Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ ЛІЧАЦЬ, ШТО ІСНУЕ СУР’ЁЗНАЯ ПАГРОЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ КРАІНЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што асобы, якія рыхтавалі праект гэтага Канстытуцыйнага акту, здрадзілі незалежнасьці беларускай дзяржавы:

(Вячорка: ) “Вельмі небясьпечна ўжо тое, што зьявіўся гэты тэкст, які ў асноўным узгоднены, — што вельмі трывожна. Возьмем артыкул 32 — супольная абароннная палітыка, разьвіцьцё ўзброеных сілаў суб’ектаў Саюзнае дзяржавы, функцыянаваньне рэгіянальнай групоўкі войскаў, памежная палітыка і г.д. Гаворка йдзе пра зацягваньне Беларусі ў расейскую ваенную прастору. Гэта тое, чаго ня хоча абсалютная бальшыня беларусаў. Возьмем артыкул 6 — Саюзная дзяржава мае адзіную грашовую адзінку. Грашовая эмісія ажыцьцяўлецца выключна адзіным эмісійным цэнтрам... З гэтага вынікае, што зьнішчаецца эканамічны сувэрэнітэт Беларусі. Гэта здача незалежнасьці”.

Лідэр БНФ гаворыць, што небясьпека прыняцьця гэтага акту вельмі вялікая, і ўсе пласты незалежнага грамадзтва мусяць як найхутчэй выступіць у абарону беларускай незалежнасьці.

Кіраўніца аб’яднаных сацыял-дэмакратаў Валянціна Палевікова бачыць небясьпеку для беларускай незалежнасьці найперш у тых пунктах Канстытуцыйнага акту, дзе гаворыцца пра адзіную вайсковую палітыку г.зв. Саюзнае дзяржавы:

(Палевікова: ) “Справа сур’ёзная і вельмі небясьпечная. Мяне найперш хвалюе лёс незалежнасьці Беларусі. А вельмі многія пункты акту пагражаюць беларускаму сувэрэнітэту. Гэта й фінансавыя дачыненьні, і эмісійны цэнтар. Але найбольш мяне — як жанчыну, як маці — хвалюць тыя вайсковыя гульні, што адлюстраваныя ў праекце. Гэта вельмі страшна — Расея ўвесь час недзе разьвязвае бойню, дзесьці ваюе. Ідзе вялікая гульня, на жаль, гульня небясьпечная... Вельмі шмат было зроблена захадаў па прасоўваньні праекту гэтае дамовы з боку расейскіх вядомых палітычных асобаў. Вельмі хвалюе тое, што паміж Лукашэнкам і Пуціным вядуцца нейкія перамовы. І, можа, зь іхнай агульнай згоды гэта і адбываецца”.

Кіраўніца аб’яднаных сацыял-дэмакратаў заклікае дэмакратычныя сілы Беларусі да кансалідацыі, каб супольна супрацьстаяць пагрозе зьнішчэньня беларускай незалежнасьці.

А вось лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць зьяўленьне праекту гэтага Канстытуцыйнага акту больш рэклямным крокам з боку Масквы:

(Лябедзька: ) “Трэба падрабязна вывучыць тэкст акту — ці адпавядае ён лукашэнкаўскай канстытуцыі, не гаворачы пра тое, што для міжнароднай супольнасьці застаецца легітымнай Канстытуцыя 1994 году. Гэты праект канстытуцыйнага акту больш выглядае на такі піяраўскі крок, чым на дакумэнт, што будзе напаўняцца нейкім канкрэтным зьместам. Натуральна, што Пуціну, які валодае інтэграцыйнай ініцыятываю, трэба прадэманстраваць частцы расейскага электарату, што ён ня горшы за Ельцына ды іншых папярэднікаў.

Таму, мне падаецца, што для Крамля мэтазгодна напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі прыняць нейкі акт. Для Лукашэнкі — гэта таксама мажлівасьць пацягнуць час. Натуральна, што для Беларусі гэты акты нічога абсалютна не дае”.

Разам з тым лідэр АГП лічыць, што пагроза незалежнасьці Беларусі цяпер абвастрылася, і апазыцыі трэба быць да гэтага падрыхтаванай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG