Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК МЕНЧУКАМ СЬВЯТКУЕЦЦА?


Галіна Абакунчык, Менск

Бальшыня апытаных на вуліцах гораду менчукоў казала, што добра адзначае сьвяты.

(Спадарыня: ) “Добра адзначаем. Хапае грошай, пэнсія ў мяне вялікая. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Я вельмі ўдзячная сёньняшняму дню й гэтаму сьвяту, бо ўсё зрабіла, як заплянавала: і зь сябрамі сустрэлася, і вось да царквы дабралася”.

(Спадар: ) “Задаволены. Усё ўдалося, як хацелася. І дзеці радыя, і жонка. Я ўладкоўваюся на працу, бо вельмі доўга не працаваў. Так што збываюцца ўсе мары”.

(Спадарыня: ) “Калядкі — сьвята спрадвечнае. Як даўней сьвяткавалі, так і цяпер: накрывалі стол, езьдзілі ў вёску й там сьвяткавалі па-даўнейшаму. Хапіла ўсяго, але, канечне ж, можна было й лепш”.

Аднак сьвяткаваньнямі з самых розных прычынаў задаволеныя ня ўсе.

(Спадарыня: ) “Ня дужа задаволеная, можна было й лепш. Трэба было год Казы сустракаць у кампаніі зь людзьмі, а мы сустракалі дома зь сям’ёй. Не хапае нашага заробку. Каб маглі дазволіць сабе нешта большае, то было б і весялей, і людзі мелі бы большае задавальненьне”.

(Спадарыня: ) “Як атрымалася ўжо. Ня ўсё матэрыяльна можна было сабе дазволіць. Ёсьць усялякія праблемы”.

(Спадар: ) “Ня вельмі добра я сустрэў гэты Новы год, бо мне не спадабалася надвор’е, а таксама я пасварыўся са сваёй каханай дзяўчынай”.

(Спадарыня: ) “Для нас вельмі цяжкімі былі сьвяты, бо ў нашай сям’і здарылася няшчасьце”.

(Спадарыня: ) “Каб не праблемы зь дзецьмі, то ўсё было б добра. Кідаемся толькі да Бога, больш ні да кога. Больш ніхто не дапаможа”.

Сярод маіх выпадковых суразмоўцаў былі й тыя, хто падчас сьвятаў працаваў.

(Спадар: ) “Я нэўрахірург. Я ўчора зрабіў дзьве апэрацыі, а гэта значыць, што выратаваў два чалавечыя жыцьці, і гэта мне й Богу падарунак да Раства. Але іншы раз мне здаецца, што Бог адвярнуўся ад нашых хворых, ад нашай краіны й ад нашага народу. Для нас праблема — як пракарміцца, зрабіць рамонт альбо набыць самыя неабходныя рэчы. А ў нармальнай краіне ў людзей гэтыя клопаты — не праблема. Але мы жывем там, дзе жывем”.

Многія мінакі казалі таксама, што на сьвяты давялося патраціць амаль усе назапашаныя грошы і заўтра жыць давядзецца больш сьціпла. Аднак яны не губляюць аптымізму.

(Спадарыня: ) “Канечне, усё на сьвята спускаецца. А пасьля будзем жыць, як Бог дасьць”.

(Спадарыня: ) “Ну, якія грошы могуць быць у пэнсіянэркі. У мяне пэнсія 110 тысяч рублёў, камунальныя паслугі плачу 35, і кажуць, што ў студзені яны яшчэ падаражэюць. Як пражыць на астатнія грошы?”

(Спадар: ) “Канечне, давядзецца ўціснуць свой бюджэт. Аднак жыцьцё працягваецца”.

(Спадарыня: ) “Вядома, хацелася, каб лепш было. І заробкаў было больш, і ўсяго”.

(Спадарыня: ) “Кожны дзень — гэта сьвята, ці той дастатак ёсьць у хаце, ці яго няма. Тое, што ты патрэбны людзям, што можаш радавацца сонейку, камусьці дапамагчы — гэта павінна чалавека неяк супакойваць. Са сьвятам вас”.
XS
SM
MD
LG