Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УПЛЫЎ ІСЛЯМУ ПЕРАБОЛЬШАНЫ – ЛІЧАЦЬ ЗАХОДНІЯ НАЗІРАЛЬНІКІ


Алена Панкратава, Прага

Амэрыканскі журналіст Уільям Пфаф параўноўвае ў Los Angeles Times іслямскі фундамэнталізм са зьніклым пасьля першай атакі фантомам. Ягоны калега зь іншай амэрыканскай газэты The New York Times Томас Фрыдман, аналізуючы гэтую тэму, піша, што мусульмане адчуваюць неабходнасьць мадэрнізацыі ісляму.

Але з пачатку цытата з вельмі папулярнай ў Пакістане газэты The Nation.

“Без рэфармаваньня Ісляму, у нас, мусульманаў, ня можа быць ніякай надзеі. Мы спрымітавалі Ісьлям да агульна дзяржаўнага фарысейства. Больш за тысячу год Ісьлям знаходзіцца ў стагнацыі, бо тыя муллы, якія замест сапраўдных навукоўцаў, сталі духавенствам дэ-факто, перакрылі ўсе магчымасьці разьвіцьця і мадэрнізацыі гэтае рэлігіі”.

“У выніку сучасьнікі не разумеюць Карану… Паглядзіце, Оксфард і Кэмбрыдж, якія ў 13-м стагодзьдзі былі свайго роду мадрасэ хрысціянства, зрабілі за гэты час вялікі эвалюцыйны шлях. Цяпер яны займаюць вядучыя пазыцыі сярод адукацыйных установаў сьвету. А дзе ёсьць нашыя унівэрсытэты?”

Гэтыя словы зь ліста да Усамы Бін Лядэну і належаць яны пакістанскаму пісьменьніку і бізнэсоўцу Ізату Майеду. Цытуем далей:

“Мы, мусульмане, ня можам абвінавачваць Захад за ўсе нашыя грахі.“

“Нашыя беды –гэта ня толькі галеча, непісьменнасьць, іншыя сацыяльныя праблемы, а, хутчэй за ўсё, разуменьне таго, што мы пацярпелі няўдачу як грамадзянская супольнасьць.”

Свой ліст да Усамы Бін Лядэна мусульманскі пісьменьнік і бізнэсовец Ізат Майед заканчвае наступнымі словамі:

“Прарок Мухамэд сказаў: “Мы вяртаемся зь невялікага Джыхаду ў вялікі Сапраўдны Джыхад сёньня не ў авіятэрактах, а ў вытворчасьці самалётаў”.

Такім чынам, магчыма, і не жадаючы таго, Бін Лядэн выклікаў вылікую дыскусію на тэму ісьляму.

Сутнасьць праблемы падаюць амэрыканскія журналісты Томас Фрыдман і Уільям Пфаф. “Усе мусульманскія краіны маюць, ўласна кажучы, аднолькавую структуру,” - піша Томас Фрыдман.- “Існуюць як бы дзве выспы. Першая –аўтакратычны рэжым, які атачае бізнэсовая кляса. Другая выспа– муллы, імамы, рэлігійныя аўтарытэты. Яны дамінуюць у штодзённай іслямскай рэчаінасьці, асабліва ў адукацыі.

Паводле іх, усё іншае, сучаснае і немусульманскае – варожае.
Паміж гэтымі дзвюма выспамі заключанае, так бы мовіць, неафіцыйнае пагадненьне: рэжым павінен існаваць, пры ім мусульманскім сьвятарам аддаюць рэлігійную манаполію, а аўтакратычным рэжымам - алітычную уладу”. Гэтае пагадненьне існавала ўсе гады, дзякуючы нафтавым грошам і савецкай дапамозе. Яно дазваляла мусульманскім краінам выжываць без разьвіцьця сваёй уласнай эканомікі, без мадэрнізацыі ў адукацыйнай сыстэме. Аднак даходы ад нафты скараціліся і нарадзілася новае пакаленьне, якое пачало шукаць працу. Падобнае пагадненьне паміж гэтак званымі выспамі, пішуць амэрыканскія журналісты, ня можа дзейнічаць надалей. Відавочна, што Афганістан ня зможа выжыць без інвэстыцыяў, Інтэрнэту, сучаснай адукацыі і эмансіпацыі жанчынаў.

Паводле амэрыканскіх журналістаў, тое, што зрабіў Бін Лядэн, гэта быў выклік мусульманскаму сьвету ад імя экстрэмістаў-іслямістаў. Бо Бін Лядэн імкнуўся вырвацца са сваёй выспы і захапіць кантроль над мусульманскімі дзяржавамі. Аднак мусульманскія дзяржавы не падпарадкаваліся гэтаму выкліку.

Іхнае кіраўніцтва выказвае меркаваньні, што з жорсткай дыктатурай і рэлігійным кансэрватызмам-антымадэрнізмам, якія зьяўляюцца асновай бін-лядэнізму, павінна быць скончана.

“Падзеі апошняга часу можна назваць,” - як піша на старонках Уільям Пфаф, “надзвычайнай і нечаканай перамогай. Негледзячы на тое, што перамогі над талібамі пакуль яшчэ не адбылося, а Бін Лядэн па-ранейшаму застаецца моцным”.

Бо сіла Талібану, якая зараз сканцэнтравалася на поўдні Афганістану, мяркуючы па ўсім, развальваецца. У час, калі на розных сходах афганскіх плямёнаў абяцаецца лепшая будучыня чым пры Бін Лядэну –гэта становіцца па сутнасьці пачаткам канца іслямскай фундамэнталісцкай ідэялёгіі”.
XS
SM
MD
LG