Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПОЎНІЛАСЯ 30 ГАДОЎ АПЭРАТАРУ ОРТ ЗЬМІТРУ ЗАВАДЗКАМУ, ЯКІ ДВА ГАДЫ ТАМУ ЗЬНІК ПРЫ НЯВЫСЬВЕТЛЕНЫХ АБСТАВІНАХ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ледзь стрымліваючы сьлёзы, Святлана згадвала...

(Завадзкая: ) “Увогуле ў нас была традыцыя — Дзіма вельмі любіў прыроду і апошнія гады мы адзначалі ягоныя дні нараджэньня на лецішчы. Заўсёды ў вясёлай кампаніі, а якая цяпер можа быць гулянка”.

Больш за два гады таму, 7 ліпеня 2000 году, апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі быў скрадзены ў раёне аэрапорта “Менск-2”. Суд, які адбыўся праз паўтары гады, назваў выкрадальнікаў Завадзкага — былога супрацоўніка спэцатраду “Алмаз” Ігнатовіча і яшчэ трох ягоных саўдзельнікаў. Між тым, дагэтуль ня высьветлены далейшы лёс Завадзкага, няма адказу на пытаньне, жывы ён ці не і дзе знаходзіцца. Грамадзтва патрабуе адказу на гэтыя пытаньні, у тым ліку тлумачэньняў — у якой ступені да гэтага злачынства датычныя вышэйшыя службовыя асобы Беларусі. Фармальна сьледзтва пра зьнікненьне Завадзкага працягнутае, але прыкметаў працы сьледчых ня бачна. Абаронца сям’і Завадзкіх адвакат Гары Паганяйла кажа:

(Паганяйла: ) “Нават хто займаецца такім расьсьледаваньнем — нам пра такую асобу невядома. Не паведамляюць. Таму мы падрыхтавалі зварот у пракуратуру, а калі спатрэбіцца, пойдзем на прыём да кіраўнікоў пракуратуры, каб зьявілася яснасьць. Каб далей была магчымасьць працаваць са сьледзтвам адносна лёсу Зьмітра Завадзкага. Ставіць пытаньні: што зь ім, дзе ён?”

Дарэчы, у суботу расейская тэлевізія пакажа фільм Паўла Шарамета “Дзікае паляваньне–2”, у якім расьсьледуюцца выпадкі зьнікненьняў вядомых людзей у Беларусі. У тым ліку фільм закране і лёс Зьмітра Завадзкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG