Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРАВЫ АХВЯРАЎ КАМУНІСТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ У БЕЛАРУСІ РАССАКРЭЦЯЦЬ НЯХУТКА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Уладзімер Адамушка, супрацоўнік Нацыянальнага цэнтру архіваў і справаводзтва Ўладзімер Крук, а таксама дырэктар Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Селяменеў арганізавалі прэсавую канфэрэнцыю з нагоды 80-годзьдзя стварэньня дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі.

Спадар Адамушка казаў, што з другой паловы 1990-х гадоў беларускія архівісты пачалі працаваць больш прафэсійна. Цяпер каля 11 мільёнаў засакрэчаных раней справаў сталі агульнадаступнымі, і яшчэ шмат гістарычных дакумэнтаў стануць адкрытымі неўзабаве.

Але пераважная большасьць гэтых матэрыялаў ня тычыцца падзеяў нядаўняй гісторыі. У прыватнасьці, большасьць справаў, зьвязаных з камуністычнымі рэпрэсіямі 1930–40 гадоў, па-ранейшаму застаюцца закрытымі і знаходзяцца у ведамасным архіве КГБ.

Так, прадстаўнікам Беларускага Гельсынскага камітэту, якія дамагаюцца рэабілітацыі Ларысы Геніюш, не дазваляюць азнаёміцца са справай паэткі. Многія людзі дагэтуль ня могуць атрымаць адказу, дзе чэкісты расстралялі іх родных і блізкіх. Вось што адказаў на гэта Ўладзімер Адамушка:

(Адамушка: ) “У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам гэтыя справы будуць трымаць на ведамасным захоўваньні 75 гадоў з дня іх стварэньня ў справаводзтве. Пра справы некаторых асобаў сёньня супрацоўнікі архіву КГБ даюць зьвесткі — калі зьвяртаюцца ад імя сваякоў, ад імя арганізацыяў. Я думаю, што калі й журналісты зьвернуцца, тыя зьвесткі, якія будуць цікавыя, могуць даць гэтыя супрацоўнікі”.

Спадар Адамушка сьцьвярджае, што тэрмін даўніны па адкрыцьці справаў прысутнічае ў розных дэмакратычных краінах, і гэта нармальная міжнародная практыка. Аднак у Беларусі гэты тэрмін чамусьці распаўсюджваецца толькі на справы пэрыяду камуністычных рэпрэсіяў.

Зусім нядаўна ў адкрытыя фонды Нацыянальнага архіву з КГБ былі перададзеныя больш за 3 тысячы справаў нацысцкіх злачынцаў. Чаму ў справе раскрыцьця злачынстваў таталітарных рэжымаў існуе такі двайны стандарт? Гэтага Ўладзімер Адамушка патлумачыць ня здолеў.

Старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька, якая як супрацоўніца Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук дасьледавала тэму бальшавіцкіх рэпрэсіяў і на пачатку 1990-х гадоў мела доступ у архіў КГБ, гаворыць, што і цяпер, і пасьля 75 гадоў родныя рэпрэсаваных ці дасьледчыкі ня будуць мець права азнаёміцца са справай цалкам, а толькі зь яе фрагмэнтамі. На думку спадарыні Процькі, агентурныя матэрыялы гэтых справаў па-ранейшаму будуць засакрэчаныя. Гаворыць Тацяна Процька:

(Процька: ) “З прыходам Аляксандра Лукашэнкі архіў КГБ стаў недаступным. Хаваюць інфармацыю па спрэчных пытаньнях беларускай гісторыі, асабліва савецкага часу. Канцэпцыя ж такая — пры савецкай уладзе было шмат добрага і яно павінна быць рэалізавана цяпер. Гэта вельмі спрэчная канцэпцыя і не зусім слушная”.

Нагадаю, што падобная практыка допуску ў архівы спэцслужбаў дзеля азнаямленьня са справамі рэпрэсаваных сваякоў захоўваецца толькі ў некаторых краінах СНД. У большасьці жа постсавецкіх краінаў Цэнтральнай Эўропы й Балтыі людзі ведаюць, як і ў якіх абставінах загінулі іхныя сваякі й суайчыньнікі.
XS
SM
MD
LG