Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШАСЬЦЬ МЕНЧУКОЎ ЛІЧЫЦЬ, ШТО РЭЖЫМ ЭКАНОМІІ ЭНЭРГАРЭСУРСАЎ АДЧУЕЦЦА ПАЗЬНЕЙ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пераважная большасьць апытаных мной сёньня мінакоў пакуль не адчула ўведзенага Аляксандрам Лукашэнкам рэжыму эканоміі. Але амаль усе казалі пра тое, што з трывогай чакаюць пагаршэньня сытуацыі з ацяпленьнем:

(Жанчына: ) “Не, яшчэ не адчула. Кватэру мы ўжо ўцяплілі, а на чым можна яшчэ зэканоміць, ня ведаю. Здаецца, мы й так няшмат карыстаемся энэргіяй”.

(Карэспандэнт: ) “А на вашую думку, людзі яшчэ адчуюць гэты рэжым эканоміі?”

(Жанчына: ) “Мне здаецца, так. Гэта істотна ўдарыць па кішэні. Не хацелася б, каб у нас былі такія наступствы, як у Літве, калі ў людзей не было электрычнасьці. Нічога добрага ад гэтага не чакаю”.

(Мужчына: ) “Вельмі дрэнна, што на 50% закрылі газ”.

(Карэспандэнт: ) “А ці будзеце ашчаджаць энэргарэсурсы?”

(Мужчына: ) “Калі будзе горш, то так”.

(Іншы мужчына: ) “Пакуль яшчэ не. Трэба менш выкарыстоўваць энэрганосьбітаў. Ва ўсім цывілізаваным сьвеце даўно прынятыя меры дзеля эканомііі энэргарэсурсаў. Нават гавораць, што ва Ўкраіне пачаўся эканамічны рост, калі яны пачалі ашчаджаць энэргарэсурсы. Можа, і мы задумаемся, што нам трэба нешта мяняць у сваёй сьвядомасьці і ў жыцьці”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, што адчую, праўда, ня ведаю як. Шчыра кажучы, у гэтым ня надта разьбіраюся, але энэргію эканомлю і паўсюль дома выключаю сьвятло”.

(Іншая дзяўчына: ) “Добра было б, каб пачалі эканоміць, для дзяржавы добра. Мы кожны год уцяпляем кватэру”.

(Спадар: ) “Сёньня шукаў электрычны абагравальнік, бо адчуваю, што будуць складанасьці. Хаця Лукашэнка абяцае, але ж вядома, як ён абяцае й выконвае”.

(Студэнт: ) “Пакуль не адчуў, бо жыву ў інтэрнаце”.

(Дзяўчына: ) “Пакуль не, бо ў нас і так нізкая тэмпэратура, недзе 17 градусаў. А ўвогуле палітыку адмежаваньня ад Расеі я падтрымліваю. Але рэжым эканоміі будзе адчувальны, бо газ проста не матэрыялізуецца. Будзе халодна”.

Ёсьць і людзі, якія ўжо адчулі рэжым жорсткай эканоміі энэргарэсурсаў:

(Спадарыня: ) “Я даўно адчуваю, што жыць стала горш”.

(Дзяўчына: ) “Я жыву ня ў Менску, а ў вобласьці. У нас заўважна, што вуліцы асьвятлюцца вельмі дрэнна, а ліхтары гараць адін-два на паўкілямэтра”.

(Іншая дзяўчына: ) “Мне ў маёй кватэры пачынае рабіцца халодна. Але газ ашчаджаць ня буду, бо трэба ж неяк грэцца”.

Гэтак гаварылі людзі, што ўжо заўважылі наступствы эканоміі энэрганосьбітаў.
XS
SM
MD
LG