Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДНАВІЎСЯ СУД НАД МІЛІЦЫЯНТАМІ, ЯКІЯ КАТАВАЛІ ЛЮДЗЕЙ НА ДОПЫТАХ


Любоў Лунёва, Менск

Намесьніка начальніка сьледчага аддзелу Першамайскага ўпраўленьня міліцыі Віктара Крамсаева, а таксама трох ягоных падначаленых і ўчастковага інспэктара абвінавачваюць у тым, што некалькі гадоў запар яны “выбівалі” паказаньні ў падазраваных.

Віктар Крамсаеў даволі часта сам зьбіваў людзей. Гэты міліцыянт з залатым зубам наводзіў жах на людзей. Скалечаныя некалькі разоў падавалі скаргі ў пракуратуру. Пасьля шматразовых праверак пракуратура ўрэшце распачала крымінальную справу. Былых міліцыянтаў арыштавалі й зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КГБ.

Калі справа трапіла ў суд, арыштаваным зьмянілі меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд. Празь некалькі паседжаньняў суд абвесьціў перапынак, каб сьледзтва прад’явіла новыя доказы віны падсудных.

Каб высьветліць, чаму такія справы часта падоўгу ляжаць у судах, мы зьвярнуліся па камэнтар да адваката Андрэя Крупянкіна:

(Крупянкін: ) “Калі пройдзе нейкі час пасьля зьбіцьця ў міліцыі, то робіцца ўсё звычайна так: чалавек правёў дома, напрыклад, два дні, а бывае, што й тры гадзіны, і ня так проста яму потым даказаць, што менавіта міліцыянты яго зьбілі.

Міліцыянты настойваюць на тым, што чалавека зьбілі недзе ў іншым месцы. Пры гэтым яны спасылаюцца на тое, што хуткую дапамогу яму не выклікалі. Нават, калі й выклікаюць хуткую, мэдыкі ставяцца скептычна да такіх людзей, бо міліцыянты заўсёды ім кажуць, што чалавек зьдзейсьніў нейкае страшэннае злачынства.

Наколькі я ведаю, у справе Крамсаева пракуратура каля дваццаці разоў адмаўляла ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, а потым адбыўся нейкі эпізод, які здолелі даказаць. Вось ён і стаў апошняй кропляй. Крымінальная справа дайшла да суду, але іншым пацярпелым будзе цяжка даказаць, што менавіта гэтыя міліцыянты іх зьбівалі”.

Адвакаты міліцыянтаў мяркуюць, што ўжо на гэтым тыдні можна будзе пачуць прысуд у справе.

У Заводзкім судзе Менску знаходзіцца крымінальная справа на двух міліцыянтаў — Андрэя Маляўку й Леаніда Корабава. Яны забілі ў мэдвыцьвярэзьніку начальніка зьмены гадзіньнікавага заводу Аляксандра Кулакова.

А ў Маскоўскі суд днямі трапіла справа сяржанта міліцыі Сяргея Малашэнкі. Ён летась зьбіў супрацоўніка міжраённай пракуратуры падчас вулічнага патруляваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG