Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ ВЫПРАЦОЎВАЕ СУПОЛЬНУЮ СТРАТЭГІЮ НА ВЫПАДАК РЭФЭРЭНДУМУ


Валер Каліноўскі, Менск

Кансультацыі паміж кіраўніцтвам БНФ, АГП, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Партыі працы і ПКБ аб супольнай стратэгіі падчас верагоднага рэфэрэндуму на тэму працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў А.Лукашэнкі выйшлі на прамежкавы фініш. Дасягнутыя прынцыповыя пагадненьні адносна агульнай пазыцыі. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Першае, што палітычныя партыі ў сёньняшніх умовах, пры існоўным заканадаўстве і практыцы яго прымяненьня катэгарычна супраць такога рэфэрэндуму. Другая пазыцыя — калі Лукашэнка ўсё ж не зважаючы на вынікі сацапытаньняў, на адсутнасьць палітычнай падтрымкі з боку міджнароднай супольнасьці і Масквы, пойдзе на рэфэрэндум, то партыі ня будуць яго байкатаваць.

А будуць актыўна браць удзел, зьвяртаючы ўвагу на тое, што каля 5 мільёнаў выбарцаў падтрымліваюць у пытаньні недапушчэньня зьмены Канстытуцыі дзеля працягу паўнамоцтваў А.Лукашэнкі. Ёсьць таксама супадзеньне пазыцыяў па тым, што пытаньне рэфэрэндуму зьяўляецца прыярытэтам нумар адзін”.

Анатоль Лябедзька кажа, што на наступным тыдні будзе распрацаваны плян канкрэтных захадаў у справе процідзеньня працягу паўнамоцтваў А.Лукашэнкі. Да гэтых захадаў змогуць далучыцца й іншыя апазыцыйныя партыі. Спадар Лябедзька лічыць, што верагоднасьць канстытуцыйнага рэфэрэндуму высокая, але падрыхтоўка да яго яшчэ не перайшла на ніжэйшыя ўзроўні вэртыкалі.

(Лябедзька: ) “Калі гэты рэфэрэндум адбудзецца, то ён будзе праходзіць у прынцыпова новых умовах. Яшчэ ніколі Лукашэнка не праводзіў рэфэрэндум, маючы такі нізкі асабісты рэйтынг. І па-другое, ніколі яшчэ не было рэфэрэндуму, калі А.Лукашэнка ня меў моцнага тылу ў выглядзе Расейскай Фэдэрацыі”.

Цяпер дзьве гэтыя акалічнасьці прымушаюць А.Лукашэнка пакуль прамаруджваць і вагацца, прымаць канчатковае рашэньне ці не — сказаў А.Лябедзька.

Адзін зь лідэраў ПКБ Алена Скрыган таксама мяркуе, што сёлета няма аб’ектыўных умоваў для абвяшчэньня рэфэрэндуму аб працягу паўнамоцтваў А.Лукашэнкі. Але апазыцыі рыхтавацца трэба і да гэтай кампаніі, і да выбараў у парлямэнт.

(Скрыган: ) “Першае, трэба дабівацца зьменаў у Выбарчы кодэкс. Другое — гэта немагчымасьць удзелу ў парлямэнцкіх выбарах і магчымым рэфэрэндуме без сыстэмы назіраньня. Таму мы таксама ўжо працавалі на многіх выбарах разам зь іншымі палітычнымі партыямі. Магчыма, мы пойдзем і на тое, каб прынамсі ведаць, хто ў якой акрузе вылучаецца, і колькі будзе дэмакратычных кандыдатаў у кожнай акрузе”, — сказала Алена Скрыган.

Прадстаўнікі апазыцыі лічаць, што калі ўдасца дабіцца зьменаў у Выбарчы кодэкс, то яны магуць разьлічваць на палову складу парлямэнту. Калі ня ўдасца, то выбарчую кампанію яны выкарыстаюць для растлумачальнай працы, каб паказаць людзям альтэрнатыву цяперашнім уладам.

Тым часам у ЛДПБ асобная пазыцыя. Паводле яе кіраўніка Сяргея Гайдукевіча, партыя ўмацоўвае свае рэгіянальныя сруктуры, і ў будучых палітычных кампаніях яна будзе браць удзел самастойна. Адносна верагоднага рэфэрэндуму ЛДПБ займае пазыцыю байкоту:

(Гайдукевіч: ) “Любая палітычная партыя ня можа ўдзельнічаць у такім бяспраўі. Таму — найактыўнейшы байкот, актыўна ўздымаць пытаньні, трэба ісьці ў насельніцтва, трэба вырашаць пытаньні, вырашаць праблемы”.

Сяргей Гайдукевіч лічыць памылковай адмову БНФ, АГП ды іншых партыяў ад стратэгіі байкоту верагоднага рэфэрэндуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG