Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ НЕКАЛЬКІ ДЗЯСЯТКАЎ МАГІЛЁЎЦАЎ ПАПРАСІЛІ ПАЛІТЫЧНАГА ПРЫТУЛКУ ЗА МЯЖОЙ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Юнакоў затрымалі непадалёк ад Магілёва, калі яны везьлі некалькі тысяч асобнікаў “Народная Воля” і налепкі “Час прыбіраць”. Паводле меркаваньня міліцыянтаў, на гэтых налепках амонаўцы вядуць менавіта спадара Лукашэнку. Прадпрымальнік Аляксей Шаваронкаў і супрацоўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю Віталь Лоцманаў ня сталі чакаць суду, а зьехалі за мяжу.

Празь нейкі час адпаведны крок зрабілі супрацоўнікі Магілёўскага абласнога радыё Ўладзімер Лапцэвіч і Генадзь Мартынаў. Уладзімера Лапцэвіча некалькі разоў штрафавалі за распаўсюд улётак, а адзін раз нават за распаўсюд Дэклярацыі правоў чалавека. Ён быў вымушаны зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Аднак нягледзячы на тое, што прысуд прызналі незаконным, мясцовыя праваахоўчыя органы ніяк не прарэагавалі на пастанову камітэту.

Сацыял-дэмакраты Ўладзімер Лапцэвіч і Генадзь Мартынаў каардынавалі кантроль за выбарамі па Магілёву і, палічыўшы, што іх звольняць з працы, летась у верасьні папрасілі палітычнага прытулку за межамі Беларусі. Цяпер Уладзімер Лапцэвіч жыве ў Беластоку, а Генадзь Мартынаў разам з жонкай знайшоў сабе месца ў Нямеччыне.

Былога выкладчыка Магілёўскага машынабудаўнічага інстытуту Віктара Ясюкевіча моцна зьбілі падчас збору подпісаў за Міхаіла Чыгіра. Міліцыянты ня толькі зьбілі яго, аднак і абвінавацілі ў супраціве праваахоўчым органам, пасьля чаго Віктар Ясюкевіч і яшчэ адна прадстаўніца ініцыятыўнай групы Міхаіла Чыгіра Тамара Леўская, якую таксама затрымалі падчас агітацыі, папрасілі палітычнага прытулку за мяжой.

Прадстаўнік Беларускага Народнага Фронту прадпрымальнік Аляксандар Страх спрабаваў аднавіць выхад газэты “Ратуша”. Аднак усе спробы зарэгістраваць выданьне былі марныя, бо спадар Страх ня змог атрымаць ад уладаў даведку пра юрыдычны адрас. Ён зьвярнуўся ў суд з пазовам супраць адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва. Але калі суд не задаволіў пазоў, зьехаў за мяжу.

Значная частка эмігрантаў-магілёўцаў жыве ў Беластоку, дзе месьціцца офіс Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў. Узначальвае яго Ясь Абадоўскі, які першым з магілёўцаў яшчэ ў 1998 годзе папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Маладафронтаўца Яся Абадоўскага за ўдзел у акцыях пратэсту некалькі разоў кідалі ў пастарунак, адзін раз моцна зьбілі, а потым адлічылі з вышэйшай навучальнай установы. Цяпер ён каардынуе дзейнасьць беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы, рэдагуе бюлетэнь “Эмігрант”.
XS
SM
MD
LG