Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СТАЛІЦЫ МАКЭДОНІІ -- АНТЫЗАХОДНІЯ ДЭМАНСТРАЦЫІ


Мікола Іваноў, Прага

Маніфэстанты абвінавачвалі заходнія краіны ў спрыяньні альбанскім паўстанцам, якія парушылі перамір’е і перайшлі ў наступ на поўначы краіны.

Напярэдадні гэтых падзеяў альбанскія паўстанцы парушылі дасягнутае раней пры пасярэдніцтве заходніх экспэртаў перамір’е і паспрабавалі захапіць паўночны горад краіны Тэтава, альбанскае насельніцтва якога самае вялікае сярод гарадоў краіны. У горадзе ішлі вулічныя баі, урадавыя войскі ўжывалі цяжкую артылерыю. Было забіта 11 мірных жыхароў, у тым ліку 12-гадовая дзяўчына. Мясцовыя жыхары ў паніцы пачалі пакаваць свае рэчы і пакідаць горад на аўтамашынах.

Баі пачаліся і ў раёне адзінага макэдонскга гораду, бальшыня насельніцтва якога альбанцы – Кічэва, які дасюль жыў у міры.

У выніку ў сталіцы краіны Скоп’е зьявілася даволі вялікая група макэдонцаў-уцекачоў з поўначы, якія былі абураныя на свой урад за няздольнасьць абараніць іх. Яны якраз і выступілі ў якасьці ініцыятараў гвалтоўных пратэстаў. Каля трох тысячаў маніфэстантаў, пераважна ўцекачоў з поўначы, пратэставалі каля будынку Макэдонскага парлямэнту пад лёзунгам “Хто бароніць тэрарыстаў? НАТА”.

Макэдонскі ўрад жа ў сваю чаргу паспрабаваў ускласьці віну за цяперашні крызіс на Заходніх пасярэднікаў. Антоніа Міласоўскі, прэсавы сакратар ураду, абвінаваціў прадстаўніка Эўразьвязу Франсуа Леатарда і Джэймса Пард’ю, пасярэдніка ад ЗША, у падтрымцы альбанскіх паўстанцаў. “НАТА не зьяўляецца нашым праціўнікам, але яно сябар нашых ворагаў, якія пагражаюць будучыні нашай краіны”, - падкрэсьліў Антоніа Міласоўскі.

У супольнай заяве ў адказ Джэймс Пард’ю і Франсуа Леатард назвалі “бязглуздзіцай” абвінавачваньне, што яны нібыта дапамагаюць альбанскім паўстанцам.

Макэдонскі ўрад абвінавачвае альбанскіх паўстанцаў у спробе падзелу краіны. Альбанцы ж са свайго боку заяўляюць, што яны змагаюцца за пашырэньне правоў альбанскага насельніцтва ў рамках Макэдоніі.

Учора ўвечары зьявілася пакуль што непацьверджаная інфармацыя аб тым, што заходнім пасярэднікам удалося пераканаць альбанскіх паўстанцаў аднавіць перамір’е. Аднак нацыяналістычны прэм’ер-міністар краіны Любча Георгіеўскі патрабуе ад больш памяркоўнага прэзыдэнта краіны Барыса Трайкоўскага, які паводле Канстытуцыі краіны зьяўляецца галоўнакамандучым макэдонскай арміяй, каб той аддаў загад арміі пачаць шырокамаштабны наступ на пазыцыі паўстанцаў.

Заходнія аналітыкі, аднак, лічаць, што перамога над альбанскімі партызанамі на полі бою папросту не пад сілу макэдонскай арміі.
XS
SM
MD
LG