Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЕМ ЛІТОЎСКІХ ДЫПЛЯМАТАЎ ПАЙШЛІ Ў АДСТАЎКУ ЗА ДЗЕЙНАСЬЦЬ, ЯКАЯ ПАГРАЖАЛА БЯСЬПЕЦЫ ЛІТВЫ


Віталь Каракорскі, Вільня

У чацьвер стала вядома, что сваю прэстыжную службу павінны пакінуць ажно сем літоўскіх дыпляматаў на чале з дырэктарам Консульскага аддзелу Міністэрства замежных справаў Літвы Гядымінасам Шаўдвіцісам. А сёньня, як у падобных выпадках заўсёды адбываецца ў Вільні, прэс-канфэрэнцыю склікаў сам шэф літоўскае дыпляматыі Антанас Валёніс. На жаль, журналісты так і не даведаліся пра тое, что насамрэч здарылася. Міністар Валёніс, як і трэба сапраўднаму дыплямату, фармуляваў гэткім чынам: “Супрацоўнікі МЗСу страцілі давер... ня спраўдзілі надзеяў...” і гэтак далей. “Калі хто хоча запытацца, ці гэта – шпіёнскі скандал, дык аніякай перадачы інфармацыі спэцыяльным службам замежных дзяржаваў не было”, – сьцьвердзіў міністар. Паводле Валёніса, таксама няма мовы пра карупцыйную сыстэму ў ягонае ўстанове. Дык пра што ідзецца? “Пра пэўнае парушэньне законаў”, а таксама “пра пагрозу бясьпеке”.

Незалежныя аглядальнікі прапануюць свае гіпотэзы. Палітычны камэнтатар тыднёвіка “Вяйдас” Аўдрус Бачуліс сказаў у прыватнай размове, што справа гэтая датычыць Калінінградзкага транзыту і што скандалу не было бы, калі б ня моцны ціск з боку Эўразьвязу, усходняй мяжой якога сёньня фактычна ёсьць літоўская дзяржаўная мяжа. Аглядальнік газэты “Летувос жынёс” Арас Лукшас у сваю чаргу думае, што гэткім чынам са сваёй пасадай разьвітваецца шэф літоўскае дзяржаўнае бясьпекі Мячыс Лаўрынкус, які, гэта ўжо вядома, у жніўні накіруецца амбасадарам у Гішпанию. Дарэчы, спадар Шаўдвіціс таксама павінен быў у хуткім часе ехаць амбасадарам – у Турцыю, але...

У падтрымку апошняе вэрсіі сьведчыць і тое, што на мінулым тыдні выбухнуў карупцыйны скандал у судовай сыстэме Літвы. Як і ў выпадку з дыпляматамі, першаснай крыніцай інфармацыі на той момант былі зноў-такі хлопцы спадара Лаўрынкуса. А беларускія журналісты маюць добры шанс глыбей даведадца пра падрабязнасьці літоўскага дыпляматычнага скандалу, паколькі два яго ўдзельнікі працавалі ў Менску – дарадца амбасады Лінас Валетукявічус і другі сакратар Рычардас Рамошка. Тым больш, што ў гэтых экс-дыпляматаў павінны былі быць і беларускія паплечнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG