Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФГАНСКІ ДЗЁНЬНІК: ЧАМУ АФГАНСКІЯ ЖАНЧЫНЫ НЕ СЬПЯШАЮЦЦА РАЗЬВІТВАЦЦА З ПАРАНДЖОЙ


Віктар Дзятліковіч, Афганістан

У Афганістане ніхто не засмучаецца, калі ў сям’і нарадзілася шмат дзяўчынак. Канечне, у полі яны працаваць будуць ня гэтак спрытна, як хлопцы, але ж пазьней могуць прынесьці ў хату добры прыбытак. Бо ніводзін афганскі хлопец ня можа нават марыць пра вясельле, калі ў яго няма калыму. І гэта не такія ўжо малыя грошы – мінімум 500 даляраў.

Што тычыцца стасункаў паміж мужчынай і жанчынай, Афганістан наагул вельмі кансэрватыўная краіна. Фэмінізм робіць тут толькі першыя, і не зусім удалыя крокі.

Неяк пад час першай маёй “выцечкі” ў Афганістан адбылася наступная гісторыя. Недзе ў Пандшэрскай цясьніне да журналістаў падышла жанчына з адкрытым тварам. У руках яна трымала папяровы аркуш.

– Калі ласка, падпішыце пэтыцыю за роўныя правы мужчынаў і жанчын, – папрасіла яна.

Журналісты паглядзелі на паперу. Там стаяў адзін подпіс – Ахмада Шаха Масуда, які ў той час ужо загінуў. Як патлумачыла жанчына, лідар Паўночнага Альянсу быў чалавекам прагрэсіўным. Ён падпісаў пэтыцыю ажно некалькі месяцаў таму. Подпісы журналістаў павялічылі колькасьць прыхільнікаў афганскай эмансыпацыі ў пяць разоў.

Шмат хто чакаў, што пасьля перамогі Паўночнага Альянсу жанчыны ў большасьці сваёй здымуць паранжу. Прынамсі ў Кабуле – горадзе, які заўжды лічыўся найбольш сьвецкім, дзе ўплыў рэлігійных догмаў меней, чым у правінцыі, у малых вёсках. Аднак, чаканьні не спраўдзіліся. За той месяц, што я працаваў у Кабуле, я пабачыў жаночы твар без паранжы толькі двойчы. Сучасная жанчына, падумаў я, убачыўшы першую. Аднак не. Аказалася, што ў яе папросту дрэнны зрок, і яна нічога ня бачыць, калі апранае паранжу.

Чаму жанчыны баяцца парушыць усталяваныя рэлігійнымі лідарамі правілы. Пра гэта я размаўляў з журналісткай Марыяй Фазэль. Да 15 год яна жыла ў Афганістане. Потым бацькі эмігравалі ў Амэрыку, дзе яна і атрымала адукацыю. Цяпер, працуючы ў Кабуле, яна, зразумела, ня носіць паранжы.

(Фазэль: ) “Я размаўляла зь вялікай колькасьцю жанчын і пыталася – чаму яны не зрабілі гэтага. Паверце, ёсьць шмат жанчын сучасных, якім надакучылі жорсткія рэлігійныя правілы. Але яны баяцца здымаць паранжу, яны чакаюць, каб раней гэта зрабіў хтосьці іншы. Але зараз яшчэ небяспечны час для такой сьмеласьці. Калі будуць адрынутыя рэлігійныя правілы, гэта можа выклікаць неразуменьне і абурэньне сярод вялікай часткі грамадзтва, і жанчынам проста небясьпечна зьяўляцца зараз на вуліцы з адкрытым тварам”.

Аднак, паводле Марыі Фазэль, значная частка афганскіх жанчын нават і не задумваецца над тым, што паранжу мажліва зьняць. Гэта моц звычкі ды догмаў, што фармаваліся стагодзьдзямі. Замест радыкальных крокаў, яны карыстаюцца пакуль іншымі вольнасьцямі, якія прыйшлі разам з новай уладаў. Напрыклад, за талібамі жанчына не магла зьявіцца на вуліцы без суправаджэньня мужа ці брата. Цяпер можна. І на кожным кроку можна ўбачыць купкі жанчын, што разам выпраўляюцца за пакупкамі на базар ці па крамах.

Час ад часу мне нават здавалася, што мы, прадстаўнікі заходняй цывілізацыі, шкадуем іх занадта больш, чым яны самі сябе. Афганцы таксама упэўніваюць, што нельга казаць пра поўную адсутнасьць правоў жанчыны ў ісьлямскім грамадзтве, што гэта міт.

Вось якія прыклады яны прыводзяць. Так, мужчына можа мець адразу некалькі жонак. Але што цікава – усіх ён мусіць утрымліваць у роўных умовах, кожнай пабудаваць асобны дом. Час гарэмаў адыйшоў у мінушчыну. Апрача таго, калі муж захоча разводу, ён мусіць утрымліваць былую жонку усё засталае жыцьцё. Гэта, напэўна, будзе паболей за нашыя алімэнты.

Дарэчы, не абавязкова, што ў заможнага чалавека будзе шмат жонак. У сучасным Афганістане імкнуцца не за колькасьцю, а за якасьцю. Жанчына мусіць падкрэсьліваць сацыяльны статус мужа. Ажаніцца можна, выплаціўшы бацькам калым памерам 500 даляраў, але калі ты чалавек з пасадай, гэта лічыцца нават трохі заганным.

Сярод нас быў прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Афганістана, малады хлапец, 23 гады. Скончыў унівэрсытэт у Пакістане, нядаўна вярнуўся на Радзіму, заняў адказную пасаду ў міністэрстве. І, канечне, надумаў ажаніцца. Шкадаваў толькі, што грошай няма. Маўляў, за 500 даляраў я хоць зараз знайду жонку, але адпаведна майму статусу мне трэба ніяк ня менш, чым за пяць тысячаў даляраў. Такіх грошай ён пакуль ня мае, вось і ходзіць нежанаты.

Эмансыпацыя, аднак, няўхільна наступае. Тым болей, што ў свой час Савецкі Саюз падрыхтаваў нядрэнную глебу. Неяк я сустрэў у Афганістане амэрыканскую журналістку з часопісу для жанчын. Заходнім чытачкам праміж артыкулаў пра фітнэс ды кулінарныя рэцэпты цікава было даведацца і пра тое, як жывуць у Афганістане жынчыны. “Вы ведаеце, я вось што заўважыла”, – дзялілася амэрыканка сваімі назіраньнямі. – “амаль усе адукаваныя жанчыны, якія не баяцца хадзіць без паранжы сталі такімі дзякуючы савецкай сыстэме вышэйшай адукацыі”. Гэта сапраўды так. У Кабуле я сустракаўся з жанчынай, якая яшчэ за часамі прэзыдэнта Наджыбулы атрымала званьне генэрала афганскай арміі, а цяпер кіруе найбуйнейшым шпіталем.

“Я часта заўважаю незадаволеныя позіркі мужчынаў на вуліцы – казала яна, – “але яны ведаюць, што сказаць мне нешта абразлівае – сабе даражэй атрымаецца”.

Першая спроба даць афганскай жанчыне болей свабоды была зробленая 80 гадоў таму. Рэлігійныя лідары былі нагэтулькі незадаволеныя, што сталі начале паўстаньня, скіраванага супраць ураду рэфарматараў. Хутка яны захапілі ўладу. Гэтак хутка яе і згубілі. Потым ізноў былі перамогі і паразы. Калі чытаць гісторыю Афганістану, здаецца, што без вайны не абыйшоўся ніводнага году. Чаму вайна стала для афганцаў спосабам існаваньня, і ці доўга пратрымаецца мір гэтым разам – слухайце у наступнай праграме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG