Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНДЫДАТЫ НА ПРЭЗЫДЭНТА СЬВЯТКАВАЛІ ПЕРШАМАЙ З НАРОДАМ І ГУТАРЫЛІ З НАШЫМ КАРЭСПАНДЭНТАМ


Юры Сьвірко, Менск

Адразу пасьля мітынгу старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў пайшоў у народ. Я скарыстаў гэтую нагоду, каб задаць Уладзімеру Ганчарыку некалькі пытаньняў.

(Карэспандэнт: ) "Вы сёньня сказалі, што цэны “азьвярэлі”. Што гэта значыць — Вы таксама будзеце змагацца за 2 адсоткі на месяц?"

(Ганчарык: ) "Не, цэны азьвярэлі — гэта сапраўды так, таму што яны растуць, і адміністрацыйным шляхам іх не спыніць. Таму трэба нармальныя эканамічныя ўмовы для гаспадараньня, тады й цэны будуць, і зарплаты будуць — вось чаго няма.

Тое, што захоўваецца затратны мэханізм, вытворчасьць дзеля вытворчасьці — вось у гэтым і прычына росту цэн. Гэта галоўнае. Не падняць на такой маленькай зарплаце прадукцыйнасьць працы, якасьць працы — многія тавары ляжаць на складах. З цэнамі ня трэба змагацца".

(Карэспандэнт: ) "А з чым ці з кім трэба змагацца?"

(Ганчарык: ) "Змагацца трэба за ўладу. Наконт таго, каб дабіцца перамогі".

(Карэспандэнт: ) "А Вы ўпэўнены ў перамозе?"

(Ганчарык: ) "Я думаю, калі вельмі працаваць, гэта цяжка, але гэта магчыма. Галоўнае, каб людзі зразумелі, што гэта патрэбна для іх, для ўнукаў і для дзяцей. У нас вельмі ўмовы такія…"

(Карэспандэнт: ) "Пытаньне пра адзінага кандыдата цяпер не абмяркоўваецца?"

(Ганчарык: ) "Абмяркоўваецца. Патрэбна этапы прайсьці. Ён будзе. Будзе падтрымка аднаго, таго ці іншага. Я думаю, у нас 1 траўня, а не 1 красавіка".

Зь пяцёркі патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта ў сталічным парку Горкага былі трое — Уладзімер Ганчарык, Сяргей Калякін і Павал Казлоўскі. Апошні на мітынгу не выступаў, а слухаў меркаваньні простых людзей.

(Жанчына: ) "Нам самае галоўнае, каб Беларусь засталася".

(Казлоўскі: ) "Правільна".

(Жанчына: ) "Каб не была губэрняй у Расеі".

(Казлоўскі: ) "Ня будзе".

(Жанчына: ) "А слова “Саюз” там у вас напісана. Мне гэта проста не па душы".

(Казлоўскі: ) "Эканамічны саюз перашкаджаць ня будзе".

(Жанчына: ) "А гэта не лукашэнкаўскі?"

(Казлоўскі: ) "Вось палітычнага саюзу ня будзе. Я ўпэўнены глыбока".

(Жанчына: ) "А Калякін?"

(Казлоўскі: ) "І Калякін. Ня будзе, тое самае. Ён ня пойдзе на аб’яданьне з Расеяй. Я глыбока перакананы. Калякін ужо ня той Калякін, як мы разумелі. Ён сёньня больш да сацыял-дэмакратаў адносіцца. І сёньня ўсе адзіныя ў адным — што патрэбная незалежная Беларусь. Гэта галоўнае. А потым — эканамічны саюз".

(Карэспандэнт: ) "Пакантактавалі з народам? Зносіны мелі? Якія ўражаньні?"

(Казлоўскі: ) "Уражаньні? Людзі вясёлыя, але іх вельмі мала тут, вясёлых. Астатнія, напэўна, бульбу саджаюць ці агароды капаюць. Мала людзей са сьветлымі тварамі.

Як людзі ня вераць, што будзе перамога на гэтах выбарах? Чаму? Яны баяцца фальсыфікацыяў. Яны баяцца таго страху, які сёньня валодае ўсімі людзьмі. І таму мала гуляючых сёньня. Зьдзіўляюцца, што мала міліцыі. Гэта добра, што мала міліцыі, але міліцыя там у засадах па дварах сядзіць на КамАЗах і МАЗах.

Таму мала сьветлых, вясеньніх твараў у людзей. Людзі адчуваюць сябе вельмі цяжка ў гэтай сытуацыі. А пакантактаваць зь людзьмі вельмі прыемна, таму што я бачу падтрымку людзей. А гэта галоўнае".

(Карэспандэнт: ) "Ёсьць пяць кандыдатаў, якія падпісалі дамову. Тут было тры. Чаму толькі тры зь пяці?"

(Казлоўскі: ) "Я гэтага ня ведаю — справа кожнага. Я бачу сябе, Ганчарыка… Гаспадзін Мясьніковіч ідзе ў народ!"

(Карэспандэнт: ) "Сапраўды набліжаецца".

(Казлоўскі: ) "Улада! Вітаецца ці не?"

(Мясьніковіч: ) "Здрасьте".

(Казлоўскі: ) "Вітаецца!"

(Карэспандэнт: ) "Міхаіл Уладзімеравіч, а не баіцеся — з кандыдатам?"

(Мясьніковіч: ) "Чаго!"

(Казлоўскі: ) "Вітаецца, аднак, улада!"

Міхаіл Мясьніковіч, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі, які жыве побач з паркам Горкага, таксама пайшоў у народ — далей у парк. Ён адмовіўся патлумачыць, ці прыйшоў ён сюды таксама як кандыдат на пасаду прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG