Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНГРЭСМЭН КРЫСТАФЭР СЬМІТ: БЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ СТВАРЫЎ НЕЗДАРОВУЮ АТМАСФЭРУ НАПЯРЭДАДНІ ВЫБАРАЎ


Крыстафэр Г. Сьміт. Красавік 4, 2001

У Беларусі не стае атмасфэры даверу.

Спадар сьпікер, сёлетняй восеньню беларускія ўлады плянуюць правесьці другія ад часу незалежнасьці прэзыдэнцкія выбары. Калі меркаваць паводле акцыяў, якія працягвае праводзіць рэпрэсіўны рэжым Аляксандара Лукашэнкі, свабодныя, справядлівыя і празрыстыя выбары, якія б адпавядалі свабодна ўзятым абавязальніцтвам Беларусі перад АБСЭ, будуць цяжкімі для дасягненьня. Дэмакратычныя выбары патрабуюць усеагульнай атмасфэры даверу і павагі да асноўных правоў чалавека. На жаль, апошнія падзеі ў Беларусі не вядуць да ўсталяваньня такога даверу.

Апошні прыклад – 25 сакавіка, калі беларускія ўлады разагналі ўдзельнікаў маніфэстацыі ў Дзень Незалежнасьці, арыштавалі і зьбілі некалькіх удзельнікаў акцыі, а пазьней аштрафавалі і зьняволілі некаторых зь іх, улучна са старшынём Беларускага Народнага Фронту Вінцуком Вячоркам, які 29 сакавіка быў асуджаны на 15 дзён зьняволеньня, кіраўніком праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім, які атрымаў 10 дзён зьняволеньня, і выканальнікам абавязкаў кіраўніка Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Юрасём Беленькім, асуджаным на 10 дзён пазбаўленьня волі. Апрача гэтага быў затрыманы і зьбіты фотажурналіст гарадзенскай незалежнай газэты 17-гадовы Дзьмітры Ягораў.

У дзень маніфэстацыі беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне абвінаваціла апазыцыю ў “намерах уцягнуць Беларусь у крывавую куламесу” і такім чынам яшчэ раз прадэманстравала свой верашчальны тон, якім характарызуюцца ягоныя перадачы апошняга часу. Раней сёлета, беларускае тэлебачаньне заявіла, што ЦРУ ўзмацняе падрыўную дзейнасьць у часе, калі набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. 24 скавіка старшыня КГБ Беларусі з экранаў беларускага тэлебачаньня абвесьціў пра ўзмацненьне сачэньня за замежнымі грамадзянамі дзеля таго каб запабегчы іхнаму ўмяшаньню ва ўнутраныя справы краіны.

12 сакавіка Лукашэнка падпісаў Дакрэт №8, паводле якога ўводзяцца сур’ёзныя абмежаваньні на замежную дапамогу недзяржаўным арганізацыям у справе будаўніцтва дэмакратыі і абароны правоў чалавека, у тым ліку і назіраньню за выбарамі. Больш за тое, беларускі ўрад заявіў, што праект назіраньня за выбарамі, які праводзіць Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ, не адпавядае беларускай Канстытуцыі і выбарчаму кодэксу, хаця закон ніякім чынам не вызначае, як праводзіць назіраньне за выбарамі. Апрача гэтага, улады перашкодзілі спробам назіральнай групы склікаць паседжаньне рабочай групы дзеля абмеркаваньня працэсу назіраньня за выбарамі. Лукашэнка сам заявіў, што ён забароніць небеларускім установам падрыхтоўку і навучаньне назіральнікаў за выбарамі. Ён сказаў журналістам: “У Беларусі ня будзе партызанаў”. Раней сёлета Лукашэнка таксама абвінаваціў Кансультацыйна-назіральную групу ў перавышэньні ейнага мандату, калі заявіў, што АБСЭ плянавала падрыхтаваць “14-18 тысячаў баевікоў” пад выглядам назіральнікаў за выбарамі.

Спадар сьпікер, я таксама занепакоены апошнімі атакамі на рэлігійныя грамады. У мінулым месяцы Рада Міністраў абмежавала візыты замежных сьвятароў дзеля нерэлігійных мэтаў, а таксама кантакты з рэлігійнымі ды іншымі арганізацыямі, удзел у канфэрэнцыях ды іншых акцыях альбо дабрачынных дзеяньнях. Урадавыя афіцыйныя асобы адмаўляюць у рэгістрацыі некаторым рэлігійным грамадам рэфармісцкіх юдэяў з прычыны, што яны ня маюць юрыдычных адрэсаў.

У лютым дзяржаўнае тэлебачаньне паказала дакумэнтальны фільм, у якім сьцьвярджалася, што Каталіцтва – пагроза для самога існаваньня беларускае нацыі, і ў студзені кіраўнікі Беларускай пратэстанцкай грамады выступілі з заяваю, што дзяржаўныя газэты зьмяшчаюць неаб’ектыўныя артыкулы, якія прадстаўляюць пяцідзесятнікаў як дзікіх фанатыкаў.

Рэлігійная свабода – не адзіная свабода, якой пагражае небясьпека. Свабода друку і свабода слова таксама ў небясьпецы. Рэдактары шэрагу газэтаў падвяргаюцца штрафам паводле надуманых альбо прыдуманых абвінавачаньняў з прычыны парушэньня Закону аб друку.

Розныя пэрыядычныя выданьні канфіскуюцца ды зьнішчаюцца. Распаўсюднікі незалежных газэтаў арыштоўваюцца.

Моладзевыя арганізацыі былі абвінавачаныя ва ўдзеле ў дзейнасьці, якая падрывае беларускую дзяржаўнасьць і сацыяльна-эканамічную стабільнасьць. Падлеткаў арыштоўваюць за ўдзел у пікетах і пратэстах. Адных арыштоўваюць, а другіх затрымліваюць за распаўсюд газэтаў ці налепак, якія заклікаюць да рэформаў, заклікаюць улады высьветліць выпадкі палітычна матываваных зьнікненьняў людзей.

Беларускае тэлебачаньне і радыё таксама адмяніла заплянаваную праграму для патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты альбо апазыцыйных лідэраў. Намесьнік міністра адукацыі загадаў кіраўнікам адукацыйных установаў забараніць сэмінары, якія праводзяцца Народным унівэрсытэтам.

Лукашэнка таксама ўжыў рэпрэсіі супраць патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта ды іхных сем’яў, спрабуючы ліквідаваць іхную выбарчую кампанію.

Члены сям’і былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра сталі аб’ектам крымінальнага перасьледу. Ягоная жонка была абвінавачаная ў перашкодзе працы паліцыі, сын Аляксандар быў абвінавачаны ў буйным махлярстве. Чыгір – не адзіны патэнцыйны кандыдат, супраць якога выступае Лукашэнка.

Сустрэча Сямёна Домаша з патэнцыйнымі выбаршчыкамі ў гатэлі “Турыст” была адмененая з прычыны загаду магілеўскіх уладаў, а дырэктар клюбу для глуханямых у Берасьці страціла сваю працу пасьля таго, як там прайшла сустрэча выбаршчыкаў з Домашам.

Уладзімер Ганчарык, лідэр прафсаюзаў, цяпер мусіць мець справу з навастворанымі так званымі саюзамі, якія спрабуюць перашкодзіць прафсаюзам, што падтрымліваюць яго.

Два кіраўнікі на заводзе ў Барысаве атрымалі вымовы ад гарадзкога суду за арганізацыю сустрэчы працаўнікоў заводу з Чыгіром.

Калі глядзець на гэтыя ды іншыя дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, прыходзіш да непазьбежнай высновы: рэжым стварыў нездаровую атмасфэру напярэдадні выбараў.

Спадар спікер, паводзіны рэжыму відавочна не вядуць да спрыяньня свабодным і справядлівым выбарам. Некалькі тыдняў таму прэзыдэнт Лукашэнка падкрэсьліў неабходнасьць усталяваць атмасфэру даверу ў двухбаковых беларуска-амэрыканскіх адносінах. Я настойліва заклікаю спадара Лукашэнку перавесьці гэтыя словы ў канкрэтныя справы, якія спрыялі б даверу і прывялі б да выхаду Беларусі зь ейнай саманавязанай ізаляцыі ад Эўра-Атлянтычнага дэмакратычнага супольніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG