Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ БЕЛАРУСІ ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ НЕЗАЛЕЖНУЮ ПРЭСУ


Мікола Іваноў, Прага

“Беларуская канстытуцыя гарантуе свабоду слова, свабоду атрымліваць, мець і распаўсюджваць інфармацыю, – гаворыцца ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, – аднак на практыцы рэжым абмяжоўвае гэтыя свабоды”.

У Беларусі даволі шмат незалежных выданьняў, асабліва гэта датычыць сталіцы. Але ў сваім змаганьні з апазыцыяй улады ўвесь час узмацняюць сваю кампанію перасьледу незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

У студзені 1998 году былі прынятыя дапаўненьні да дзяржаўнага Закону аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі. На іх падставе Дзяржаўны камітэт у справах друку атрымаў магчымасць на тры месяцы прыпыняць выданьне газэтаў і іншых пэрыядычных выданьняў, не патрабуючы дзеля гэтага пастановы суду.

“На працягу 1999-2000 гг. Аляксандар Лукашэнка выдаў цэлы шэраг прэзыдэнцкіх дэкрэтаў, – гаворыцца ў сапраздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту, – якія абмяжоўваюць свабоду незалежных сродкаў масавай інфармацыі. На іх падставе ўлады, напрыклад, не зарэгістравалі гарадзенскую незалежную газэту “Репортёр”, адмовілі ў рэгістрацыі аршанскай штодзённай газэце “Куцейна”.

Незалежная газэта “Наша ніва” была двойчы вясной 2000 году папярэджаная Дзяржаўным камітэтам у справах друку. Першы раз за распаўсюджваньне “варожасьці ў дачыненьне да расейскага народу”. Рэдакцыю абвінавацілі ў апублікаваньні ліста чытача “Я зайздрошчу Чачні”, у якім крытычна падаваліся злачынствы расейскага войска ў Чачні. Другі раз – за артыкул старшыні Вяхоўнага Савета Беларусі 13-га скліканьня Сямёна Шарэцкага пад назвай “Лукашэнка капіруе Гітлера”.

Сярод папярэджаных Дзяржаўным камітэтам у справах друку былі незалежныя менскія выданьні “Народная воля” і “Белорусская деловая газета”, магілёўская газэта “Дэ-факта”.

У верасьні ўлады забаранілі без паданьня прычынаў нацыянальны фэстываль незалежнай прэсы, які Беларуская Асацыяцыя Журналістаў плянавала правесьці ў Віцебску. На думку кіраўніцтва БАЖ, гэта частка кампаніі перасьледу незалежнай прэсы.

Таксама ў верасьні міліцыя зрабіла ператрус у офісе незалежнага выдаўніцтва “Мэджык”, а ягоны дырэктар Юры Будзько быў абвінавачаны ў прапагандзе палітыкі байкоту парлямэнцкіх выбараў. Падчас ператрусу быў канфіскаваны чарговы нумар незалежнай газэты “Рабочы”, а яе галоўны рэдактар Віктар Івашкевіч быў арыштаваны.

У рамках сваёй кампаніі перасьледу незалежных сродкаў масавай інфармацыі, гаворыцца ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, улады рэпрэсуюць незалежных журналістаў.

У справаздачы згадваюцца наступныя факты пераследу:

- затрыманьне 1 сакавіка трох журналістаў Радыё Свабода, агенцтваў Белапан і Ройтар;
- арышт 6 журналістаў незалежанага выданьня “Навінкі” 16 сакавіка;
- арышт і зьбіцьцё 35 замежных і беларускіх журналістаў пасьля дэманстрацыі з нагоды сьвяткаваньня гадавіны абвешчаньня Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка;
- звальненьне з працы вядучага папулярнай телепраграмы “Крок-2” Яраслава Беклямішчава за тое, што ў ягонай праграмае прыняў удзел апазыцыйны кінарэжысэр Юры Хвашчавацкі;
- допыт і спроба запалохваньня супрацоўнікамі КГБ карэспандэнта Радые Свабода Ягора Маёрчыка 28 красавіка;
- арышт і зьбіцьцё незалежных журналістаў Ігара Ірхо і Аляксандра Александровіча падчас дэманстрацыі 1 траўня;
- арышт групы журналістаў газэты “Репортёр”, якія прыйшлі на цэнтральную плошчу Горадні 2 траўня, каб выказаць свой пратэст супраць незарэгістраваньня ўладамі іх газэты;
- міліцыйны напад на рэдакцыю незалежнай асіповіцкай газэты “Панарама” 12 сьнежня. Арышт яе выдаўца Міколы Цімашова;

Сярод іншых прыкладаў абмежаваньня свабоды слова ў Беларусі ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту згадваецца спроба дзяржаўнага кантролю над Інтэрнэтам. Усе фірмы, якія ў Беларусі адказныя за падключэньне да Інтэрнэту, знаходзяцца пад дзяржаўным кантролем.

Дзяржаўная манаполія ў галіне Інтэрнэту прыводзіць да высокіх цэнаў за падключэньне да сеціва, да нізкай якасьці інтэрнэтаўскіх паслугаў і дазваляе кантраляваць E-mail-сувязь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG