Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР. НОВАЯ ІНФАРМАЦЫЯ ПРА ЎГЛЯНІЦУ, ЖАРНАСЕКА І СПРАВУ ГАНЧАРА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Актывіст "Краю" Андрэй Жарнасек знайшоў прытулак у Нарвэгіі. Былы начальнік менскага сьледчага ізалятару Алег Алкаеў прапануе дэпутатам Нацыянальнага сходу распачаць працэдуру адхіленьня ад улады Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Зінаіды Ганчар, сьледчыя па справе зьнікненьня Ганчара і Красоўскага дапытваюць падначаленых Зьмітра Паўлічэнкі.

Андрэй Жарнасек, як і ягоны калега па незалежнаму расьсьледаваньню справы Ганчара й Красоўскага былы чэкіст Генадзь Угляніца, знаходзіцца ў Нарвэгіі. Пра гэта Радыё Свабода заявіла ягоная жонка Тацяна, спаслаўшыся на нядаўняе тэлефанаваньне мужа.

Андрэй Жарнасек днямі патэлефанаваў жонцы дадому і сказаў, што ў іх усё добра, яны ў Нарвэгіі. Жарнасек пацьвердзіў праўдзівасьць сваёй заявы пра датычнасьць найвышэйшага кіраўніцтва краіны да зьнікненьня Ганчара і Красоўскага.

(Тацяна Жарнасек: ) "Я ў яго спыталася, ці праўда ўсё тое, пра што яны казалі, бо існуе шмат розных вэрсіяў. Ён сказаў, што ўсё гэта чыстая праўда. Але больш нічога канкрэтна ён не распавядаў. Магчыма, потым яны зробяць нейкую заяву, мне пра гэта невядома", — сказала Радыё Свабода Тацяна Жарнасек.

Нагадаю, тыдзень таму дакладна стала вядома, што былы супрацоўнік КГБ Генадзь Угляніца ўцёк у Нарвэгію, а вось пра Андрэя Жарнасека паступала няпэўная інфармацыя. Аляксандар Лукашэнка ў беларускім парлямэнце заявіў, што той альбо ў Аўстрыі, альбо ў ЗША, і што ўцёк ён нібыта з дапамогай амэрыканцаў.

Але Жарнасек апынуўся ў Нарвэгіі. Ягоная жонка Тацяна Жарнасек ня ведае, ці атрымаў ён ужо статус палітычнага ўцекача. Паводле яе, муж патлумачыў свой ад'езд зь Беларусі рэальнай небясьпекай жыцьцю, якая паўстала раптоўна.

Дарэчы, у заяве, што падрыхтавалі Жарнасек і Ўгляніца, згадваліся прозьвішчы вайскоўцаў адмысловага атраду СОБР, якія нібыта выконвалі загады ліквідаваць Ганчара, Красоўскага, а раней Захаранкі.

Пасьля ў друку зьявіліся пацьверджаньні гэтых зьвестак. Гэта былі паказаньні сьведкі Аляксандра Мяцельскага, былога кіроўцы вайсковай часткі №3214, які называў тыя самыя прозьвішчы выканаўцаў зьнішчэньня — Мекіянец, Наватарскі, Будзько, Коклін, Мурашка.

Пэўны час было невядома, ці дапытваюць сьледчыя па справе Ганчара і Красоўскага гэтых асобаў, ці правяраюць заявы Жарнасека, Угляніцы й Мяцельскага. Сьледчыя трымалі гэтыя зьвесткі ў сакрэце — калі я пытаўся ў сьледчага Сяргея Новікава, ці вядуцца такія допыты, ён адмаўляўся гаварыць.

Але цяпер вядома, што допыты СОБРаўцаў нарэшце пачаліся. Ва ўсялякім разе, гэта паведаміў сьледчы Новікаў Зінаідзе Ганчар. Паводле яе, сьледчы мае намер таксама апытаць былога міністра ўнутраных справаў Юр'я Сівакова.

Аднак жа невядома, ці ўваходзіць у сьпіс кандыдатаў на допыты ў сьледчага Новікава палкоўнік Паўлічэнка, што камандаваў СОБРам, які празвалі "эскадронам сьмерці". Калі верыць ранейшай інфармацыі, гэтага чалавека ўжо дапытвалі ў пракуратуры ці ў КГБ. Пра гэта сьведчыць Алег Алкаеў, былы начальнік менскага ізалятара, які напісаў рапарт пра датычнасьць Паўлічэнкі да зьнікненьня Захаранкі й Ганчара з Красоўскім.

Алкаеў паведамляе, што ў пратаколах допыту Паўлічэнкі "ёсьць факты, ад якіх на галаве ўстаюць валасы". Такім чынам, Паўлічэнка можа зьяўляцца ключавой асобай у гэтай гісторыі, і гэта безумоўна разумее сьледчы Новікаў, але ня можа ён ня ведаць і таго, што арышт Паўлічэнкі напрыканцы мінулага году меў вынікам адстаўкі тагачаснага генэральнага пракурора Бажэлкі й кіраўніка КГБ Мацкевіча.

Такім чынам, зразумела, чаму сьледчы не адказвае на пытаньні пра тое, каго дакладна дапытваюць па справе Ганчара й Красоўскага. Заўважу, што Новікаў сказаў Зінаідзе Ганчар толькі тое, што дапытваюць СОБРаўцаў, але не назваў прозьвішчаў. Гэта могуць быць і зусім ня важныя асобы.

Мінулым тыднем у Лукашэнкавым парлямэнце абмяркоўвалі ідэю стварэньня камісіі па справах зьніклых. Алег Алкаеў, які цяпер у Нямеччыне, даслаў сваё меркаваньне на гэтую тэму. Алкаеў лічыць, што ствараць дэпутацкія камісіі — дарма час губляць.

"Злачынства ёсьць каму расьсьледаваць, — тлумачыць Алкаеў у "Народнай волі". — Пытаньне трэба ставіць пра імпічмэнт прэзыдэнту. Згодна з Канстытуцыяй, гэта можа ініцыяваць траціна дэпутатаў, але большасьць зь іх робіць выгляд, што нічога не адбылося", — абураецца Алег Алкаеў.

Нагадаю, год таму былы начальнік менскага сьледчага ізалятара ў рапарце на імя міністра ўнутраных справаў абвінаваціў кіраўніцтва краіны ў датычнасьці да зьнікненьня апазыцыянэраў. А ўлетку, калі ўзьнікла пагроза ягонаму жыцьцю, яму давялося зьехаць зь Беларусі.

XS
SM
MD
LG