Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забаранілі плякаты «Ма-ма=мо-ва»?


Білборд «Мама=мова» ў Горадні

Білборд «Мама=мова» ў Горадні

«Плякат „мама-мова“ на Ванеева замянілі проста на маіх вачах, — кажа Ігар Самкін. — На нейкі аляпаваты сюжэт, нават ня памятаю, на які».

На Акадэміі Навук на месцы «мамы-мовы» цяпер вісіць рэкляма «разьдзельнага сьмецьця».

Ігар Самкін — дырэктар Асацыяцыі рэклямных арганізацыяў — установы, якая яднае 26 рэклямных агенцтваў і якая стала распрацоўніцай рэклямных плякатаў. Ён і ініцыятар стварэньня праекту «мама-мова», на падрыхтоўку якога пайшоў год працы, а таксама валянтэрскія высілкі рэклямістаў.

Цяпер у Менску «маму-мову» тэрмінова мяняюць на іншую сацыяльную рэкляму. Навіна пра гэта ўскалыхнула грамадзкасьць. Інфармацыю пра зьняцьцё плякатаў Радыё Свабода разьмясьціла яшчэ ў першай палове дня.

Пра замену плякатаў Ігар Самкін даведаўся апошнімі днямі. Аднак пракамэнтаваць гэта ніяк ня можа, бо ня мае афіцыйнага пацьверджаньня гэтых дзеяньняў. Плянавалася, што «мама-мова» правісіць як мінімум паўгода, а магчыма — і год.

Новы білборд на месцы беларускамоўнага ля Акадэміі навук

Новы білборд на месцы беларускамоўнага ля Акадэміі навук

Ігар Самкін: «У мяне ёсьць дазвол Менгарвыканкаму на разьмяшчэньне білбордаў. Пра зьняцьцё я нічога ня ведаю. Ніякіх указаньняў з боку Міністэрства культуры, Асацыяцыі рэклямных арганізацый, асобаў, якія маюць дачыненьне да разьмяшчэньня, не паступала. Уявіць сабе, што гэта ініцыятыва рэклямараспаўсюдніка, у мяне нават не хапае фантазіі. Ён, выходзіць, сам ідыёт: спачатку патраціў грошы на тое, каб гэтую рэкляму надрукаваць і ўсталяваць, а пасьля сам жа праз 10 дзён яе зьняў».

Рэалізацыя праекту адбылася супольна зь Міністэрствам культуры, бо, паводле заканадаўства, ініцыяваць сацыяльную рэкляму ў Беларусі могуць толькі дзяржаўныя ўстановы. Рэклямісты самі зьвярнуліся да міністэрства з такой ініцыятывай, і, па словах Самкіна, дзяржаўная ўстанова паставілася да гэтага з энтузіязмам.

Ігар ня ведае, што канкрэтна і каму не спадабалася ў плякатах «мама-мова». Ён спадзяецца, што «менскія» плякаты пераедуць у рэгіёны. А таксама клапоціцца пра лёс плякатаў іншай сэрыі — «Маё першае слова». Яны на вуліцах Менску засталіся.

Радыё Свабода сочыць за разьвіцьцём сытуацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG