Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛІНА ЖАСАН ПАКІНУЛА МЕНСК


Валер Каліноўскі, Менск

Разьвітацца з Алінай Жасан, апошнім прадстаўніком АБСЭ ў Беларусі, прыйшлі сябры, знаёмыя і калегі — замежныя дыпляматы, акрэдытаваныя ў Менску. Вось як ацаніў сёньняшнюю падзею першы сакратар нямецкай амбасады ў Менску Хольгер Крэмэр:

(Крэмэр: ) “На асабістай падставе я б сказаў, што гэта ня вельмі добры дзень для ўсіх тых, хто добра ставіцца да Беларусі”.

Аліна Жасан накіравалася ў Вену аўтамабілем праз Варшаву. У польскай сталіцы яна зьбіраецца сустрэцца з калегамі зь Бюро ў справах дэмакратыі і правоў чалавека АБСЭ, якія ўдзельнічалі ў назіраньні за леташнімі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. У офісе КНГ АБСЭ ў Менску застаюцца працаваць сямёра беларускіх супрацоўнікаў і два прадстаўнікі сакратарыяту АБСЭ зь Вены. Аліна Жасан сёньня раніцай правяла яшчэ некалькі дзелавых сустрэчаў і дала імправізаваную прэсавую канфэрэнцыю:

(Жасан: ) “Місія застаецца, гэта як бы не пэрсаніфікуецца з маім ад’ездам. АБСЭ не зачыняе місію. Да прыняцьця нейкага рашэньня, якое, як мы спадзяемся, будзе знойдзенае ў ходзе кансультацыяў, тут проста застанецца офіс на тэхнічным і адміністратыўным узроўні”.

Спадарыня Жасан спадзяецца, што пытаньне працягу працы місіі ў поўным фармаце будзе вырашанае неўзабаве. Сама яна выказалася з пазытыўнай ацэнкай вынікаў працы групы АБСЭ ў Беларусі, зазначыла, што місія працавала ў рамках мандату, а ў цяперашнім крызысе вінаваты “беларускі афіцыёз”. Паводле Аліны Жасан, праблемы дачыненьняў Беларусі і АБСЭ цяпер абмяркоўваюцца на перамовах у Вене.

(Жасан: ) “Натуральна, бо Беларусь зьяўляецца сябром АБСЭ, і ўсе прапановы, якія яна прадстаўляе, будуць разглядацца і, канечне, штосьці будзе вырашана”.

Група АБСЭ займае цяпер невялікі будынак у комплексе Нямецкага адукацыйнага цэнтру ў Менску на ўмовах бестэрміновай арэнды. Беларускія супрацоўнікі місіі неафіцыйна кажуць, што іх офіс праслухоўваецца, але спадзяюцца што змогуць і цяпер нармальна працягваць працу.

Ад’езд спадарыні Жасан суправаджаўся несанкцыянаваным пікетам, які правялі актывісты АГП Канстанцін Хадыка і Сяргей П’яных, што трымалі плякат з надпісам: “Спыніць уціск на супрацоўнікаў АБСЭ! За дэмакратычныя стандарты АБСЭ!”. Гаворыць Канстанцін Хадыка:

(Хадыка: ) “Я прадстаўляю дэмакратычную грамадзкасьць Беларусі. Мы хочам выказаць нашую падтрымку дзеяньням місіі АБСЭ на Беларусі і выказваем пртэст супраць дзеяньняў беларускіх уладаў, якія такім няшчырым і такім подлым сродкам выцясьняюць прадстаўніцтва такой уплывовай арганізацыі зь Беларусі. Мы лічым, што для таго, каб выказаць нашую падтрымку, мы не павінныя пытаць дазволу ні ў кога, нават у беларускіх уладаў”.

Тым часам ля будынку місіі АБСЭ было некалькі міліцэйскіх патрулёў на чале з падпалкоўнікам Маскоўскага райаддзелу міліцыі, якія і затрымалі спадароў Хадыку і П’яных.

Сёньня ж адбылося паседжаньне Маскоўскага суду ў адміністрацыйных справах, спадарам Хадыку і П’яных інкрымінавалі правядзеньне несанкцыяванай акцыі. Але, паколькі тыя запатрабавалі адваката, суд перанесены на наступны панядзелак.
XS
SM
MD
LG