Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ АРГЕНТЫНСКІ ПРЭЗЫДЭНТ ПАМЫЛЯЕЦЦА, КАЛІ ДУМАЕ, ШТО ЁН НЕПАДСУДНЫ


Мікола Іваноў, Прага

Як сьцьвярджае адзін з дарадцаў былога прэзыдэнта Аргентыны, калі Карлас Мэнэм даведаўся пра высунутыя супраць яго абвінавачваньні, ён зьбялеў ад гневу: як можна яго, бацьку аргентынскага эканамічнага цуду, абвінавачваць у нечым.

Карлас Мэнэм, аднак, глыбока памыляецца. Крымінальную справу Карласа Мэнэма вядзе судзьдзя Ерджэ Ўрсо, які, акрамя афіцыйнага абвінавачваньня, аддаў загад трымаць Мэнэма пад хатнім арыштам на ягонай віле каля Буэнэс-Айрэсу.

Абурэньне Мэнэма выклікана яшчэ і тым, што ён цяпер ня зможа рабіць прыёмы з удзелам шматлікіх гасьцей. На мінулым тыдні Мэнэм гучна адсьвяткаваў свой 71-шы дзень нараджэньня. Сябры Мэнэма падарылі яму з гэтай нагоды вялізны торт з сымбалічным напісам : Мэнэм – 2003.

У 2003 годзе ў Аргентыне адбудуцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары, і тэарэтычна Мэнэм мае права балятавацца.

Аднак паволі Мэнэм пачынае разумець, што гэты год яму, магчыма, прыдзецца сустрэць не ў прэзыдэнцкім крэсле, а за турэмнымі кратамі. У сваім абвінавачваньні, якое складаецца з 532 старонак, судзьдзя Ўрсо піша, што Мэнэм арганізаваў незаконныя пастаўкі 6,5 тыс. тонаў узбраеньня ў Эквадор і Харватыю паміж 1991 і 1995 гг.

Упершыню гэтай справаў заняўся незалежны юрыст Рыкардо Санс у 1996 годзе. Але ў той час Мэнэм быў прэзыдэнтам, і падобнае абвінавачваньне было немагчымае.

Мэнэм – дасьведчаны палітык, але ён зрабіў адну элэмэнтарную памылку. Зачараваны сваёй уладай, Мэнем ня мог уявіць, што ён будзе датыкальны для судовага перасьледу пасля таго, як пакіне пасаду прэзыдэнта.

Мэнэм быў прэзыдэнтам Аргентыны 10 гадоў. Ягоная эканамічная палітыка спрычынілася да спыненьня гіпэрінфляцыі, стабілізацыі нацыянальнай валюты пэса, спрыяньню высокім тэмпам гаспадарчага росту.

Аднак, у 90-я гады, калі ён знаходзіўся пры ўладзе, Мэнэм кіраваў краінай як абсалютны манарх. Хаця ягоная палітычная партыя мела бальшыню ў парлямэнце, Мэнэм кіраваў краінай пераважна з дапамогай дэкрэтаў.

Прызначыныя ўладамі судзьдзі пагасілі некалькі карупцыйных сканадалаў. А сам прэзыдэнт дазваляў сабе ездзіць на вар’яцкай хуткасьці на сваім чырвоным “фэррары” па дарогах краіны на вачах усяго народу.

Цяпер для Мэнэма прыйшоў іншы цяжкі час. Судзьдзя Ўрсо не дазволіў яму таксама накіравацца ў шлюбнае падарожжа зь ягонай новай жонкай-прыгажуняй, якая была раней абраная Міс прыгажосьці сьвету.

Мэнэм – першы дэмакратычна абараны прэзыдэнт Аргентыны, які можа сесьці на лаву падсудных. Суд над ім, магчыма, будзе цягнуцца каля 2 гадоў. Сярод абвінавачаных разам з былым прэзыдэнтам яшчэ больш за 40 падазроных. Трэба будзе высветліць, што сталася са 100 млн. даляраў прыбытку ад гадлю зброяй. Толькі 40 млн. з гэтай сумы апынуліся ў дзяржаўных фондах.
XS
SM
MD
LG