Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКАМОЎНЫ РОК-ФЭСТЫВАЛЬ НА ВІЦЕБШЧЫНЕ ПАД ПАГРОЗАЙ ЗРЫВУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Рок-фэстываль “Езярышча. Моладзевы прарыў–2002”, які штогоду праводзіцца ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці на пачатку жніўня, сёлета можа не адбыцца. Ужо чацьверты год ён трымаецца на энтузіязьме мясцовых культработнікаў, якія паводле ўласнай ініцыятывы ладзяць моладзевы музычны фэст. Асноўнай крыніцай фінансаваньня гэтай імпрэзы былі платныя дыскатэкі ў Езярышчанскім Доме культуры, але сёлета гэтая культурніцкая ўстанова была зачыненая з прычыны аварыйнага стану будынка.

З просьбаю выдаткаваць хаця б невялікія грошы на правядзеньне адзінага на Віцебшчыне беларускамоўнага рок-фэстывалю жыхары пасёлка Езярышча ды тамтэйшыя культработнікі зьвярнуліся днямі ў абласное ўпраўленьне культуры. Аднак зварот гэты ніякага плёну ня даў: стваральнікі фэстывалю атрымалі ліст з адмовай ды спасылкай на недахоп бюджэтных сродкаў у сувязі з правядзеньнем вялікай імпрэзы агульнабеларускага значэньня — “Славянскага базару ў Віцебску”.

Ня даў плёну і зварот да мясцовых раённых уладаў, якія таксама знайшлі ўжо іншы шлях “укладаньня” бюджэтных грошай: цяпер у Гарадоцкім раёне рыхтуюцца да сустрэчы старшыні Савету міністраў Генадзя Навіцкага, прызначанай на канец ліпеня. У раёне вядзецца сьпешны касмэтычны рамонт, і тамтэйшыя жыхары кажуць, што нават дзясятай часткі гэтых сродкаў хапіла б, каб годна правесьці моладзевы музычны фэст. На яго, дарэчы, акрамя трох мясцовых рок-гуртоў выказалі жаданьне прыехаць яшчэ некалькі — зь Менску ды Віцебску.

Каб фэстываль адбыўся, ягоныя стваральнікі беспасьпяхова прасілі ва ўладаў усяго 500 тысяч беларускіх рублёў. Між тым, на сёлетні “Славянскі базар” Аляксандар Лукашэнка даў некалькі соцень тысяч амэрыканскіх даляраў.
XS
SM
MD
LG