Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА ЎНУТРАНЫХ СПРАВАЎ НЯМЕЧЧЫНЫ НЯ МАЕ ЗЬВЕСТАК ПРА ПОБЫТ ЮР’Я ЗАХАРАНКІ НА АБШАРЫ КРАІНЫ


Алена Панкратава, Менск

Нацяпер Міністэрства ўнутраных справаў Нямеччыны ня мае ніякіх сьведчаньняў пра тое, што беларускі экс-міністар жыве ў Нямеччыне і што ён увогуле жывы.

Ад публікацыі інфармацыі ў мюнстэрскім рэгіянальным выданьні прайшло больш за 10 дзён. Яна мела шырокі розгалас у Беларусі, але амаль не была заўважаная ў Нямеччыне. Ніводная цэнтральная нямецкая газэта не надрукавала яе, нягледзячы на запэўніваньні свабоднага швайцарскага журналіста Райнэра Хафэркампа, што ён дасылаў свае нататкі ў многія выданьні ФРН.

Карэспандэнт уплывовай газэты "Frankfurter Allgemeine Zeitung" Маркус Вэнэр — адзін зь першых нямецкіх журналістаў, які расказаў нямецкім чытачам і пра зьніклых палітыкаў, і пра эскадрон сьмерці — у размове з карэспандэнтам Свабоды заўважыў, што "палемізаваць на старонках "Frankfurter Allgemeine Zeitung" зь мюнстэрскім выданьнем азначала б рабіць рэкляму тым людзям, якіх "выкарысталі" і "падставілі" адпаведныя колы іншай дзяржавы".

Як лічыць карэспандэнт "Frankfurter Allgemeine Zeitung" ды іншыя калегі з цэнтральных нямецкіх выданьняў, падобны факт ёсьць "правакацыяй", ініцыятары якой — у Беларусі.

Прадстаўніца нямецкай фэдэральнай рабочай групы "Дзецям Чарнобыля" (BAG e.V. "Den Kindern von Tschernobyl"), якая 10 апошніх гадоў актыўна працуе зь Беларусьсю, выказалася больш рэзка: "Гэтая гісторыя кепска пахне". Яна і многія ейныя калегі кажуць, што ў ФРН гэта ня першая гісторыя зь сюжэтамі на замову. Яны ведаюць тых, хто меў дачыненьне да папярэдніх замоваў, аднак даказаць гэтага ня могуць.

Паводле супрацоўнікаў нямецкай групы "Дзецям Чарнобыля", аўтары правакацыяў — уплывовыя асобы, у тым ліку дарадцы беларускіх уладаў у пытаньнях ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. "Мы дакладна ведаем імя таго, хто скампрамэтаваў гомельскага прафэсара Бандажэўскага, — сьведчаць прадстаўнікі гуманітарных ініцыятываў, — але нічога зрабіць ня можам".

Што да аўтараў скандальнай публікацыі, шэф-рэдактара рэгіянальнай нямецкай газэты і вольнага журналіста і саўладальніка бюро з абмежаванай адказнасьцю "Delta Presse", то яны, паводле нямецкіх cуразмоўцаў, прамежкавыя зьвёны ў ланцугу.

Згадваю, як на пачатку 1990-х у Менск, як і ў сталіцы іншых постсавецкіх краінаў, сталі зьяжджацца вольныя журналісты і ўладальнікі альбо саўладальнікі прэс-бюро з абмежаванай адказнасьцю. У Менску, Кіеве, Маскве яны цікавіліся рознымі выданьнямі, але найчасьцей — даведнікамі. Цікава, што гэтыя журналісты самі нічога не пісалі, яны проста потым перапрадавалі інфармацыю ў заходніх краінах.

Паводле сьведчаньняў некаторых зь іх, яны атрымлівалі грошы ня толькі на канчатковым, але і на першапачатковым этапе, калі тая ці іншая мясцовая фірма мела інтарэс у распаўсюдзе інфармацыі на заходніх рынках.

Некаторыя вольныя журналісты мелі раней прафэсіі, далёкія ад журналістыкі — служылі ў замежным легіёне дзесьці ў Афрыцы. Усе іхныя прэсавыя бюро называліся неяк падобна — "Freie Presse GmbH", "Neue Presse GmbH" і г.д. Потым на нейкі час іхная цікавасьць да краінаў СНД паменшала. Зараз, быццам бы, падрасла зноў.

Нядаўна адзін былы суайчыннік, які ў 1970-я эміграваў у Брусэль, а потым у 1980-я сустракаў у аэрапортах Парыжу ці Франкфурту-на-Майне савецкіх салдат, захопленых у палон у Аўганістане, расказаваў, як на шляху ў Брусэль ягоную машыну перасьледавала савецкая агентура. "Усе гэтыя людзі засталіся на гэтай тэрыторыі па-ранейшаму. Многія зь іх працуюць на аўтазапраўках, у маленькіх крамах, рэстарацыях", — паведаміў мой знаёмец, гаворачы пра матэрыял у "Мuenstersche Zeitung".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG