта не жаночая праца, вельмі цяжкая. Бо ўвесь аддаешся ёй. Калі не аддавацца, то немагчыма мець нейкія вынікі”.

У падпарадкаваньні Людмілы, век якой каля сарака гадоў — амаль клясычны для жанчын з “вэртыкалі” — 130 калгасьнікаў. Як працуецца з мужчынамі?

(Туміловіч: ) “Усяляк. І “маты” гну. Усяго хапае. Бывае, нават адлупцую дубцом. Бо п’яныя, ня робяць таго, што трэба. Неабходна было сена прасаваць, а ён схаваўся ў кустах і сьпіць... Знайшла, дык ужо так адлупцавала! А што рабіць? Гэта жыцьцё...”

Пра далейшую кар’еру спадарыня Туміловіч не разважае, з раздражненьнем кажа: “Ды ну яе, і так хоць тапіся!..” Але сацыёлягі сьведчаць: досьвед папярэдніц не спыняе беларусак, каму да трыццаці, — яны гатовыя пазмагацца з мужчынамі за добрыя пасады, хоць і бачаць, што тая праца няпростая. Гэткая амбітнасьць — прыкмета часу: каштоўнасьці маладых робяцца іншымі — як на Захадзе, у Амэрыцы. І шмат хто ставіць мэтай паступленьне менавіта ў прэзыдэнцкую Акадэмію кіраваньня, бо адтуль разгон лепшы... Пры гэтым будучыню сваю парадаксальным чынам зьвязваюць менавіта з сыходам дзейнага кіраўніка дзяржавы, рэстаўратара савецкай бюракратычнай машыны... У такім мысьленьні больш не цынізму, а цьвярозага разьліку. Таго прагматызму, да якога й заклікае Лукашэнка падчас выступаў у студэнцкіх аўдыторыях... Выклік прыняты: новыя жанчыны Беларусі рыхтуюцца да ратацыі ў новую ўладную эліту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG