Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАКУЛЬ ШТО БЕЛАРУСКІЯ АЛІМПІЙЦЫ ВЫЗНАЧАЮЦЦА НЯ ВЫНІКАМІ, А КАЛЯСПАРТОВЫМІ СКАНДАЛАМІ


Ігар Карней, Менск

Пасьля перамогі над французамі зь лікам 3:1 беларускія хакеісты першымі трапілі ў наступны раўнд спаборніцтваў, і як скончыцца апошняя гульня ў групе са швайцарцамі, значэньня ўжо ня мае. Пры тым, што шанцаў нават на такі посьпех напярэдадні алімпіяды нашай камандзе не давалі амаль ніякіх, удалы старт можна параўнаць са спартовым подзьвігам.

Праўда, ці доўга давядзецца спачываць на ляўрах, будзе вядома ўжо 15 лютага, калі пачнуцца гульні з куды больш аўтарытэтнымі супернікамі — зборнымі Расеі, Фінляндыі і ЗША. Вось меркаваньне з гэтай нагоды спартовага аглядальніка газэты “Звязда” Ўладзімера Здановіча:

(Здановіч: ) “Першы матч з Расеяй будзе вельмі складаны. Але цалкам магчыма, што каманда Фяцісава ня здолее адолець каманду Крыкунова. Верагодны нават нічыйны вынік, бо супернікі вартыя адзін аднаго. Фінляндыя зараз таксама ня самая грозная каманда. Да таго ж, калі параўнаць групу суседнюю, дзе разам зь немцамі ці латышамі будуць гуляць канадцы, шведы і чэхі, то можна адразу казаць, што гэта “група сьмерці”. Тут жа намнога прасьцей.

Што тычыцца матчу з камандай ЗША? Узгадваючы 1980-ы год, калі яны студэнцкай камандай абыгралі зорную каманду СССР, можна чакаць усялякага. Ды й родныя сьцены дапамагаюць. Але ўсе карты ў рукі трэнэрам, хакеістам. Губляць няма чаго, мэты дасягнулі (трапіць у васьмёрку), зараз трэба гуляць. Шанцы застаюцца. Адназначна”.

Што да іншых спадзяваньняў, то пакуль спадзяваньнямі яны толькі й застаюцца. Прынамсі, сярод 17 краінаў, якія ўжо маюць у сваіх скарбонках мэдалі рознай вартасьці, беларусаў няма. Разьлікі на добры выступ мужчынскай каманды па біатлёну ня спраўдзіліся. Найлепшы зь беларусаў, Вадзім Сашурын, быў толькі дзявяты. Па-ранейшаму самая вялікае дасягненьне — шостае месца Сьвятланы Нагейкінай у лыжнай гонцы ў першы дзень Алімпіяды. На каго ж разьлічваць у пэрспэктыве? Гаворыць Уладзімер Здановіч:

(Здановіч: ) “Верагодней за ўсё — жаночы фрыстайл. Тым болей аўстралійка Купэр, якая была асноўнай канкурэнткай нашай Цупер, зламала нагу. Ня ведаю, як пасьля траўмы Дашчынскі, але застаецца Аляксей Грышын. Наогул у дзесяці выпадках са ста можна спадзяваца “зачапіць” бронзу ў жаночых каньках. Той жа адсотак застаецца ў мужчын-біатляністаў: ці ў спрынце, ці ў эстафэце. На чатыры ўзнагароды разьлічваць яшчэ можна”.

Стала вядома, што ледзьве не пазбавілася акрэдытацыі Беларускае тэлебачаньне. Здымачная група БТ была затрыманая адмысловымі падразьдзяленьнямі аховы Солт-Лэйк-Сыты ў часе перасоўваньня без належнага эскорту.

Набірае моц скандал з удзелам біатляністаў. Адразу ж пасьля фінішу капітан зборнай Алег Рыжанкоў паскардзіўся, што ад першага дня Алімпіяды каманда вымушаная сядзець на дыеце, бо не атрымлівае абедаў з адмысловымі дабаўкамі. Прычыну, па якой некалькі чалавек аказаліся выкрасьленымі са сьпісу едакоў, Рыжанкоў ня ведае, але прадстаўнікі беларускай місіі спасылаюцца на тэхнічныя накладкі з боку арганізатараў і абяцаюць сытуацыю выправіць.

Толькі зараз набыткам галоснасьці стаў скандал у шэрагу беларускіх лыжніц. Аказваецца, дамова наконт пераходу ў беларускую каманду шэрагу расеек была на словах, і ў выпадку зьяўленьня ў складзе беларускай зборнай былых суайчыньніц расейская каманда прыгразіла падаць пратэст. Прынамсі, ад паслугаў Хрусталёвай і Куцалапавай прыйшлося тэрмінова адмаўляцца.

І, нарэшце, непрыемны інцыдэнт, калі 10 лютага беларускія фрыстайлісты трапілі ў аўтааварыю. На шчасьце, спартоўцы істотна не пацярпелі, але іншае пытаньне, як адаб’ецца гэтае здарэньне ў пляне найперш псыхалягічным.

Такім чынам, пакуль што пра беларусаў даведваюцца дзякуючы ня столькі адметным вынікам, колькі каляспартовым здарэньням.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG