Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕСЬ НАВАРЫЧ: “ПРЭЗЫДЭНТ ПАТАЛЯГІЧНА БАІЦЦА ІНТЭЛІГЕНЦЫІ”


Міхась Скобла, Менск

У свой час беларускіх пісьменьнікаў папракалі за тое, што ў часы галоснасьці шуфляды іхных сталоў аказаліся амаль пустымі. Кнігі, што дачакаліся адмены цэнзуры, належалі пераважна даўно памерлым, загубленым у сталінскім ГУЛАГу, альбо аселым на эміграцыі аўтарам. Падобна на тое, што сёньня, пасьля гадоў пятнаццаці адноснай свабоды, перад пісьменьнікамі нават больш жорстка, чым за савецкім часам, паўстала пэрспэктыва пісаць у стол. Настолькі крута ўзяліся за выкананьне сваіх рэдактарска-цэнзарскіх абавязкаў новапрызначаныя кіраўнікі літаратурных часопісаў.

Але сёньня не пра тое. Мой суразмоўца — пісьменьнік Алесь Наварыч, чыя апошняя кніга выйшла трынаццаць гадоў таму і якога тагачасная крытыка ставіла на адзін ровень зь Міхаілам Прышвіным.

(Скобла: ) “Алесь, наколькі мне вядома, ты не пакутаваў ад творчых крызысаў і за прамінулае дзесяцігодзьдзе напісаў некалькі буйных празаічных рэчаў. Пра што яны і чаму да гэтай пары не апублікаваныя?”

(Наварыч: ) “Я лічу, што жыцьцё пісьменьніка — гэта суцэльная чарада творчых крызысаў, ад твору да твору. Калі прыгадаць пачатак 1990-х, то для пісьменьнікаў тады не існавала ніякіх перашкодаў і рагатак, каб нешта друкаваць. Але друкаваць не было чаго! А цяпер зьявіліся новыя цэнзары, і надрукавацца стала праблематычна. У мяне назьбіраўся ладны стос твораў, на якія трэба шукаць сьмелага выдаўца”.

(Скобла: ) “А ў чым крамола гэтых твораў?”

(Наварыч: ) “Ну скажам, ёсьць у мяне цэлая эпапэя пад умоўнай назвай “Капітан Нэма дваццаць першага стагодзьдзя”. Сюжэт яе заснаваны на тым, што падводная лодка ідзе на баявое дзяжурства яшчэ пры Савецкім Саюзе, а ўсплывае ўжо за часам СНД. Экіпаж не захацеў пад расейскі трыкалёр і вярнуўся назад у акіян. Падводная лодка — як мадэль Савецкага Саюзу, яна таксама развальваецца знутры. Экіпаж падзяліўся на нацыянальныя групоўкі...

Дарэчы, я пісаў яшчэ да чачэнскіх падзеяў... Два чачэнцы, якія былі на той лодцы, яны адваявалі сабе асобны кубрык і абвесьцілі ў ім незалежную Чачэнію. Паўтараю, яшчэ да чачэнскіх падзеяў гэта было прыдумана. Дык ня ведаю, дзе сёньня гэты твор я магу надрукаваць?

Ёсьць у мяне аповесьць “Талмач з фарсі”, якая праляжала тры гады ў часопісе “Крыніца”, яшчэ тады, калі там галоўным рэдактарам быў Уладзімер Някляеў”.

(Скобла: ) “З ласкі аўтара я меў магчымасьць азнаёміцца з гэтым творам. Яго герой — малады чалавек, знаўца экзатычнай для Беларусі мовы фарсі, прымусова дастаўляецца ў рэзыдэнцыю прэзыдэнта на дыпляматычны прыём. Ён змушаны перакладаць перамовы кіраўніка краіны з арабскай дэлегацыяй. Аднак, ён не падзяляе палітычныя погляды прэзыдэнта й пры зручным выпадку спрабуе расказаць дыпляматам пра рэаліі беларускага жыцьця.

Перш, чым мы пачуем невялікі ўрывак з аповесьці, гэткае пытаньне аўтару. Твой герой ня ведае, як перакласьці гэткія моўныя пэрліны, як “дзермакрація” і “вшывыя блохі”. З гісторыі прыгадваецца выпадак, калі перакладчыкі ў ААН спатыкнуліся аб “кузькіну маць” Хрушчова. Што б ты параіў палітыкам, каб іх разумелі бязь цяжкасьцяў?”

(Наварыч: ) “Звычайна, наадварот, палітыкі раяць пісьменьнікам, як і пра што пісаць. Маўленьне — гэта псыхічны працэс, і ён зьвязаны з нэўратычнымі асаблівасьцямі асобы. Наш прэзыдэнт — чалавек імпульсіўны, гарачы, і калі гаворыць, то не заўсёды можа кантраляваць тых вераб’ёў, якія вылятаюць зь ягонага роту”.

(Скобла: ) “А цяпер — абяцаны ўрывак з аповесьці “Талмач з фарсі”.


“Напружанасьць у залі нарастала. Раптам усе захваляваліся, пачуўся шэпт: “Ідзе, ідзе!” Кожны, хто прысутнічаў, прыасаніўся, пачаў прытанцоўваць на месцы. Як зараза, гэтае хваляваньне перадалося і мне. І вось Бацька пайшоў уздоўж шэрагаў людзей, здароўкаўся зь імі, вітаўся і перакідваўся фразамі. Я апынуўся побач з тымі, каго мусіў перакладаць. Бацька пажадаў арабам росквіту іх краіны. У адказ адзін зь іх забалбатаў па-свойму. Як толькі я пераклаў першую фразу, Бацька кісла глянуў на мяне. Я сумеўся, але перакладаў далей, выразна адчуваючы, як па сьпіне пабеглі мурашкі. І тут я дапёк: я ж гаварыў, перакладаў па-беларуску! І гэта не была мая прыхамаць. Інакш я проста ня ўмеў. Не, умеў, але так, без падрыхтоўкі, з бухты-барахты, без трэніроўкі ня мог перайсьці на “великий и могучий”.

Бацька слухаў, усё чамусьці моршчыў свой доўгі, я б сказаў, шыкльгрубэраўскі нос, хоць вусны расьцягваў у добрай усьмешцы.

Далей была гутарка ўсё тая: кансалідацыя, інтэграцыя, шматполюснасьць сьвету, дэамэрыканізацыя. Бацька разышоўся, каціў бочкі на дзядзьку Сэма. Раптам ён, не разьвітаўшыся, адышоў.

Гледзячы на разгубленага дарадцу пасла, я са шкадобай у голасе прамовіў на фарсі:

— Царам можна!

Замежны госьць, цмакаючы ад несмаку, згадзіўся са мною. І вось тут мяне панесла — пра тое, што ў Беларусі мы жывём як за калючым дротам, што кіраўнік краіны называе прадпрымальнікаў “вашывымі блохамі”, што міністраў на нядаўняй нарадзе павучаў, як школьнікаў, крычаў і ледзь ня тупаў нагамі...

— А ты там был?! — раптам пачуў я грамападобны, такі знаёмы мне голас.

Я азірнуўся. О жах! Побач стаяў наш Прэзыдэнт. Я адчуваў сябе князем Мышкіным, які толькі што разьбіў каштоўную вазу. Мала таго, побач стаяў Падпанаў і зь вялікай цяжкасьцю перакладаў на расейскую мову тое, што Бацька ня мог зразумець з фарсі.

— Перавадзі, перавадзі, — зьедліва падбадзёрыў яго кіраўнік дзяржавы.

— Поистине... можно сказать... с тех пор, как... этот авантюрист в сане управляющего сельхозом... позволил себе... тиранически захватить высочайший пост в государстве, все двери счастья для нас закрыты, — пераказаў Падпанаў па-расейску.

Што ж я нарабіў?! Боўдзілы-ахоўнікі стаялі побач з Бацькам, і я ўжо не сумняваўся, што празь некалькі хвілінаў будзе. Вылечу адсюль куляй, як вылецеў з адной з нарадаў губэрнатар Магілёўскай вобласьці”.



(Скобла: ) “Перад нашай гутаркай ты прыгадаў, як сам нядаўна апынуўся ў падобнай ролі — я маю на ўвазе твайго перакладчыка з фарсі. Я думаю, пра гэта будзе цікава пачуць і нашым слухачам. Такім чынам, ты атрымаў запрашэньне прыняць удзел у літаратурнай сустрэчы, што мелася адбыцца ў рэзыдэнцыі індыйскага амбасадара…”

(Наварыч: ) “Гэта быў гэтак званы “Кніжны клюб”, дзе сустракаюцца сямейнікі дыпляматычных работнікаў розных амбасадаў. Мяне там назвалі майстрам кароткага апавяданьня. І сапраўды, я прынёс кароткае апавяданьне, якое загадзя было перакладзенае на ангельскую мову. Смакоцьце, эстэтычнае захапленьне, альбо няхэнць была там ад майго апавяданьня — ня ведаю, але мне было цікава бачыць іхныя жывыя вочы, пачуць іх пытаньні.

Гутарка была вельмі шчырая, нягледзячы на тое, што мы зносіліся празь перакладчыка. Была і невялікая прыкрасьць. Мяне папрасілі расказаць пра беларускія гістарычныя сымбалі — герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сьцяг, які для нашых уладаў як чырвоная латка для быка. Замежнікам гэта незразумела. Прыйшлося тлумачыць. І тут знайшліся людзі, якія абурыліся, што я гавару пра гэта. На мяне пасыпаліся папрокі!”

(Скобла: ) “А папрокі ад каго, ад суайчыньнікаў?”

(Наварыч: ) “Так, ад жонкі адной высокай асобы, ня буду яе называць. Мяне зьдзівіла, што яна да гэтага часу аргумэнтуе непатрэбнасьць бела-чырвона-белага сьцягу толькі тым, што ў часы нямецкай акупацыі беларускія калябаранты дэфілявалі па Менску з гэтым сьцягам. Праўда, я вельмі ўдала зрэзаў гэтую спадарыню такім жа контараргумэнтам — а чаму ж расейскі трыкалёр, які выкарыстоўвалі ўласаўцы, цяпер прызнаны дзяржаўным сьцягам Расеі? У адказ было адно маўчаньне”.

(Скобла: ) “Любая ўлада заўсёды дэманструе, як яна клапоціцца пра свой народ. Беларуская ўлада падкрэсьлена любіць спартоўцаў, хлебаробаў, рабочых, вэтэранаў, пэнсіянэраў. Чаму беларуская ўлада ня любіць інтэлігенцыю і паводзіць сябе ў адносінах да яе ўсё больш бесцырымонна і брутальна?”

(Наварыч: ) “Ня любіць — ня тое слова. Яна яе проста паталягічна баіцца. Толькі таму, што гістарычная праўда ў руках інтэлігенцыі, у душах інтэлігенцыі. Таму ўлада й баіцца, яна ўжо цяпер як бы нясе пакараньне за тое, што яна робіць. І перш за ўсё самая высокая ўлада, я маю на ўвазе прэзыдэнта. У яго паталягічная непрыхільнасьць да ўсяго беларускага. Мая такая думка, што некалі нейкая праява беларускай культуры, скажам, літаратурны твор, так балюча ўшчыкнула Лукашэнку, што ён пра гэта памятае, і ідзе своеасаблівая рэакцыя помсты”.

(Скобла: ) “А які твор яго так ушчыкнуў?”

(Наварыч: ) “Узяць хаця б “Луку Мудзішчава”. Я яго ня змог і траціны прачытаць — гэта не мае густы літаратурныя й не мае захапленьні. Аўтар гэтай паэмы ўжо так збыткуе й зьдзекуецца з аднаго маленькага й слабенькага чалавечка!”

(Скобла: ) “Не магу тут з табою пагадзіцца. Паэма — вельмі вясёлы твор, дакладная пародыя на беларускую сытуацыю й на канкрэтнага палітыка. “Ну хваціт вам крычаць пра мову, народ на ней не гаварыт. Тот, кто сяйчас даіт карову, пусьць хоць іврытам гаварыт”. Гэта — гіпэрбала, мастацкі прыём, ты, як пісьменьнік, павінен гэта разумець”.

(Наварыч: ) “Тут усё можна патлумачыць роўнем культуры тае асобы, на якую гэтая пародыя пісалася. Калі б на прэзыдэнта Чэхіі Гаўла напісалі брыдкую паклёпніцкую пародыю, то Гавэл, мабыць, толькі пасьмяяўся бы, знайшоў бы з дапамогаю сакрэтных службаў аўтараў і зладзіў бы для ўсіх баль.

У нас жа ўсё ўспрымаецца ўсур’ёз. І тут я хачу сказаць пра вельмі цікавы фэномэн. У нас іншыя адносіны да мастацкага слова. Яму, як ні дзіўна, — вераць. Гэта зьвязана з тым, што ў савецкі час літаратура займала ледзь не сьвятарнае становішча, выконвала духоўныя функцыі, якія зараз патроху адыходзяць да царквы. І мастацкае слова пры невысокім культурным роўні разьвіцьця асобы можа вельмі балюча параніць”.

(Скобла: ) “Алесь, ты працуеш у часопісе для падлеткаў “Бярозка”, які на працягу амаль сямідзесяці гадоў быў піянэрскім рупарам, а цяпер проста часопіс для школьнікаў. На пачатку траўня, на нарадзе зь лідэрамі моладзевых арганізацый Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў, прычым у рашучай і катэгарычнай форме, аднаўленьня піянэрскай арганізацыі ў ранейшых савецкіх маштабах. Гэта магчыма?”

(Наварыч: ) “Аднавіць піянэрскую арганізацыю вельмі проста. Спускаецца адзін цыркуляр па ўсіх РАНА, па школах. Можа, некаторыя бацькі й запратэстуюць, а астатнія пагодзяцца. Іншая справа, як будзе скарэктаваная ідэалёгія гэтай арганізацыі. Я спадзяюся, што да марксізму-ленінізму ня дойдзе”.

(Скобла: ) “А ў рэдакцыі “Бярозкі” захаваўся піянэрскія горн і барабан? Пры патрэбе іх можна выцягнуць з шафы?”

(Наварыч: ) “Гэтыя атрыбуты былога піянэрскага жыцьця — яны ёсьць, гэта як рэліквія. Зь песьні слова ня выкінеш. Магчымы і такі ход падзей, што нам, як дзяржаўнаму выданьню, будзе загадана асьвятляць працэс аднаўленьня піянэрскай арганізацыі. Прыйдзецца закасаць рукавы і асьвятляць. Бо сытуацыя зь беларускімі выданьнямі, датаванымі зь дзяржбюджэту, настолькі хісткая... Мы бачым гэта на прыкладзе “дарослых” выданьняў. Трэба зжывацца з рэаліямі й ратаваць выданьні”.

(Скобла: ) “Я акурат і хацеў бы вярнуцца да тых рэалій, зь якіх і пачалася нашая гутарка. Прыгадаю радкі заходнебеларускага паэта В.Таўлая: “Маякоўскі па-сяброўску радзіў не збываць адразу твора з рук. Напісаў — замкні яго ў шуфлядзе, як адлежыцца — судзі, здавай у друк”. Увогуле, ці ляжаньне ў шуфлядзе на карысьць літаратуры й ці гатовы да гэтага ляжаньня пісьменьнік Алесь Наварыч?”

(Наварыч: ) “Нічога ня страціцца ў творы, калі ён і паляжыць. Я б свае творы дасканаліў да бясконцасьці. Я належу да катэгорыі тых пісьменьнікаў, для якіх працэс самога пісаньня больш значны, чым працэс яго надрукаваньня”.
XS
SM
MD
LG