Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЮ ПА АБСЭ НЕ ПУСЬЦІЛІ Ў НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПРЭСАВЫ ЦЭНТАР


Юры Сьвірко, Менск

Сваю прэсавую канфэрэнцыю пра вынікі візыту дэлегацыі рабочай групы ПА АБСЭ яе сябры былі вымушаныя ладзіць у адгароджаным куточку рэстарацыі “Вэстфалія”, які знаходзіцца побач з офісам АБСЭ ў Менску. Кіраўніца дэлегацыі Ута Цапф назвала гэта “незвычайнай прэсавай канфэрэнцыяй у незвычайных абставінах”. Паводзіны Нацыянальнага прэсавага цэнтру яна назвала “дзіўнымі й загадкавымі”.

Паводле спадарыні Цапф, амбасадар Гайкен зрабіў замову й заплаціў прэсаваму цэнтру, але за дзень да прызначанай прэсавай канфэрэнцыі яму паведамілі, што памяшканьне ня будзе даступным. “Як я зразумела, адбылося ўмяшаньне з боку МЗС — міністэрства запыталася, чаму яно недаступнае, і адказ быў адзін: з тэхнічных прычынаў”, — распавяла Ута Цапф.

Толькі зараз высьветлілася, што менскі офіс АБСЭ аплачваў Нацыянальнаму прэсаваму цэнтру канфэрэнцыі з удзелам прадстаўнікоў АБСЭ. Я задаў кіраўніку офісу Эбэргарту Гайкену пытаньне — ці ёсьць гэта нармальнай практыкай?

(Гайкен: ) “Наколькі я ведаю, так. Гэта так — гэта нармальна, што мы заплацім грошы”.

Але нават грошы часам у Беларусі не дапамагаюць. Паводле зьвестак з Нацыянальнага прэсавага цэнтру, аплачанае мерапрыемства з удзелам Уты Цапф загадаў скасаваць новы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алег Праляскоўскі, які адказвае за ідэалёгію.

Сябры Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ апынуліся ў той самай сытуацыі, што й беларуская апазыцыя, якую не пускаюць у дзяржаўныя СМІ. Пра становішча апазыцыянэраў спадарыня Цапф выказалася гэтак: “Яны не зьяўляюцца ў навінах, не зьяўляюцца ў газэтах, яны ня могуць даваць камэнтары на тэлебачаньні. Гэта тое, што мусіць мець дачыненьне да новага закону аб сродках масавай інфармацыі, але гэта ня толькі закон — гэта палітычная стратэгія адмаўляць ім у пашырэньні іх ідэяў”. Ута Цапф назвала гэта прадметам заклапочанасьці, таму што крытэры АБСЭ не зьмяніліся.

Афіцыйнаму Менску ня трэба чакаць палёгкі й пасьля таго, як дэлегацыя Нацыянальнага сходу атрымала паўнавартаснае месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Нагадаўшы пра гэта, іншы сябра рабочай групы швэдзкі парлямэнтар Урбан Алін сказаў:

(Алін: ) “Заняць месца — адна рэч. А каб вас паважалі — іншая рэч”.

Урбан Алін і Ута Цапф казалі на прэсавай канфэрэнцыі ў рэстарацыі “Вэстфалія”, што пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу ў наступным годзе зможа даць Беларусі магчымасьць атрымаць “морквіны”. У ангельскай мове фраза “морквіны й палкі” значыць тое самае, што й “пернікі й пугі”. Таму я спытаўся, а ці гатуюць для Беларусі “палкі” або “пугі”?

(Алін: ) “Пра палкі. Як вы можаце ведаць, я — старшыня камісіі міжнародных справаў швэдзкага парлямэнту, і часта працую з краінамі ў цяжкім становішчы. Калі быць шчырым, найлепшай палкаю ў гэтых краінах ёсьць звычайнае жыцьцё звычайных людзей. Звычайныя людзі адчуваюць у сваім жыцьці, што становіцца горш. Цэны падвышаюцца, праблемы павялічваюцца, з кожным днём усё цяжэй выжыць. І гэта мусіць быць найбольш важнай палкаю ў гэтай краіне.

Што да іншых палак з боку міжнароднай супольнасьці, я кажу, што цяпер яны (беларускія дэпутаты) занялі месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. І я падкрэсьліваю — гэта не бясплатная паездка. Калі вы маеце палітычную сілу, вы таксама маеце палітычную адказнасьць. І гэта тое пытаньне, якое будзе закранацца Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ. Парлямэнтары будуць сустракацца з парлямэнтарамі іншых краін, задаючы ім пытаньне: як можа быць так, што расьсьледаваньні наконт зьніклых людзей закрытыя, чаму вы зьмяняеце закон, які яшчэ больш ускладняе правядзеньне дэманстрацыяў у вашай краіне, калі вы зьбіраецеся зьмяніць Выбарчы кодэкс, каб ён больш адпавядаў міжнародным стандартам і каб мы вас маглі паважаць. Вось гэта — палкі. Адначасова гэта й маркоўка, таму што я ведаю: парлямэнтары хочуць, каб іх выбіралі і каб іх паважалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG