Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАБЛІЖАЕЦЦА КРЫЗЫС ЭЎРАПЕЙСКАЙ ЭКАНОМІКІ


Віталь Цыганкоў, Прага

Да таго ж жорсткія правілы, зьвязаныя з увядзеньнем у наяўны абарот валюты “эўра”, стрымліваюць імкненьне эўрапейскіх урадаў ажывіць эканамічны рост. Гэтак сьцьвярджае газэта International Herald Trubune, аналізуючы стан эўрапейскай эканомікі пад красамоўным загалоўкам “Эканамічны тупік паралізуе Эўропу”.

У той час, калі ЗША пахіснуліся ад тэрарыстычных атакаў, а Японія па-ранейшаму ня можа даць рады скарачэньню дзелавой актыўнасці, што доўжыцца ўжо дзесяцігодзьдзе, здавалася б, Эўропа павінна павесьці ўсясьветную эканоміку скрозь гэтыя беды. Аднак Эўропа спынілася, нават больш – яна коціцца назад з-за таго, што многія эўрапейскія палітыкі не жадаюць браць на сабе адказнасьць.

Амэрыканскае кіраўніцтва рэзка зьнізіла працэнты па пазыках і зьбіраецца патраціць мільярды даляраў, каб ажывіць эканоміку. А Эўропа ў гэты час паралізаваная. Яна стрымліваецца, з аднаго боку, упартым Цэнтральным банкам, а зь іншага – бюджэтнымі абмежаваньнямі, якія ўжо называюць карсэтам, стрымнай кашуляй і нават сярэднявечнай камэрай катаваньняў. Замест таго, каб рабіць нейкія крокі, эўрапейскія палітыкі ўказваюць пальцамі адзін на аднаго. Міністры фінансаў, некаторыя зь якіх чакаюць выбараў у сваіх краінах, абвінавачваюць Эўрапейскі цэнтральны банк (ЭЦБ) у вельмі марудным зьніжэньні працэнтных ставак. У сваю чаргу, прэзыдэнт Эўрапейскага Цэнтрабанку Вім Дуйзэнбэрг безупынна адстойвае фінансавую непахіснасьць эўрапейскіх урадаў, сьцьвярджаючы, што яны робяць усё слушна – аслабляюць кантроль дзяржавы над сваімі сацыяльнаарыентаванымі эканомікамі.

Выстаўляючы свае рознагалосьсі, эўрапейскія палітыкі заглушаюць упэўненасьць у эканоміцы рэгіёну – і час, абраны для спрэчак, наўрад ці можа быць горшым ня толькі таму, што ЗША, Японія і Нямеччына стаяць перад пэрспэктывай адначасовай рэцэсіі, але і таму, што засталося ўсяго два месяцы да ўвядзеньня “эўра” – адзінай валюты 12 краінаў-сябраў Эўразьвязу.

Чаго баяцца кіраўнікі эўрапейскіх фінансаў? Найперш інфляцыі. Ад пачатку ўтварэньня валютнага саюзу эўрапейцы падштурхоўваліся кансэрватыўнымі нямецкімі палітыкамі, якія асьцерагаліся паўтарэньня гіпэрінфляцыі 20-х гадоў, што прывяла да ўзьнікненьня фашызму. Таму эўрапейскія фінансавыя міністры заўсёды былі абачлівыя і асьцярожныя і зьвярталілі асаблівую ўвагу на фінансавую і падаткавую дысцыпліну, каб захоўваць стабільнасьць коштаў. Гэтыя добрыя намеры добра паслужылі Эўропе падчас эканамічнага росту ў канцы 90-х. Але зараз яны толькі ўзмацняюць праблемы ў часе цяперашняга спаду.

Да таго ж, эўрапейскія міністры фінансаў ня могуць напампоўваць мільярды ў свае эканомікі з-за ключавога дакумэнту валютнага зьвязу – «Пакту стабільнасьці і росту», які патрабуе захоўваць бюджэтны дэфіцыт на ўзроўні ня больш 3 адсоткаў ад валавага ўнутранага прадукту. Праблема ўскладнілася неэфектыўнай фінансавай дысцыплінай ў канцы 90-х. Пакуль ЗША будавалі бюджэтны прафіцыт, адкладаючы грошы на чорны дзень, якія якраз і спатрэбіліся зараз, у Эўропе толькі некалькі невялікіх краінаў рабілі тое ж самае.

Кожны раз, калі Эўрапейскі Цэнтрабанк не жадае зьнізіць працэнтныя стаўкі, ён трапляе пад ураган крытыкі. Гэткія рашэньні зьдзівілі нават аднаго з архітэктараў Цэнтрабанку немца Карла Ота Раеля. «ЭЦБ мусіў зьнізіць стаўкі ужо месяц таму» – лічыць былы прэзыдэнт Бундэсбанку. Зрэшты, большасьць аналітыкаў лічыць, што ЭЦБ зробіць нарэшце гэты крок 8 лістапада. Амэрыканцы не баяцца зьніжаць працэнтныя стаўкі, робячы гэта пры першых прыкметах падзеньня эканамічнага росту. Аглядальнікі лічаць, што зьніжэньне ставак не павінна рэзка ўзмацніць інфляцыю, паколькі эўрапейская эканоміка нашмат болей кантралюецца дзяржавай у адрозьненьне ад ЗША. Справа ў палітычнай сьмеласьці.

Пакуль палітыкі ня ставяць пад сумненьне сам Пакт стабільнасьці і росту, але аналітыкі прызнаюць, што ёсьць нямала магчымасьцяў ухіліцца ад яго. Напрыклад, працэдура пакараньня за парушэньне правіла 3-адсоткавага бюджэтнага дэфіцыту вельмі складаная, і рэальна дасюль ні на водную краіну не накладаліся спагнаньні. Цяпер, паводле некаторых нямецкіх афіцыйных асобаў, ужо ідзе праца, каб даць больш шырокае тлумачэньне правілу бюджэтнага дэфіцыту. Але пакуль эўрапейскія палітыкі баяцца публічна крытыкаваць палажэньні Пакту, асьцерагаючыся, што гэта можа падарваць давер да ўвядзеньня эўра.

XS
SM
MD
LG