Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ КРЫМІНАЛЬНЫЯ СПРАВЫ СУПРАЦЬ ДЫРЭКТАРАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія трапілі ў поле зроку праваахоўчых органаў, ёсьць прадстаўнікі вядомых у Беларусі заводаў-гігантаў і нават уплывовага інстытуту Акадэміі Навук. У фінансавых злоўжываньнях абвінавачваюць намесьніка дырэктара трактарнага заводу Івана Літошку. У хабарніцтве падазраецца дырэктар Менскага заводу аўтаматычных лініяў Вялінцін Валахановіч. Цікава, што і адзін, і другі прызначаныя на свае пасады два гады таму.

Валянцін Валахановіч пачынаў працу на заводзе з простага фрэзэроўшчыка. Да прызначэньня на пасаду дырэктара некалькі гадоў працаваў галоўным інжынэрам. Менскі завод аўтаматычных лініяў — адзін з найлепшых у Беларусі. Адрозна ад іншых прадпрыемстваў, ён здолеў знайсьці новых партнэраў і заключыць дамовы на доўгі тэрмін. Гэта адбылося пасьля прызначэньня на пасаду дырэктара Валянціна Валахановіча.

На заводзе аўтаматычных лініяў дзейнічае Свабодны прафсаюз. На думку актывістаў гэтага прафсаюзу, дырэктара абвінавацілі дзеля таго, каб вызваліць яго крэсла для іншага чалавека. Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу Міхал Водчыц:

(Водчыц: ) “Я лічу, што гэта ёсьць нейкай палітычнай акцыяй, скіраванай на дырэктараў такога ўзроўню, як наш дырэктар. На пасадзе дырэктара ён працаваў недзе два гады. За гэты час у нас трохі павысіўся заробак. Ну, а тое ў чым яго абвінавачваюць… Было, ці не, я сам не магу пра гэта казаць. Ня ведаю. На справе ніхто нічога ня ведае. Па заводзе розныя чуткі ходзяць, але канкрэтна ніхто нічога не гаворыць. Дырэктар наш ня самы горшы. За мае 27 гадоў працы на прадпрыемстве былі дырэктары і горшыя”.

На заводзе ходзяць розныя чуткі. Рабочыя кажуць, што дырэктара абвінавачваюць у тым, што ён нібыта прадаваў па нізкіх цэнах старое абсталяваньне, якое ўжо выпрацавала свой рэсурс, прыватным унітарным прадпрыемствам. Таксама ў кулюарах кажуць, што на пасаду дырэктара ўжо ёсьць кандыдат і што нібыта з 1 жніўня будзе афіцыйнае паведамленьне аб гэтым.

Некалькі дырэктараў невялікіх заводаў рамонту камунальнай тэхнікі таксама трапілі пад сьледзтва.

Тым часам дырэктар Інстытуту цепламасаабмену акадэмік Алег Мартыненка, супраць якога распачалі крымінальную справу, трапіў у шпіталь лечкамісіі з прычыны пагаршэньня стану здароўя.


Цяперашняя хваля арыштаў кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў – зусім ня першая. У лістападзе 2001 году быў арыштаваны дырэктар заводу “Атлант” Леанід Калугін, за кратамі ён правеў паўтара году і сёлета быў вызывалены па амністыі. Тады ж быў арыштаваны кіраўнік беларускай чыгункі Віктар Рахманько. У студзені 2002 году трапіў за краты генэральны дырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў. Зараз у Менску адбываюцца судовыя працэсы ў справах Рахманька і Лявонава. Гэта – толькі самыя гучныя справы прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу. На самой справе іх дзясяткі. Цяпер да іх дадаліся яшчэ 5.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG