Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛЬСКАГА ВІЗЫТАТАРА ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ ЗАМЕЖЖА АЙЦА АЛЯКСАНДРА НАДСАНА


Ул. інф.

CУПАКОЙ НА ЗЯМЛІ

Вось Дзіця нарадзілася нам, Сын быў дадзены нам: улада спачыла на ягоных плячох. І дадуць яму імя: Анёл вялікай рады, дзіўны дарадчык, Бог магутны, Уладар, Князь супакою, Айцец будучага веку. (Іс 9:5)

Калядныя сьвяты прыходзяць з занудлівай рэгулярнасьцю кожны год ужо праз колькі стагодзьдзяў. Столькі словаў было сказана пра гэтае сьвята, столькі прыгожых песьняў створана, што, здавалася б, ужо не засталося нічога новага сказаць. Дый ці трэба высільвацца на нешта новае, ці ня варта часам затрымацца і ўдумацца ў старое, ужо сказанае, як, прыкладам, толькі што прыведзеныя словы прарока Ісаі, якія былі сказаныя больш за семсот гадоў да нараджэньня Хрыста.

“Дзіця нарадзілася нам...” Што можа быць больш бездапаможным, больш бяскрыўдным і адначасова больш нявінным, як нованароджанае дзіцятка? Ягонае існаваньне цалкам залежыць ад іншых людзей, у першую чаргу бацькоў. І трэба мець сапраўды закамянелае сэрца, каб не адчуць цеплыні і спагады, калі гэтая маленькая істота працягвае да цябе даверліва свае ручкі.

“Улада супачыла на ягоных плячох”. І вось гэты Ўладар сам дабравольна аддаецца ў рукі сваіх падуладных, як бездапаможнае дзіцятка. Ён адмаўляецца ад якой колечы сілы ці прымусу. Ён хоча людзкіх сэрцаў, каб у іх устанавіць сваё валадарства. А тут ніякі прымус не дапаможа, бо сэрца даецца толькі дабравольна.

Такім чынам Госпад Ісус Хрыстос ад самага пачатку адмаўляецца ўжываць сілу і прымус. Ягонае валадарства перш за ўсё ў сэрцах людзкіх: “Валадарства Божае ўнутры вас” (Лк 17:21). Ён ведаў, што той, хто пойдзе за ім дабравольна, дзеля любові да Яго, будзе старацца жыць і паступаць так, як Ён, паводле словаў Сьвятога Апостала Паўла: “Хай у вас будуць тыя самыя пачуцьці, што ў Хрысьце Ісусе” (Піліп 2:5). У сьвятле гэтага зразумелымі стаюцца, на першы погляд парадаксальныя словы Сьвятога Аўгустына: “Любі і рабі, што хочаш”.

Ня ведаю, ці зразумелі гэта валадары гэтага сьвету, але яны адчулі ў гэтым малым дзіцятку небясьпеку для сябе і зрэагавалі ў адзіны спосаб, які яны ведалі: вырашылі зьнішчыць Яго. І хоць ім гэта тады не ўдалося, яны прынесьлі шмат гора і цярпеньняў іншым, ні ў чым нявінным, людзям. Але для іх гэта было няважна, гэта былі непазьбежныя ахвяры дзеля гэтак званага “агульнага дабра”. У сучаснай ваеннай тэрміналёгіі гэта называецца далікатна “lateral damage (пабочныя страты)”. Бяда толькі, што ахвярамі гэтага пабочнага пашкоджаньня ніколі не бываюць кіраўнікі, а толькі іхныя падуладныя.

Праблемы, якія існавалі на сьвеце ў часы Хрыста, засталіся і ў наш час, толькі яны набралі жахлівы, глябальны характар. Досыць глянуць на краіну, дзе нарадзіўся Хрыстос, дзе ўжо амаль паўстагодзьдзя ідуць намаганьні сілаю ўстанавіць “супакой”, і “пабочныя страты” дасягаюць дзясяткаў, калі ня сотняў тысячаў бязьвінных ахвяраў.

У некаторых дзяржавах улады хочуць панаваць нават над думкамі і душамі сваіх падуладных, і яны ня супраць выкарыстоўваць дзеля гэтага тых, якія лічаць сябе духоўнымі правадырамі і настаўнікамі народу. Сумна тое, што знаходзяцца духоўныя правадыры, гатовыя шукаць падтрымкі ў сьвецкай улады, каб укрыжаваць Яго. Яны не разумелі, як і не разумеюць у наш дзень іхныя пераемнікі, што ёсьць рэчы, дзе ўсялякі прымус бясьсільны. Прыгадаем словы гусьляра ў паэме Янкі Купалы “Курган”:

Сілен княжа, караць, галаву сілен зьняць,
Не скуеш толькі дум ланцугамі.

Сёньня мы глядзім зь непакоем на нашых дзетак і думаем, якая будучыня іх чакае. Хрыстос прыйшоў на сьвет як дзіцятка і працягваў рукі, каб знайсьці месца ў нашых сэрцах. Ён робіць гэта і ў наш час. Але дзьверы сэрца адчыняюцца толькі знутры. А “Сэрца вашае, дзе скарб ваш” (Мц 6:11).

У гэты сьвяты дзень Нараджэньня Хрыстова, жадаю ўсім знайсьці свой скарб, які б стаўся асноваю лепшай будучыні для нашых дзетак, для нашай краіны і для ўсяго сьвету.

Хай Князь супакою, Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос, які дзеля нас нарадзіўся ў Бэтлееме, блаславіць вас і будзе заўсёды з вамі.

а. Аляксандар Надсан
Каляды 2002 г.
XS
SM
MD
LG