Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІ ГАРВЫКАНКАМ ЗАБАРАНІЎ СЬВЯТКАВАЦЬ 25 САКАВІКА Ў ЦЭНТРЫ ГОРАДУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На сустрэчу ў Менгарвыканкам запрасілі старшыню партыі БНФ Вінцука Вячорку ды ягонага намесьніка Вячаслава Сіўчыка. З боку ўладаў прысутнічалі намесьнік старшыні сталічнага выканкаму Міхаіл Пятрушын, а таксама прадстаўнікі міліцыі, пракуратуры й КГБ.

Фактычна адразу Міхаіл Пятрушын зачытаў спадарам Вячорку й Сіўчыку рашэньне ўладаў, паводле якога арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі “маюць права правесьці сваё мерапрыемства 25 сакавіка з 15 да 18 гадзінаў у парку Дружбы народаў (раён плошчы Бангалёр) безь перашкоды пешаму й транспартнаму руху”.

Шэсьце зь Юбілейнай плошчы да плошчы Волі, якое мела скончыцца мітынгам і канцэртам, арганізатарам ладзіць не дазволілі. Паводле ўладаў, Канстытуцыя, закон "Аб мітынгах і шэсьцях" ды адпаведны дэкрэт Лукашэнкі нібыта забараняюць падобныя мерапрыемствы ў цэнтры Менску.

Вінцук Вячорка й Вячаслаў Сіўчык назвалі гэтае рашэньне незаконным, бо ўлады ня мелі права зьмяняць месца й фармат мерапрыемства. Яны таксама папярэдзілі выканкамаўскіх чыноўнікаў, што арганізатары (а гэта больш за 100 чалавек) здымаюць зь сябе адказнасьць за магчымыя інцыдэнты ў часе акцыі.

Спадары Вячорка й Сіўчык паведамілі чыноўнікам, што незалежна ад жаданьня ўладаў, сьвяткаваньне Дня Волі пройдзе ў Менску ў раней вызначаным фармаце. Вячаслаў Сіўчык так пракамэнтаваў сёньняшняе рашэньне гарвыканкаму:

(Сіўчык: ) "Усё традыцыйна. Улада ў нас антыбеларуская, чарговы раз яна гэта прадэманстравала. Акрамя таго, яны баяцца любых дзеяньняў на вуліцах Менску, таму што сёлета ў Беларусі будуць прэзыдэнцкія выбары.

Мне б вельмі хацелася, каб 25 сакавіка было ўсё годна й спакойна, бяз масавых затрыманьняў, мы паспрабуем ужыць усе мэтады, каб людзі, што прыйдуць на сьвяткаваньне а 14-й гадзіне на Юбілейную плошчу, былі абароненыя".

Намесьнік старшыні БНФ таксама нагадаў, што, пачынаючы з 1996 году, ніводная акцыя апазыцыі на сьвята 25 Сакавіка не была дазволеная ў Менску ў поўным фармаце.
XS
SM
MD
LG