Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРЫСАВЕ НЕВЯДОМЫЯ ЗАПАЛОХВАЮЦЬ І ЗЬБІВАЮЦЬ АКТЫВІСТАЎ "НАРОДНАЙ ГРАМАДЫ"


Алесь Мікалайчака, Барысаў


У заяве ў міліцыю Аляксандар Абрамовіч паведамляе, што раніцай 15 чэрвеня яму патэлефанаваў дахаты невядомы, які назваўся добразычліўцам і афіцэрам адной зь сілавых структураў. Ён параіў, каб Аляксандар Абрамовіч неадкладна пакінуў Беларусь, бо яму, маўляў, пагражае фізычная расправа за ягоную палітычную актыўнасьць.

Тады ж, 15 чэрвеня, увечары чацьвёра невядомых маладых мужчынаў зьбілі актывіста партыі Сяргея Падзолка ў пад’езьдзе дома, дзе той жыве. Пасьля гэтага яны загадалі спадару Падзолку, каб ён знайшоў Аляксандра Абрамовіча і перадаў наступны загад: зьявіцца назаўтра а 10-й раніцы да цэнтральнага барысаўскага ўнівэрмага дзеля размовы.

Здымаць пабоі й падаваць заяву ў міліцыю Сяргей Падзолак не наважыўся, бо не давярае міліцыі. Пра гэты выпадак у сёньняшнім нумары незалежнага тыднёвіка "Барысаўскія Навіны" расказаў сам Аляксандар Абрамовіч.

Ён, між іншым, зьвязвае гэтыя запалохваньні яшчэ і з плянамі абодвух сацыял-дэмакратаў правесьці несанкцыянаваны пікет ля рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Менску.

(Абрамовіч: ) "Мы паводзім сябе свабодна. Мы не тэрарысты і адкрыта абмяркоўваем свае пляны. І, магчыма, уцечка інфармацыі адбылася".

Сяргей Падзолак апісаў прыкметы тых, хто яго зьбіваў:

(Падзолак: ) "Апранутыя былі ўсе ў клясычныя касьцюмы, пры гальштуках. Маладыя. Каля трыццаці гадоў. Адзін у адзін — і целаскладам, і зьнешнім выглядам. Коратка стрыжаныя. Я адразу зразумеў, што гэта не барысаўскія і што не міліцыя мясцовая".

Як сёньня паведаміў Радыё Свабода яшчэ адзін актывіст барысаўскай філіі "Народнай Грамады" Зьміцер Фядорчанка, ад 27 траўня нейкія ананімы рэгулярна тэлефануюць ягонай маці і ягонай дзяўчыне. Яны патрабуюць, каб хлопец кінуў займацца палітыкай, інакш яго чакае лёс Юр'я Захаранкі ды Віктара Ганчара.

Жыхар Барысава супрацоўнік газэты "Згода" Аляксандар Зьдзьвіжкоў кажа, што яму ананімныя тэлефонныя суразмоўцы таксама пагражаюць лёсам Зьмітра Завадзкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG