Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БІЗНЭСОВЕЦ ПРАПАНУЕ ЎСТАЛЯВАЦЬ Ў РУЖАНАХ ПОМНІК ЛЬВУ САПЕГУ


Ігар Карней, Менск

Чатырыста гадоў таму Сапегі пасяліліся ў Ружанах, пакінуўшы пасьля сябе выдатны замкавы комплекс, які фрагмэнтарна захаваўся да нашых дзён. Замак, па сутнасьці — адзіны помнік, які нагадвае пра тое, што колісь Ружаны належалі знакамітаму роду Сапегаў, у тым ліку канцлеру ВКЛ, аўтару Статута Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу.

Але ніколі там не абмяркоўвалася нават верагоднасьць ушанаваньня славутага суайчыньніка ў камяні ці бронзе. Упершыню з такой ініцыятывай выступіў прадпрымальнік Ігар Аляшчук, які нарадзіўся ў Ружанах і зараз працуе ў Воршы. Ён упэўнены, што да ідэі далучацца і іншыя.

(Аляшчук: ) “У Ружанах нямала нарадзілася прадпрымальнікаў, якія зараз жывуць альбо ў іншых месцах краіны, альбо за яе межамі. Упэўнены, яны таксама здольныя дапамагчы сродкамі. Безумоўна, паспрыяюць гэтаму і самі жыхары — нават пры тым, што там няма ніякай вытворчасьці і народ жыве даволі бедна. Можа і ўлады задумаюцца над гэтым і выдаткуюць пэўныя сродкі. Гэта было б актуальна. Сама гісторыя патрабуе, каб тут стаяў помнік”.

Зараз Ружаны адміністратыўна ўваходзяць у Пружанскі раён. Старшыня райвыканкаму Станіслаў Козел ня бачыць асаблівых прычынаў, якія маглі б перашкодзіць ініцыятыве, апроч хіба што фінансавых.

(Козел: ) “Я ў Іванаве ўчора быў, дык там Напалеону Ордзе паставілі помнік: ён мастак, пісьменьнік, пэдагог. Чалавек жыў, заслужыў. А заслугі Сапегаў наогул вялізныя. Таму ня бачу ніякіх пярэчаньняў. Але патрэбна вырашаць з пасялковым саветам. Гэта ў іхнай кампэтэнцыі”.

Ігар Аляшчук мяркуе, што помнік Сапегу трэба ўзьвесьці ў цэнтры Ружанаў, дзе яшчэ нядаўна стаяў Ленін. Помнік правадыру пралетарыяту нядаўна зьнік нечакана нават для саміх месьцічаў, і спадар Аляшчук мяркуе, што гэта выдатны момант не пусьціць Леніна назад на пастамэнт. Старшыня пасялковага савету Аляксандар Раўнейка кажа, што скульптура Леніна цяпер на складзе, і вяртаць яго на месца пакуль не зьбіраюцца.

(Раўнейка: ) “Сёлета яго зьнялі, бо ён цалкам прыйшоў у заняпад: адвалілася галава і рука — не без дапамогі людзей, натуральна”.

(Карэспандэнт: ) “Але зьняты ён ня з мэтай рамонту і наступнага вяртаньня?”

(Раўнейка: ) “Мы плянавалі яго адрамантаваць, але зараз складаецца новы сьпіс помнікаў, і Ленін у сьпісах быццам ня значыцца. Таму пакуль ён на складзе”.

(Карэспандэнт: ) “Сапега на гэтым месцы арганічна выглядаў бы?”

(Раўнейка: ) “Можа, і нармальна. З Сапегам зьвязаная ўся гісторыя Ружанаў”.

(Карэспандэнт: ) “Якая, на ваш погляд, галоўная таму перашкода — фінансавая?”

(Раўнейка: ) “Ага”.

У Беларускім саюзе мастакоў на ініцыятыву бізнэсоўца адрэагавалі вельмі прыязна і нават сказалі, што распрацоўка эскізу ня зойме шмат часу: шэраг скульптараў досьвед працы над выявай Сапегі ўжо маюць. Але намесьнік старшыні саюзу Аляксандар Фінскі лічыць, што папярэдне трэба ўсё ж весьці гаворку пра конкурсны адбор працаў.

(Фінскі: ) “Ініцыятыва ёсьць — гэта добра. Але можна правесьці невялічкі конкурс прапановаў. Папярэдне трэба ведаць: куды, на якое месца гэта ставіцца, бо месца абумоўлівае і памер, і кампазыцыю. Гэта было б вельмі пісьменна і прафэсійна, калі б скульптары свае прапановы прадэманстравалі загадзя. Могуць яны зьвярнуцца ў Саюз мастакоў; пры Міністэрстве культуры таксама ёсьць экспэртная рада, дзе ня толькі разгледзяць прапановы, а і дадуць рэкамэндацыі”.

Ігар Аляшчук упэўнены, што помнік канцлеру Сапегу стаў бы ня толькі данінай павагі гістарычнай асобе, але і прывабіў бы ў мястэчка турыстаў.
XS
SM
MD
LG